Выбрать главу

Чаму ж істоты, якіх ён сустракаў, хадзілі без ланцугоў, нават куры і надзьмутыя індыкі, якімі ўсе пагарджалі? Ён не раз з нянавісцю сачыў за імі праз агароджу і ўяўляў, што зрабіў бы з імі, каб не ланцуг, бо праз агароджу ён бы з лёгкасцю пераскочыў. Як завішчэла б дурніца свіння і кінуўся наўцёкі нахабны падсвінак, які з самаўпэўненым рохканнем капаў лычом ў зямлі, як разляцеліся б у смяротным страху пустагаловыя куры і індыкі. Але яны не звярталі на яго ніякай увагі, нават іншы раз спароўваліся ў яго на вачах.

Цяпер, на рынку, ён зноў ненавідзеў усіх: занадта цікаўны натоўп, сабак, што захлыналіся ад брэху, нават Гаспадара з яго вострым, хітраватым тварам. А Гаспадар быў усё-такі істотай вышэйшага парадку. Калі б Луп быў таксама такой жа істотай і мог растлумачыць свае пачуцці з пазіцыі розуму, ён бы вызначыў тое, што часам адчуваў да Гаспадара, — як нейкі рэлігійны экстаз. Але, тым не менш, іншы раз ён грэбаваў і пагарджаў ім.

Сабакі асабліва назалялі яму. І калі на яго аднекуль з віскам выскачыла махнатая курацапая балонка (яна, пэўна, была смялейшая, але ж і дурнейшкая за ўсіх), ён нават не варухнуўся, толькі выскаліў вільготныя іклы і матнуў цяжкай галавой, і сабачка істэрычна завішчаў і кінуўся прэч пад нечыя ратавальныя ногі.

— Дурную сучачку і ваўком не спалохаеш! — пракаменціраваў Карнюшка.

Навокал засмяяліся.

Што ж, у гэтым варожым свеце Луп і не чакаў іншага. Вось толькі чаму Гаспадар прывёз яго сюды на пачварнай грукотнай машыне? Мо тут з яго ўрэшце здымуць ланцуг, які, дарэчы, перашкодзіў яму ўцячы раніцай на дарозе?

Яны выехалі, калі яшчэ было цёмна. Неўзабаве дарога пацягнулася праз лес і машына запаволіла ход. З хваляваннем ён лавіў незнаёмыя пахі. З маленства пазбаўлены волі, ён усё-такі захаваў памяць аб сваім доме, памяць пакаленняў, якія існавалі да яго. Ён нервова замітусіўся і хваляваўся ўсё больш, пакуль, урэшце, рашучасць перамагла, і тады скочыў праз борт, адчуў штуршок — ланцуг затрымаў яго і пачаў душыць, і ён біўся аб борт і хрыпеў. Гаспадар з Рыгорам адчулі благое, і машына спынілася. Першы выскачыў Рыгор, а за ім — Гаспадар. Рыгор збегаў па рукавіцы, і яго запіхнулі назад у кузаў, падкарацілі ланцуг, і тады ён ужо не глядзеў больш па баках — ні на бледны месяц, які паступова знікаў, раствараўся ў асмужаным небе, ні на маўклівы лес, а лёг на бок, адкінуў, нібы мёртвы, галаву і заплюшчыў вочы.

…Сямён Карнюшка зноў быў у цэнтры ўвагі. Гаспадары і пакупнікі, малыя і старыя, розныя людзі абступілі яго і Лупа шчыльным кальцом, але блізка ніхто не падыходзіў.

Да Карнюшкі праціснуўся няголены малады мужчына, у якога з-пад кажуха выторквалася кволая галоўка шчанюка пароды мексіканскі тэр’ер. Пачуўшы звера, шчанюк тоненька вішчэў і імкнуўся выслабаніцца.

— Сапраўды воўк?

— Не, Чырвоная Шапачка, — з’едліва адказаў Карнюшка.

У натоўпе засмяяліся, загаманілі. Пытанні пасыпаліся з усіх бакоў.

— Прадаеш, ці як?

— Прадаю.

— А колькі хочаш?

— Восемдзесят.

Карнюшка яшчэ дома вырашыў прасіць восемдзесят рублёў, бо сто — гэта прэмія за дарослага ваўка. А калі дадуць семдзесят ці шэсцьдзесят, нават пяцьдзесят — таксама добра. А вось меней — не, не прадаваць.

— А што ён можа?

— Тое, што і сабака. Ахоўваць двор, не пускаць чужых у дом.

— А брэша ці не?

— Не, не брэша, — неахвотна прызнаўся Карнюшка.

— Ваўкі выюць, — растлумачыў нехта.

Карнюшка адразу ўспомніў, што ў яго апошні час былі непрыемнасці з суседзямі. Луп меў звычку выць перад захадам сонца, апоўначы і раніцай. Гаварыць пра ўсё гэта тут, на рынку, было не варта, і Карнюшка схлусіў:

— Выюць тыя, хто ў лесе. Мой — не.

— І хвастом не віляе?

— Віляе, калі ў гуморы, калі корміш.

З натоўпу ўпікнулі:

— Не вельмі ты яго корміш. Вунь які нягеглы!

— Купляй і кармі ад пуза, — адпарыраваў Карнюшка.