З'яўленне надзвычайнага суддзі на подыуме сейм сустрэў зацятым маўчаннем. Пасля першых слоў дэкларацыі з прысудам маўчанне зрабілася наструнена-пагрозлівым. І раптам зала выбухнула галасам.
- Такім чынам памянёны Лышчынскі з'яўляецца ворагам Бога і прыроды! - намогся перакрыць паслоў Паплаўскі, але зычны біскупаў голас знік у абураным крыку, як зацягнутая ў вір трэска.
Умомант вока паважны сейм ператварыўся ў местачковы кірмаш. Першыя паўскаквалі з месцаў пасля Вялікага Княства. Нейкі кажанаваты, чырванашчокі і віславусы шляхціц у зялёным каптане ўзлез на лаву і фальцэтам выгукнуў:
- З якіх часоў сутаннікі шляхту судзяць? Патрабуем новага разбору!
- Новага разбору! - нібы сурмы на ловах, зараўлі дзесяткі два загартаваных у сеймавых баталіях глотак.
Свецкія паслы Кароны ўхвальна гулі. Паднялася ўся пасольская палата. Сябры сената ўстурбавана перагаворваліся. Спакойнымі сярод гэтай буры выдавалі двое - чалавек на лаве падсудных і папскі нунцый. Праўда, смуглявы твар Кантэльмі ледзь улоўна пабялеў: нават ён не прадбачыў такой аднадушнасці. Цёмны румянец вярнуўся на яго шчокі, калі на подыуме вырасла велічная постаць інстыгатара Куровіча. Па зале нібыта пакаціліся нябачныя хвалі, і кожная прымушала аціхнуць яшчэ некалькі тузінаў ратоў.
- Плач, залівайся слязьмі, мая няшчасная Айчына! - Куровіч узняў рукі ўгору. - Куколь, кінуты на нявінную зямлю д'яблам, даў багатыя ўсходы! Плач, мая Айчына, ты нарадзіла пачварнага вылюдка і таму вартая гэтых слёз!
Інстыгатар узвысіў голас, але нязвычны пачатак прамовы і без таго ўсталяваў у зале і, здавалася, ва ўсім палацы звінючую вусціш. Недзе ў далёкім пакоі біў гадзіннік, і ў яго прыцішаных ударах чулася нешта жудліва-няўмольнае.
- Сваім ілжывым пяром, - цяжка, як камяні, падалі ў цішыню словы інстыгатара, - ён спісаў цэлыя тамы, у якіх даводзіў, што няма Бога ні на небе, ні на зямлі. Як і ўласціва найміту д'ябла, ён пісаў іх пакрыёма, тоячыся ад людзей у начным мораку. Але ён забыў, якія ахвярныя слугі ёсць у нашага Збавіцеля. Рупнасцю аднаго з іх следства мае пятнаццаць сшыткаў трактата пад назваю, якую адмаўляецца вымавіць язык хрысціяніна. Гэтая кніга, дзе сабраныя злачынныя выказванні розных аўтараў і заморскіх філосафаў, называецца... - Куровіч умела вытрымаў паўзу. - Яна называецца «Аб неіснаванні Бога».
Па зале праляцеў шолах. Нунцый знайшоў віславусага шляхціца ў зялёным каптане. Той сядзеў, унурыўшы голаў у плечы. Кантэльмі малітоўна склаў рукі на каленях і ўзняў вочы да плафона.
- Апроч трактата, які можна параўнаць толькі з вялізным кублом аспідаў, мы маем вось гэтую, узятую з бібліятэкі бязбожніка, кнігу. - Інстыгатар з грымасаю гідлівасці паказаў на том, які ляжаў на стальцы поруч з ім. - На палях кнігі рукою Лышчынскага накрэслены словы, што з абурэннем адрынае кожнае богабаязнае сэрца. - Куровіч так, быццам страшыўся апячыся, узяў кнігу і, трымаючы яе ў адстаўленай руцэ, прачытаў: «Значыць, Бога няма...»
А ён актор, падумаў нунцый і пашкадаваў, што ў лісце ў Рым нельга будзе перадаць усіх адценняў прамовы. Ён перавёў позірк на падсуднага і прыкмеціў, што твар у Лышчынскага з адлучанага стаў засяроджаным. Цяпер ён адбіваў напружаную работу думкі, і ад гэтага адкрыцця павеяла лёгкаю трывогай.
- Хіба можам мы, - грымеў далей Куровіч, - назваць хрысціянінам і грамадзянінам чалавека, што лічыць Святое Пісанне зборам казак і паданняў, а шаноўных багасловаў называе рамеснікамі пустазвонства, паўзучымі змеямі і слепакамі, якія ашукваюць, гаворачы, што бачаць у цемры?..
Сёй-той са шляхціцаў, асабліва паміж беларусінаў і жмудзінаў, хаваючы ў рукаў усмешку, штурхаў пад бок суседа. Лавы з духоўнымі пасламі незадаволена загудзелі: ці не занадта далёка сягае красамоўства пана інстыгатара? А мой мядзведзь не такі просты, больш з ухвалаю, чым з раздражненнем зазначыў Кантэльмі. Але яго ўсё мацней займаў падсудны, які ўважліва слухаў прамоўцу і разам з тым вачыма як быццам шукаў кагосьці ў зале. Нунцый дорага даў бы, каб даведацца, аб чым думае зараз гэты чалавек. Адкуль такі спакой? Пакора лёсу? А мо ён падрыхтаваўся бараніць сваё жыццё, бо не можа не разумець, што тут пахне самай жорсткаю карай? Ён, Кантэльмі, гатовы прысягнуць, што бязбожнік нешта наважыў.