— Прадаю!
— Колькі? — спытаў Шахоцька.
— Пятнаццаць!
— Чырвонец даю!
— Ну і таракан! — фыркнуў Студэнт. — І ён з майго пакалення?
— Забірай, — сказаў Акцёр. — Няхай звер жыве свабодны. За тое, што сына майго не крануў.
Ён кінуў у капялюш чырвонец.
Валерый Шахоцька паклаў гадзіннік у кішэню. Ён увогуле меў звычку прыбіраць да рук усё, што давала прыбытак. У яго сапраўды было своеасаблівае хобі, занятак, які прыносіў яму добрыя грошы. Ён лавіў беспрытульных сабак, забіваў іх, а з меху вырабляў кучумкі, унты, нават дублёнкі тыпу «аляска». Сабачы мех толькі дурням здаецца нічога не варты. У яго ж усё прыносіла грошы: сабакі, кошкі, тхары, краты, іншы раз і лясны звер. Але паляўнічым Шахоцька не быў. Дый навошта яму клопаты з ружжом, порахам, ліцэнзіямі? Цікуюць за паляўнічымі ўсе, нават піянеры, а за зверам трэба добра пабегаць. Час трэба. А час — гэта грошы. Куды зручней і мэтазгодней магутны матацыкл, добры мех, а ў кішэні дзесяцізарадны малакаліберны пісталет Марголіна з бязгучнай насадкай на ствале. Усё гэта ў яго было напагатове.
Сабакі з шэрай, карычневай ці рыжай поўсцю асабліва вабілі яго. Шкуру яму вырабляў сусед — стары інвалід, а вырабы з іх шыла жонка-краўчыха. Кожная шапка прыносіла яму не менш як сто рублёў, унты яшчэ больш, бо іх упадабалі жанчыны, а дублёнкі яны хапалі за любыя грошы. Жанчына ж нічога не пашкадуе, каб выглядаць лепш за сябровак. А што мех сабачы, хіба яна ведае? Кажы янотападобны сабака ці ўвогуле амерыканскі янот, і табе абавязкова павераць, бо хочуць верыць.
У кааператыў Шахоцька афармляцца не хацеў, баяўся падаткаў, таму «з понтам», як ён любіў гаварыць, уладкаваўся нарыхтоўшчыкам у прыгараднае сельпо. Ён меў не толькі матацыкл, а і дзевятую мадэль «Жыгулёў», кааператыўную кватэру і глядзеў далей. Яму яго хопіць. Убачыўшы ваўка, ён хутка сцяміў, што за ваўчыную шапку можна атрымаць не менш як дзве паперы — дзвесце рублёў.
Між тым у капялюш, які трымаў Акцёр, кінулі рубель, потым нехта яшчэ адзін. Акцёр патрос капялюш і пачаў лічыць.
— Сорак дзевяць рублёў, — сказаў ён і звярнуўся да Карнюшкі:
— Можа, досыць табе?
— Не. Шэсцьдзесят. Меней не аддам.
— Прагнасць цябе загубіць, — заўважыў Студэнт.
— Паменшацца статкі твае, і занядбае хата твая, — буркнуў Акцёр.
Мешчанін узняў руку, і вочкі яго бліснулі за шкельцамі акуляраў.
— Пачакайце, у мяне ідэя!
— Ну? — спытаў Філосаф паважліва.
— Я ж побач жыву. Зараз прынясу грошы. Вось і справа вырашыцца.
— Чуеш? — ціхенька сказаў Студэнт на вуха Карнюшку.
Той адсунуўся ад яго ўбок.
— Мне спяшацца няма куды.
— Бласлаўляю цябе! — узнёсла сказаў Акцёр Мешчаніну і жартоўна перахрысціў. — Ідзі, сын мой!
Радасны Мешчанін растварыўся ў натоўпе.
— А як сініца? — спытаў Акцёр у Філосафа. — Бадай, цяпер не купіш, — паспачуваў ён.
Той усміхнуўся.
— Каб тыя грошы! Скупіць усіх птушак ды на волю выпусціць! А дачцы пра ваўка раскажу — яна не пакрыўдзіцца. Кажуць, што дзеці жорсткія, але, мяркую, яны ўсё ж лепей за нас.
На кароткі час з-за хмары выслізнула сонца. Акцёр прыжмурыў вочы, Філосаф выпрастаў з-за каўняра няголеныя, з ранняй сівізной шчокі, Студэнт знерухомеў і задумаўся. Карнюшка зняў сваю «васьміклінку», і нават Луп уздрыгнуў, паварушыў вушамі — адчуў цяпло.
— Ідзе! — раптам сказаў Студэнт. — Я бачу.
Здалёк Мешчанін узняў руку. У яго кулаку былі заціснутыя грошы.
— Дзесяць. Больш няма, — сарамліва паведаміў ён.
Акцёр падставіў капялюш.
— Пяцьдзесят дзевяць.
— Чорт з вамі, — махнуў рукой Карнюшка. — Забірайце і рабіце з ім што хочаце. Давайце грошы!
Акцёр раптам задумаўся.
— Як забіраць? — спытаў ён. — А калі ён мяне пакусае? Куды, у які лес яго весці? Я ж не ведаю.
— Сапраўды, як нам яго прыдбаць, калі ён толькі свайго гаспадара прызнае? — разгубіўся і Філосаф.
— Няхай наморднік надзене, — параіў Студэнт.
— Адкуль той наморднік? — сказаў Карнюшка. — І ланцуг мне самому патрэбны! Давайце свой ці вяроўчыну якую.
— Чорт! — зазлаваў Акцёр. — Вось яшчэ не хапае клопату! Дзе мне ўзяць тут ланцуг і наморднік?
Усе пераглянуліся і паціснулі плячыма. Студэнт зашаптаў Карнюшку на вуха. Той зноў адхіснуўся.
Шахоцька, які ставіўся да Акцёра і асабліва да Студэнта варожа, тым не менш запабягаў і ліслівіў перад імі. Ён параіў Карнюшку:
— А ты прадай ім разам з аброжкам і ланцугом. Яны купяць.
— А за што? — спытаў Студэнт. — Купіла дзе? Купіў бы сяло, ды грошай гало. Узняць цябе дагары нагамі ды патрэсці як след, дык і грошы былі б.