Узялі мы па булцы, адкусілі і жуём. А булкі і праўда смачныя - і салодкія, і цёплыя. Ямо, і тут нехта са святлейшага кута гукае:
- Хлопцы, а хлопцы, а разынкі княжыя з вусамі! Прыгледзеўся я, і праўда, заместа разынак, прусакі ў булцы. Шалее, мусіць, князь Геранім, што не выходзіць па-ягонаму.
Так наша апошняя ноч і надышла. Доўга мае пабрацімцы не засыналі, кожны з боку на бок круціўся і пра сваё думаў. Звечара яшчэ Сымон Варона ніяк угамавацца не мог, пакуль не закрычалі на яго: «Абрыдзеў ты, Сымон, з гэтымі показкамі! Ты на свеце адзін душою свой век звекаваў, табе ні чорта здумаць, а нам жонак з дзеткамі ўзгадаць трэба ды перад смерцю за іх памаліцца».
Мне таксама Домна мая нябожчыца ўспомнілася ды Кацярынка, Гдалевымі людзьмі замучаная, і падумалася, што калі праўду ў царкве пра той свет кажуць, дык, можа, заўтра я з імі і пабачуся. Як той казаў, няма ліха без дабра. А потым - ажно слёзы накруціліся - пра сына, пра Тамаша, падумаў, які пасля таго страху ў лесе ўжо пяць гадоў адно мычыць, а слова вымавіць не можа. Як ён нямком жыць будзе?
І зноў думкі да Сымона Вароны і да Андрэя Косткі павярнулі. Калі Андрэя да князя вадзілі, значыцца, і Варона і Вецер згоды сваёй не далі. Ды і Костка даць не мог, не з такіх ён. Пад Царковішчамі двух родных Андрэевых братоў княскія казакі ў яго на вачах дзідамі закалолі, і за кожнага ён перад палонам паквітацца паспеў. Не, не з такіх.
Да таго ж дайшла да астрога чутка, што гусары ягоную жонку сілай узялі і ўпяцёх здзекаваліся.
Але ўсё роўна нейкі цень на маёй душы ляжаў, бо, калі чалавек не на полі, не навідавоку ва ўсіх, а адзін на адзін з тым ворагам, што ў ім самім сядзіць, тады стакроць чалавеку цяжэй. Не стрываў я і гукнуў шэптам Андрэя. Не азваўся ён, ды гэтак ціха ў тым кутку зрабілася, што зразумеў я: не спіць, а гаварыць не хоча. Затое Сымон Варона голас падаў, хоць мне здавалася: гэты ўжо трэція сны бачыць.
- Што, - пытаюся, - Сымон? Не спіцца?
- Ды не, - адказвае. - Спіцца. Гэта я з табой адтуль, са сну, гаманю. Хочаш, магу і показку табе адтуль збаяць?
- Не трэба, - кажу, - спі далей.
Васіль Вецер, чую, стагнаў, стагнаў ды і захроп, а гэтыя двое, як і я, без сну ляжаць. Можа, і ім тую самую цану Радзівіл прызначыў і ноч на роздум пакінуў? Можа, і яны цяпер мучацца: каго ратаваць? - а пра тое, чым за гэтыя жыцці ўратаваныя заплаціць трэба, не думаюць?
Зноў я Андрэя паклікаў, і зноў ён перамаўчаў. Тады да Вароны зашаптаў, але і ён гэтым разам не азваўся. І разважыў я так, што ўсё адно здрайцу словам не запыніш, а моцнай душы праўда сама адкрыцца мусіць, і памаліўся, каб даў Бог іхнім душам моцы. Аднак самому, чую, гэтае моцы не стае, бо заварушылася ў душы падумка: а ці захочуць мяне, Карпача, сябрукі мае ўратаваць, калі на тое іхняя воля будзе? Абагнаўся я ад такой падумкі ганебнай, а тут новая ў голаў лезе: а як захочуць? Няўжо жыццё, чужой здрадаю купленае, прыму? Ну а калі ўсё ж дзверы адчыняць ды скажуць: ідзі на чатыры бакі - тады што рабіць?..
Адно пад раніцу мяне сон адужаў, і прыснілася, што мы з Сымонам і з Андрэем у Сажы целяшом купаемся і, як некалі, ракаў на плыткаводдзі ловім. І чуем: кліча нас нехта. Глядзім, а гэта князь Геранім у чоўне плыве і тую немачку кучаравую на каленях трымае: «Гэй, вы, - крычыць, - баламуты! Усіх на волю адпускаю!» Закрычалі і мы штосьці, але што - не паспеў я пачуць, бо загрымелі астрожныя дзверы, і ўжо стаяў на парозе паручнік з паходняй, а за ім жаўнеры тоўпіліся.
Пачалі мы да смерці рыхтавацца, ажно паручнік аднаму Андрэю Костку збірацца загадаў. Зірнуў я Андрэю ў вочы, і Сымон Варона на яго пільна паглядзеў, і Васіль Вецер на саломе прыўзняўся. Пабрацімец жа наш вачэй не адвёў і ўсім нам на ростань усміхнуўся гэтак лёгенька.
А потым доўга мы не чакалі. Андрэя назад не вялі, ды замест яго сам палкоўнік Пястжэцкі, боўдзіла вусаты, з хеўраю сваёй у камору заявіўся, і новы крычаўскі містр, а былы наш сябрук Саўка Маўчун за іхнімі спінамі аціраўся, акурат такі, як ва ўчарашнюю ноч мне прымроіўся - у кунтушы чырвоным, у шапцы з баранком і з шабляю на баку. Палкоўнік указ княжы чытаць стаў, і, паводле гэтага ўказу, я, Сымон Варона, Васіль Вецер і Ігнат Малунёнак, што калісьці мяне ў асеці хаваў, а таксама яшчэ чацвёра нашых мусілі сёння памерці, а астатнім васьмярым і самому Костку загадваў Радзівіл чакаць і на ягоную літасць спадзявацца.
Мы з Варонам пераглянуліся і ўсё дарэшты зразумелі. У першую хвілю я ўсцешыўся нават, што памерці наканавана, а не дзячыць за жыццё Косткавай здрадзе. Але адразу сэрца сціснулася: а як жа пабрацімцы мае, тыя, якіх Радзівіл на волю адпусціць? Так і не ўведаюць, якой цаною за іхняе жыццё заплочана? А палкоўнік ужо рукою махнуў, каб мы васьмёра выходзілі.