Аксана і цешылася вестачкай, але і насцярожылася. Што ж здарылася, што Артур не палічыў лішнімі такія меры перасцярогі? Можа, атрад напароўся на вайсковую групу рэгулярнага расейскага войска і быў бой - навальніца? Можа, здарылася нешта іншае? Хто мог паведаміць, расказаць?
Пайшоў другі месяц пасля таго, як інсургенты з песнямі і штандарамі пакінулі мястэчка, і другі тыдзень, як атрымалі ліст ад Артура. І тут раптам Ганна, якая хадзіла аднаго дня на кірмаш, натыкнулася там на... Стасіка. Хадзіў па кірмашы ў нейкім паношаным сінім сурдуце, аперазаны простай вяроўкай. На яго ніхто з мяшчан не звяртаў увагі, а маладзён як ні ў чым не бывала купляў сабе новыя боты: стаяў каля давыд-гарадоцкага шаўца і адчайна гандляваўся, просячы ўступіць яму хоць бы дзесяць капеек. І гэта брат таго Буевіча, які выправіўся на бітву з захопнікамі краю!
Ганна падышла да Стасіка збоку, каб упэўніцца, што гэта менавіта той самы Буевічаў малодшы сын. Яна штурханула яго ў плячо і сказала «дабрыдзень». Стасік хмура павітаўся, разлічыўся, ужо не гандлюючыся, перавесіў пакупку цераз плячо і цішком падаўся прэч.
- Ты куды? - аклікнула яго Ганна.
- Дахаты... - прабурчэў юнак, не паварочваючы галавы.
- Дахаты? А як там? - спыталася Ганна, ідучы следам.
Стась ваўкавата зірнуў на яе, прабурчэў:
- А ніяк.
- Як ніяк? Што здарылася? Ты... Ты ўцёк?
Стася перасмыкнула, як выцялі дрынам.
Ён зайграў сківіцамі, азірнуўся, убачыў, што падазроных і непажаданых асобаў быццам няма, і сказаў:
- Якое табе дзела да мужчынскіх спраў?
- Якое маё дзела? - аж задыхнулася ад гневу Ганна.
Яна стрымала першы парыў гневу. Пастаяла, паглядзела, як Стась пайшоў сабе, таўчэцца каля гандляроў. Потым рашуча папраставала да юнака, пацягнула яго за новыя боты.
- Табе чаго? - прашыпеў Стась. Чырванашчокі, з далікатнымі юначымі вусікамі, з вялікімі, як у дзеўкі, вачамі, выглядаў на прыгажуна.
- Пакажы боты.
Зняў. Ганна зрабіла выгляд, што ўважліва разглядае Стасеў набытак. І раптам дзеўчына размахнулася і як урэзала маладзёну тымі ботамі ў спіну.
- Я пакажу, якое наша дзела! Вырадак! - закрычала яна. - Мы вас шанавалі, адзелі, зброю далі, выправілі ў дарогу, а ты... Ты збег, кінуў таварышаў ды па кірмашах расхаджваеш?! Прызнавайся, уцёк?!
Аперазаны тымі ботамі, Стась на момант разгубіўся, потым раз'юшыўся, ухапіў боты, ірвануў да сябе.
- Аддай!
- Баязлівец! Мамчын сынок! Кінуў таварышаў і прыбег цыцку ссаць! - крычала Ганна. І крычала наўмысна гучна і пранізліва, каб усе чулі.
Яе разлік спраўдзіўся - імгненна сабраўся натоўп. Акрамя разявак таўкліся тут і сур'ёзныя людзі. Разявакам радасць: шляхта б'ецца! Лепшай пацехі быць не можа! Ну а сур'ёзныя няхай уведаюць - хто ўцякач, баязлівец.
А тут яшчэ з натоўпу выйшаў... прыстаў Вусаціха. У сваім звыклым мундуры.
- Панове, што робіцца, што за беспарадак, гармідар? - аўтарытэтным голасам спытаўся ён.
І быццам нічога не было: хавання па закутках, туляння, мар пра будучыню, быццам не было патрыятычнага ўздыму, песень, агульнага рушання. Быццам як была, так і ёсць Расейская імперыя; як была, так і ёсць шляхта, якая пабілася на кірмашы, і гэты во Вусаціха прыйшоў разбірацца. І ад адных хабару возьме, і ў другіх лізне гарэлкі. Зрэшты, прыстаў! Ён жа паехаў разам з паўстанцамі ў якасці вайсковага інструктара. Што здарылася?!
Ганна выпусціла аслабелымі рукамі боты, падабрала сукенку і бегма паляцела ў эканомію.
6. Вінаватыя хаваюць вочы
Ганна расказала Аксане, што здарылася на кірмашы. Тая пайшла раіцца з мужам: чаму малы Буевіч не з'явіўся ў эканомію на даклад. І чаму прыстаў як ні ў чым не бывала выконвае свае службовыя абавязкі?
- Чаго табе турбавацца, любачка?! Ты што, не бачыш, што творыцца ў краі?
- Бачу, ведаю, - адказала Аксана. - Шляхта падпісвае вернападданніцкі адрас на імя гасудара. Але гэта яшчэ не азначае крах паўстання.
- Вось так. Усё ідзе да свайго лагічнага завяршэння. Пакрычалі, памахалі штандарамі і назад... у ярмо. Не так належала дзейнічаць, не так...
- Няўжо Стасіку цяжка прыйсці і расказаць праўду? Няўжо ён не разумее, што мы тут як на іголках сядзім? - абуралася Аксана. - Можа, яшчэ хто вярнуўся? Можа, яны ўсе паварочаліся, пакінулі камандзіра аднаго?
Пана аканома перакрывіла. Зноў узнікае Артур. Куды ні кінь - паўсюль Буевічаў вырадак. Гэта ўжо надакучвала.