Выбрать главу

- У лялечным ложку? - здзiвiлася Лота.

- Ну, вядома ж, у дзiцячым ложку, - адказала мiсiс Берг.

- Тады зараз там буду спаць я. А Бэмсi зможа спаць у лялечным ложку. Яму там не будзе цесна. А цi ёсць якая-небудзь бялiзна?

- Ёсць матрац, некалькi падушак i, можа, нават коўдра, але ж няма прасцiн, - сказала мiсiс Берг.

- Я абыдуся без прасцiн, - адказала Лота. - Дык вы дапаможаце мне з мэбляй, мiсiс Берг?

Мiсiс Берг дапамагла Лоце расставiць мэблю ў пакойчыку. Яны паставiлi стол i крэслы побач з акном, буфет стаў каля адной сцяны, а ложак - каля другой. Ложак лялькi добра глядзеўся побач з вялiкiм ложкам, i Лота паклала Бэмсi на маленькую падушку.

- Усё як у сапраўдным пакоi! - усклiкнула Лота.

Мiсiс Берг знайшла стары дыванок i паклала яго на падлогу. З дыванком пакой яшчэ больш стаў падобны на сапраўдны. Потым мiсiс Берг паставiла на камоду круглае запэцканае мухамi люстэрка. Над ложкам Лоты яна павесiла карцiну з Чырвонай Шапачкай i ваўком. Лоце гэта спадабалася.

- О, гэта добра! Я павiнна мець карцiну, iнакш гэта не сапраўдная хата. А гэта карцiна прыгожая, мiсiс Берг.

Звычайна Лота гаварыла, што, калi яна стане дарослай, у яе будуць мазалi на нагах, як у мiсiс Берг, i гаспадарка, як у мамы. Зараз яна агледзелася ў сваiм маленькiм пакойчыку i засталася вельмi задаволенай.

- У мяне ўжо ёсць свая гаспадарка, - уздыхнула Лота.

- Але ж ты не вельмi спяшайся нацерцi мазалi, - усмiхнулася мiсiс Берг.

- Добра, iм прыйдзецца трохi пачакаць, - згадзiлася Лота i чхнула тры разы.

- Тут многа пылу, таму ты чхаеш, - сказала мiсiс Берг.

- А я вытру пыл. Тут ёсць ануча? - спытала Лота.

- Зазiрнi ў камоду, - падказала мiсiс Берг.

Лота высунула верхнюю шуфляду.

- Ой, дык гэта ж сапраўдны ляльчын посуд!

Мiсiс Берг таксама зазiрнула ў шуфляду.

- Я зусiм забылася пра ляльчын посуд.

- Мне пашанцавала, што я знайшла яго! - сказала Лота i пачала расстаўляць усё на стале: кубачкi, сподачкi, паднос, кафейнiк, цукарнiцу, збаночак для вяршкоў. Посуд быў белы з маленькiмi блакiтнымi кветачкамi. Лота ажно падскоквала ад радасцi.

- Калi б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна б з'ехала з глузду, - смяялася Лота.

- Я сумняваюся, - сказала мiсiс Берг. У яе вачах свяцiлiся хiтрынкi. Паглядзi, Лота, можа, у другой шуфлядзе ёсць ануча?

Лота выцягнула другую шуфляду i знайшла вялiкую ляльку з блакiтнымi вачамi i чорнымi валасамi.

- Ой! - ускрыквала Лота. - Ой!

- Ну, добра, добра, гэта - Вiола Лу, - сказала мiсiс Берг.

- Гэта яе iмя? - спытала Лота. - Яна прыгожая! Зараз Бэмсi не можа легчы на ляльчын ложак, таму што там збiраецца спаць Вiола Лу... Можна мне ўзяць яе, мiсiс Берг?

- Так, калi ты будзеш даглядаць за ёй, - адказала мiсiс Берг. - Вядома, яна будзе спаць у сваiм ложку, а Бэмсi прыйдзецца пакiнуць яго.

Лота кiўнула:

- Так. Акрамя таго, мне здаецца, яму больш спадабаецца спаць са мной.

- А зараз высунь апошнюю шуфляду, - сказала мiсiс Берг. - Можа, ты знойдзеш там якую-небудзь вопратку для лялькi. Я памятаю, што калiсьцi шмат шыла для яе.

Калi Лота высунула апошнюю шуфляду, яна ўбачыла мноства свiтэраў, сукенак, палiто, шапачак, бялiзны, начных сарочак; i ўсё гэта было для Вiолы Лу.

- Калi б Марыя ўбачыла ўсё гэта, яна, канешне, з'ехала б з глузду, сказала зноў Лота. Яна павыцягвала ўсю вопратку з шуфлядкi, потым села на падлогу i пачала прымяраць усё на Вiолу Лу.

Мiсiс Берг знайшла стары ручнiк i дала яго Лоце, каб выцерла пыл. Але Лота адмоўна пакруцiла галавой.

- Я магу выцерцi пыл пазней, мiсiс Берг. Зараз я павiнна вырашыць, якая сукенка будзе лепшай для нядзелi.

Як цяжка было выбраць такую сукенку! Iх было так шмат! Былi чырвоныя, жоўтыя, блакiтныя, белыя, у клетку, у кропкi, нават з кветачкамi.

- Белая сукенка з вышыўкай будзе найлепшая, - вырашыла нарэшце Лота. - Яе можна будзе апрануць толькi ў нядзелю.

- Ты маеш рацыю, - сказала мiсiс Берг. - Яе не трэба апранаць кожны дзень.

Калi ўсё было даведзена да ладу, мiсiс Берг пагладзiла Лоту па шчацэ i сказала:

- Тут мы ўжо ўсё скончылi, i я лепш пайду дадому.

Лота кiўнула:

- Добра, але ж вы павiнны наведваць мяне. Калi вы ўбачыце Мартэнсанаў, скажыце iм, што я жыву ў сваiм уласным доме i нiколi не вярнуся да iх.

- Добра, я так i скажу, - адказала мiсiс Берг.

Калi жанчына была ўжо на сярэдзiне лесвiцы, Лота закрычала:

- Мiсiс Берг, а як наконт ежы? Вы дасцё мне што-небудзь?

- Так, але ж табе прыйдзецца прыходзiць самой, - сказала мiсiс Берг. - Мне неяк не вельмi хочацца бегаць унiз i ўверх па лесвiцы.

Якраз у гэты момант Лота паглядзела ўверх i ўбачыла кошык, якi звiсаў з крука на столi.

- Мiсiс Берг, у мяне цудоўная iдэя!..