Выбрать главу

- Няўжо так і было? - усклікнула Аксана.

- А як яно іначай магло быць? - уступіў у размову аканом. - Няўжо табе, сэрцайка, хочацца разні, крыві, трупаў? Нейкія нялюдскія, звярыныя інстынкты ў цябе, любачка, выбачай, абуджаюцца...

- А воля, а незалежнасць? Няўжо марам нашага народа аб вяртанні да цывілізаванага, эўрапейскага шляху развіцця не дадзена ажыццявіцца?

Пан Урбановіч і пан Бароўскі перазірнуліся.

- Урэшце, як павятовы камісар я маю права на справаздачу, - суха сказала Аксана.

Твар аканома перакрывіла.

- Забудзь, ясачка, ты гэтыя словы... - прашаптаў ён. - Паслухай, што раскажа васпан Бароўскі, ды выкінь усё гэта з галавы. І каб ніхто не ўспамінаў нават, што ў нас тут было нейкае камісарства.

Бароўскі ціха, нягучна, гледзячы на вокны, пачаў расказваць:

- Нашыя не паспелі далучыцца да баяздольнага атрада паўстанцаў. Расейцы зграмаздзілі нечуваныя сілы. Цэлы вайсковы корпус падышоў з боку Менска. Тысячы вайсковых падвод, артылерыя, уланы, драгуны, некалькі тысяч пяхоты. Страшна ўявіць гэткую процьму войскаў.

- Я вам не веру, - з апушчанымі вачыма прамовіла Аксана. - Я еду да Людовіка.

У голасе Аксаны было гэтулькі рашучасці, што аканом не стаў пярэчыць. Зрэшты, у тым, што жонка з'ездзіць да Людовіка, быў і свой разлік. Няхай пачуе на ўласныя вушы, што мары не заўсёды стыкуюцца з жыццём, з жорсткімі рэаліямі, з явай.

РАЗДЗЕЛ XVI. Акцыі і контракцыі

1. Міраж

Пані Бароўская спачатку зусім не хацела пускаць Аксану да сына нават на адну хвіліну.

- Не чапалі б вы яго. Начамі плача ў падушку, - тлумачыла сваю строгасць.

- Мілая васпані, - у сваю чаргу тлумачыла Аксана, - і я сама не свая... Дазвольце толькі прывітацца.

Старая пані не стала пярэчыць, вытурваць аканомаву жонку.

Людовік быў знуджаны, маўклівы, злосны. Ён ляжаў у сваім пакойчыку з жоўтым, нездароўчым тварам. На невысокіх вокнах віселі шчыльныя куртыны, быццам гаспадар пакоя баяўся сонечнага святла. Ён сумнымі вачамі зірнуў на Аксану і ледзь шапнуў слова прывітання. Аксана выйшла.

- Пракоп раскажа, - падказала Бароўская. - Ён быў з Людовікам, з Людовікам і вярнуўся. Прывёз ледзь жывога.

Пракоп хадзіў за Людовікам з маленства і, вядома, не без клопату старога Бароўскага паехаў з ім. Аксана не стала чакаць, калі дзядзьку паклічуць, знайшла яго ў клуні, у каморцы, дзе сядзеў на зэдліку з кавалкам дратвы за губой.

- О, пані Гурбановіч! - з робленай павагай прамовіў стары. - Маё шанаванне вашай ягамосці.

Ён падхапіўся і нізка пакланіўся. Хоць служыў у Бароўскіх, хата ягоная была недалёка ад мястэчка, ад тых хутароў, дзе жылі Вабішчэвічы. Заўсёды сябраваў з Аксанай, Ганнай, бо дочкі ягоныя раслі разам з шляхцянкамі, пераймалі добрае. Перастаў калегаваць з Аксанай пасля таго, як пайшла за аканома.

- Ну, расказвай, - выдыхнула Аксана.

- А што расказваць? - развёў рукамі Пракоп. - Як скваркі елі па лясох? Мы елі скваркі, а жамяра ела нас.

- Расказвай усё па парадку. З самага пачатку...

- Ну, як выехалі мы з мястэчка?

- Як выехалі, я і сама ведаю... Што было пасля?

- А нічога. Абышлі Пінск лясамі, бо ў Пінску, жыды перадалі, поўна расейцаў было. Лясамі падаліся на Слонім. Тады і сустрэліся з казачым раз'ездам, - пасур'ёзнела вымавіў Пракоп, - мы... кінуліся на іх, усе разам, без каманды. Думалі, казакі пачнуць уцякаць. Ну, так яно і выйшла напачатку. А яны нашых смелякоў, у каго коні лепшыя, адцягнулі ад асноўных сілаў ды як далі залп з кавалерыйскіх карабінаў...

- Колькі іх было?

- Казакаў? Ды чалавек дзесяць, не болей. Але вайсковыя людзі, спрактыкаваныя, на сапраўдных кавалерыйскіх конях...

- А вы... стралялі?

- Я ж кажу, павярнулі ды як далі залп!

- Маю на ўвазе: нашыя стралялі? - Аксана ад нецярплівасці аж прытупнула нагой.

- У Людовіка хвалёны ангельскі штуцэр заела, не стрэльнуў... А хто стрэльнуў з пістонаўкі, потым доўга шкадаваў, бо казакі на тых, хто страляў, наляцелі з шаблямі...

- Пасеклі? - з жахам спыталася Аксана.

- Пытаешся... - адказаў Пракоп.

Ён перасмыкнуў дратву з аднаго кутка рота ў другі. Гэта выглядала на тое, што ён цягне час, разважае: ці варта гаварыць пані аканомавай праўду. Аксана зразумела, што нешта тут не тое.

- Далей што?

- Далей? А што далей? - скрывіўся Пракоп, быццам у яго была рана ад тых шабельных удараў. - Як убачылі, што імчаць на нас... на іх... цэлая гурма вышкаленых казакаў, - пікі тырчаць, шаблі блішчаць, - дык сталі заварочваць сваіх коней... Я ж кажу, без каманды. Зрэшты, каманда мо і была, ды хто яе слухаў. А дарога вузкая. Заднія напіралі на пярэдніх... Выйшла сумятня...

- А колькі ж вас было? Я маю на ўвазе конных.

- Колькі? Шабляў дзесяць... Нашых дзесяць, ды з дзесятак вершнікаў да нас прысталі па дарозе...