Ясь пасміхаўся, адыходзіўся па дровы. Калі прыходзіў, Інсургента не было, некуды знік. Ясь нешта задумаўся... Агонь весела затрашчаў. Ясь прысеў, локцем абапёрся на кажух... і падскочыў, як ашпараны. Пад кажухом было нешта жывое!
- Інсургент! Зараза!
Воўк зашыўся пад кажух, у захаванае цяпло, і пазіраў з такім выглядам, быццам кажух належаў яму. Пагляд меў вясёлы, ужо задаволены.
Раніцай, на сядзібе, Інсургента паспрабуй раскатурхаць, каб скінуць з яго рэшткі сну. Быў у гэтым пытанні як які чалавек з ленаватых.
Часам Інсургент знікаў, а калі вяртаўся, прыносіў у пашчы ката. Мёртвага. Колькі ён тых катоў перадушыў! Відаць, на дух не мог пераносіць кацінага племені. Ну і, зразумела, з'яўляліся пакрыўджаныя гаспадары. Усчыналіся сваркі, папрокі, пагрозы. Каб Інсургент сядзеў дома, Ясь змайстраваў адмысловы нашыйнік, нешта накшталт набэдрыкаў, а замест вяроўчынкі-прывязі выкарыстаў ланцуг. Воўк моўчкі барукаўся з аброццю. Круціўся, ашчэрваўся, каб падчапіць лямцавыя паскі, браўся грызці жалезны ланцуг. Ніякага поспеху. Тады пачынаў выць, і так страшна, што Ясь прыбягаў у пуню, супакойваў свайго сябра, але ненадоўга. Тады закідваў бочку саломай, каб не было чуваць знадворку, у хаце.
Інсургент не вытрымаў катавання аброццю, несвабодай. Выдзер прабой, загачаны паміж клёпкамі, і знік. Знайшоў яго Ясь праз некалькі дзён на балоце. Ляжаў, небарака, на купіне акрываўлены, над ім роем віліся зялёныя мухі. Відаць, палез да некага ў куратнік і там яго і ўлавілі. Адвялі, што называецца, душу. Пэўна, трымалі за ланцуг і дубасілі, колькі ўлезе. Улезла да нясхочу.
Спачатку Інсургент не падпускаў да сябе, гірчэў. У вачах блішчэлі і злосць, і дакор. Маўляў, гэта ты зрабіў аброць, жалезную почапку, ты, чалавек, і вінаваты, што ўсё цела баліць, косці ці цэлыя. Мала-памалу перастаў гірчэць, даўся зняць аброць, пачаў есці. Праз некалькі дзён стаў уставаць, накульгваючы, хадзіць. Малады - год толькі. Балячкі зараслі, выправіўся, павесялеў. Даваўся і гладзіць, але глядзеў з недаверам, з дакорам.
- Дурындала ты мой, - чухаў між вушэй ваўка Ясь, - падавай табе волю - і ўсё тут. Як тым палякам. Іх б'юць, таўкуць, у Сібір валакуць, а ім - не-под-лег-лосьць! Чаго не хапае?
З таго здарэння хлопец не разлучаўся з Інсургентам. Куды б ні ішоў, браў з сабой і ваўка. Знайшліся ахвотнікі, наказалі-перадалі - убачаць, як дзе воўк стане бадзяцца без нагляду, - застрэляць.
4. «Мордуй ляхів!»
З блізкай Валыні дайшла страшная вестка - украінскія сяляне парэзалі косамі студэнтаў Кіеўскага ўніверсітэта. Апошнія выправіліся на фурманках падбухторваць сялян да ўдзелу ў паўстанні. Планы заявілі чыста напалеонаўскія: ударыць з Чорнага мора пры падтрымцы італьянскіх гарыбальдзійцаў-добраахвотнікаў і турэцкіх штыкоў і ісці на злучэнне з паўстанцкімі атрадамі, якія дзейнічаюць на Валыні. Але галоўнае - падбіць украінскіх хлопаў на татальны бунт супраць цара, урадоўцаў, маскалёў-жаўнераў у імя лозунга «зямлі і волі». Пад Белай Царквою «няўдзячныя» хлопы напалі на фурманкі з дзікімі крыкамі: «Мордуй ляхів!» Гістарычная крыўда ўкраінцаў на ляхаў з'явілася больш істотным чыннікам, чым зямля і воля.
Урбановічу прыпомніўся выпадак, як пару гадоў таму ў Кіеве на святкаванні ўніверсітэцкага юбілею купка расейскіх студэнтаў разам з украінцамі, самыя раздземакраты, усчынілі дзікую бойку з польскімі студыёзусамі, якія неасцярожна абразілі рэліквію - указ Кацярыны ІІ пра заснаванне Кіеўскага ўніверсітэта. На Ўкраіне зямля была порахам, палітым рэкамі польскай і ўкраінскай крыві. Прайшлі гады - порах падсох. Можа здарыцца і так, што натоўпы ўзбунтаваных украінскіх сялян абрынуцца сюды, на берагі Прыпяці. Куды тады ўцякаць ад іхных вілаў і косаў? У Пецярбург, Маскву, Варшаву?
Урбановіч падумаў, што, �эўна, найбольш спакойна ў Вільні. Там замест лагоднага Назімава генерал-губернатарам прызначылі Мураўёва. Гэты ў крыўду не дасць. Толькі як давесці начальству, што ты супраць усялякага бунтарства?
5. Стасік купляе новыя боты
Тыдзень ішоў за тыднем, вось і месяц прайшоў, пачаўся чэрвень, а атрад паўстанцаў як у ваду булькнуў. Ніхто ўжо не атрымліваў ні лістоў, ні прывітанняў. Не было ніякіх канкрэтных звестак ні ад Артура, які ўзначальваў атрад, ні ад Людовіка Бароўскага, якога прызначылі цывільным начальнікам атрада, і ён адказваў за сувязь з павятовым камісарам - Аксанай.
Толькі больш чым праз месяц дайшло ў Манкевіцкую эканомію на імя Аксаны Ўрбановіч данясенне. То быў просты, звычайны ліст, у якім Артур паведамляў, што паездка ідзе цудоўна, без асаблівых прыгод, дзеці - здаровыя, але надвор'е не спрыяе - ідуць дажджы з навальніцамі. Ліст адмыслова пісаўся такой мовай, каб на выпадак, калі яго перахопяць, нельга было скампраметаваць пані аканомаву.