Выбрать главу

- Мартэнсаны дрэнныя, - сказала Лота. - Тое, што мы пойдзем ад iх, будзе ўсiм добрым урокам. Мы павiнны паспяшацца, Бэмсi, пакуль мама не прыйшла дадому. Iнакш нiчога не атрымаецца.

Але будзе зусiм нецiкава, калi нiхто не прыкмецiць, што ты пайшоў. I Лоце захацелася, каб Мартэнсаны заўважылi яе знiкненне i каб iм стала дрэнна без яе. Яна ўзяла кавалак паперы, ручку i напiсала мацi запiску. Джонас навучыў яе, як трэба чытаць i пiсаць. Пiсаць было вельмi цяжка, але Лота старалася. Яна напiсала друкаванымi лiтарамi: "Я пайшла. Паглядзiце ў кошык для непатрэбнай паперы".

- Калi мама зазiрне ў кошык, яна зразумее, чаму мы пайшлi, - сказала яна Бэмсi.

Такiм чынам, Лота ўзяла Бэмсi i пайшла, апранутая ў тое ж самае, у чым была зранку: у майцы, штонiках, панчохах i чаравiках. Па дарозе яна зайшла ў кухню i выпiла свой гарачы шакалад. Яна ўзяла кавалачак хлеба з джэмам i з'ела яго, пакуль iшла да дзвярэй.

Куды ідзе Лота?

"Гэта вельмi добра пайсцi куды-небудзь. Асаблiва калi ведаеш, куды пайсцi", - думала Лота. Але наконт гэтага ў яе не было нiякай iдэi.

Нарэшце яна вырашыла, што можна папрасiцца пажыць у мiсiс Берг. Лота перакiнула Бэмсi цераз плот памiж садам Мартэнсанаў i мiсiс Берг i ўзабралася на яго сама. Скоцi, сабака мiсiс Берг, забрахаў, калi ўбачыў iх, але ён анiколькi не напалохаў Лоту. Яна ўпэўнена падышла да дома мiсiс Берг i пастукала ў дзверы.

- Прывiтанне, - сказала яна. - Магу я тут жыць?

- Прывiтанне, Лота, - адказала мiсiс Берг, - а я думала, што ты жывеш дома, з татам i мамай.

- Так, але ж я iх пакiнула. Мне не падабаецца ў Мартэнсанаў.

- Тады я разумею, чаму ты пайшла ад iх. Але цi не здаецца табе, што трэба апрануць на сябе што-небудзь яшчэ?

- Я не ем i не апранаюся ў Мартэнсанаў, - сказала Лота i пайшла ў кухню.

Часам мiсiс Берг вяжа свiтэры, шапкi, пальчаткi i прадае iх людзям, якiя не могуць вязаць. Яна дастала з камоды цёплы свiтэр, каб Лота яго апранула. Калi Лота гэта зрабiла, атрымалася, што ён занадта доўгi для яе i вiсеў, нiбыта сукенка.

- Ну як? - спытала мiсiс Берг у Лоты.

- Цудоўна, - адказала тая. - Ён не шкрабаецца i не колецца.

- Ну i добра, - сказала мiсiс Берг.

- Так, гэта сапраўды добра, - пацвердзiла Лота i пачала азiрацца. - А дзе вы збiраецеся паставiць мой ложак?

- А вось гэта праблема, - адказала жанчына. - Ведаеш, Лота, мне здаецца, што ты не зможаш тут жыць: у мяне няма месца яшчэ для аднаго ложка.

- Але ж я павiнна недзе жыць, мiсiс Берг.

- Ты будзеш жыць адна.

- Дык у мяне няма дома, - засмуцiлася Лота.

- Ты зможаш зняць пакойчык пад дахам, - прапанавала мiсiс Берг.

У самым далёкiм кутку сада мiсiс Берг стаяў хлеў, дзе ляжалi газонакасiлка, граблi, рыдлёўка, два мяхi з бульбай, дровы ды i патроху таго-сяго. На другiм паверсе, пад дахам, быў невялiчкi пакойчык, у якiм старая трымала мэблю i мноства iншых непатрэбных рэчаў.

Iншы раз Джонасу, Марыi i Лоце падабалася ўзбiрацца сюды, каб паглядзець на ўсе гэтыя таемныя рэчы. Але мiсiс Берг заўсёды крычала iм з акна, што туды хадзiць нельга. Зараз усё было iнакш. Мiсiс Берг на самай справе прапаноўвала Лоце зняць гэты пакой. Лота нават рассмяялася.

- Гэта самая цудоўная навiна, якую я пачула за апошнi час. Магу я пераехаць зараз жа?

- Па-першае, давай сходзiм i паглядзiм, як там усё выглядае, - сказала мiсiс Берг.

Лота i мiсiс Берг паднялiся на дах разам. Жанчына нават пакрывiлася, калi агледзела пакойчык.

- Ты не здолееш жыць тут, Лота.

- Я здолею, - адказала Лота. - Гэта ж цудоўна! Тут так хораша i цёпла!

- Нават занадта хораша i цёпла, - сказала мiсiс Берг i адчынiла маленькае акенца, каб праветрыць пакой.

Лота падбегла да акна i радасна крыкнула:

- Паглядзiце! Я магу адсюль бачыць дом Мартэнсанаў.

- Так, i iх прыгожы дом i сад, - сказала мiсiс Берг.

Лота паказала язык дому Мартэнсанаў i рассмяялася, радасна кранаючы фiранкi ў белую i чырвоную клетку.

- Я нiколi не буду там жыць. Я збiраюся жыць усё сваё жыццё тут. I ў мяне ўжо ёсць фiранкi. А зараз мне патрэбна мэбля.

- Ты зробiш усё сама цi табе дапамагчы? - спытала мiсiс Берг.

- Вы можаце мне дапамагчы. Але вырашаць усё буду я сама.

- Ну, вырашай тады, якую мэблю ты хочаш?

Лота ўсмiхнулася. Усё складвалася нават больш цiкава, чым яна ўяўляла сабе. Ёй трэба было пайсцi з хаты яшчэ раней!

- Мне хацелася б вось гэта, - сказала Лота, паказваючы на маленькую камоду.

- Калi ласка, - адказала мiсiс Берг.

- Мне спатрэбяцца крэслы. У вас ёсць якiя-небудзь крэслы?

- Ёсць, але ж яны зламаныя, - адказала мiсiс Берг.

- Гэта не мае значэння. Што ж яшчэ?.. А як наконт ложка? Тут ёсць ложак?

- Так. Тут ёсць маленькi ложак i нават ложак для лялькi. Мая дачка спала ў iм, калi была маленькая.