Выбрать главу

Шахоцька не пакрыўдзіўся і не спужаўся.

— Грошы, як і вошы, — сказаў ён, — абы ў каго не заводзяцца.

Мешчанін усміхнуўся засмучана.

— У мяне сапраўды больш няма, — сказаў ён. — Хіба пазычыць у каго да пенсіі.

— Пяцёрку дабаўце, — не ўступаў Карнюшка.

— Пачакай, — прыгразіў яму Студэнт, — буду ў вашых месцах — я табе зраблю адведкі!

— Не падабаецца — ідзі. Я цябе не трымаю.

— Скнара! Тхор!

Філосаф, які задумліва смактаў чарговую цыгарэту, раптам узняў руку.

— Дарэчы, ёсць адна думка.

— Ну, гавары.

— Ён жа дамоў праз лес паедзе, — паказаў на Карнюшку Філосаф. — Няхай выпусціць жывёлу па дарозе. А нам слова дасць, што не падманіць, не схлусіць.

— Саламон! — крыкнуў Студэнт. — А я і не здагадаўся б ніколі!

Шахоцька скептычна ўсміхнуўся танкагубым шырокім ротам.

— А калі ён яго зноў дадому звязе?

— Не падумаў, — сказаў Філосаф і звярнуўся да Карнюшкі. — Што скажаш, чалавеча?

Карнюшка засоп.

— Мастаку б ваўка аддаць, ён жа ў запаведнік якраз кіраваў, — параіў Мешчанін, — няхай бы выпусціў у нерушы.

— Дзе ўжо той Мастак!

Акцёр пачухаў патыліцу.

— Вось грошы. Выпусціш яго ў лесе?

Карнюшка згодна кіўнуў галавой.

— Надакучыла ваша плявузгота, — сказаў ён. — Даю слова. Адпушчу. Вось толькі Рыгор мяне забярэ і вывезе адсюль.

— Які Рыгор? — спытаў Студэнт падазрона.

— Зямляк мой. Шафёр.

— Ну і добра, — сказаў Акцёр. — Чуеш, Ігар? Яго адпускаюць на волю!

— Ну, я пайшоў, — раптам сказаў Студэнт. — Бывайце!

Ён сарамяжліва ўсміхнуўся і паціснуў усім рукі. Следам за ім пачалі развітвацца і астатнія. Натоўп зноў парадзеў.

Рынак бачна пераступіў ужо свой пік, і людзі, якія з раніцы завіхаліся тут, нагледзелі, пэўна, тое, што ім было патрэбна, альбо разышліся да чарговага разу. Вецер адчувальна пачынаў працінаць плечы, халадзіў да чырвані твар. Карнюшка павярнуўся да яго спінай і ўтуліў галаву. Ён бачыў, як абыякава, амаль нерухома, толькі зрэдку пазвягваючы ланцугом, стаяў Луп, як поўсць на яго худой спіне калі-нікалі ўздымалася ад ветру, і ўпершыню нешта падобнае на слабае спачуванне варухнулася ў яго душы, але хутка знікла. Бо спачуваюць слабым, а Луп ніколі не быў такім.

15 гадзін

Сямён Карнюшка дастаў з торбачкі загорнутыя ў газету сала, хлеб і пачаў есці. Луп бачыў, як рухаліся ягоныя сківіцы, адчуў пах ежы, але нават не падаў выгляду, што хоча есці, што галодны. Ён не мог ведаць, чаму Гаспадар прывёў яго сюды, але адчуваў, што гэта прынясе яму неспадзяванасці, вось толькі якія? Зноў раздражненне пакрысе авалодала ім. Луп паспрабаваў, ці трымае яго ланцуг, таргануўся наперад, у бакі, але той трымаў моцна. Гаспадар, які стаяў побач, ад штуршка знянацку выпусціў з рук кавалак хлеба, але падбіраць не стаў, а нагой падсунуў да яго носа, кінуў яшчэ і скурку ад сала. Але Луп пагардліва адвярнуўся.

Карнюшка, між тым, думаў, як яму лічыць дзень, праведзены на птушыным рынку: удалым ці не? Непрададзены Луп прынёс яму амаль шэсцьдзесят рублёў, часу яшчэ хапала, каб да цемнаты вярнуцца дамоў, а калі Рыгор пад’едзе, як і абяцаў, а шаснаццатай гадзіне, то можна будзе забегчы ў краму і купіць тое-сёе. Значыць, меркаваў ён, усё не так ужо і дрэнна. Дзе які дурань згубіць, там ён, Карнюшка, знойдзе. А тое, што нагаварылі яму ўсякія дзівакі тут, на рынку, дык гэта ўсё лухта. Калі б ён жыў па-іхняму, дык даўно з торбай у свет пайшоў. Яны людзі вучоныя, у жыцці ўладкаваныя, а яму ў рот ніхто не пакладзе.

Ён праглынуў апошні кавалак, запіў малаком з бутэлькі, пералічыў і паклаў у пулярэс грошы і адчуў сябе зусім няблага. Карнюшка зноў агледзеў Лупа, парадзелы натоўп і зразумеў, што наўрад ці хто і купіў бы ў яго ваўка, што ўвогуле яго задума на мяжы глупства і, бадай, прыйдзецца вяртацца з ім назад, а ў лесе выпусціць на волю. Вось толькі выпусціць ці не? — упершыню з’явілася акрэсленая думка. А калі адвезці дамоў, ды ўсё-такі здаць у райзаг, яшчэ сто рублёў атрымаць? Прыстрэліць, вядома, спачатку, бо не павядзеш жа на ланцугу. Засмяюць потым. А што слова даў, дык гэта ж смеху варта: што ён, піянер? І што такое ўвогуле слова? Гук — не больш.

Малады хлопец, якога тут назвалі Шахоцькам, зноў падышоў да яго.

— А ты, дзядзька, зух. Хочаш яшчэ зарабіць?

Карнюшка недаверліва засоп.

— Як?

— Вось табе прэзент, — Шахоцька выцягнуў з кішэні і пакруціў Акцёравым гадзіннікам у яго пад носам. — Мне воўк, табе гадзіннік. Згода?

Луп адразу захваляваўся. Поўсць на спіне ўзнялася, вочы бліснулі. Ён моўчкі скокнуў, але ланцуг паваліў яго назад, на спіну, але ён зноў кінуўся, і зноў ланцуг спыніў яго.