Апроч кпінаў над сваім улюбёным заняткам і нараканняў, што ён нікога не цікавіць, у глыбіні душы Шуман быў перакананы, што ў цывілізаваным свеце няма чалавека, які б у найвышэйшай ступені не быў зацікаўлены пытаннем колеру валасоў і таго, як даўжыня суадносіцца таўшчынёю. Менавіта ў гэтую хвіліну ён вырашаў, ці не варта было б напачатку даследавання напісаць афарызм: “Пакажы мне свае валасы, і я скажу, хто ты”.
Калі Вакульскі ўвайшоў да яго ў пакой і, стомлены, упаў на канапу, доктар пачаў пра набалелае:
– Што за прафаны гэтыя карэктары… У мяне тут некалькі сотняў лічбаў з трыма знакамі пасля коскі, і ўяві сабе, у палове з іх – памылкі… Яны думаюць, што нейкая тысячная або нават сотая частка міліметра нічога не значыць, і не ведаюць, дылетанты, што якраз там самае галоўнае. Хай мяне д’яблы, каб у Польшчы было магчыма калі не адкрыццё, дык хоць друкаванне лагарыфмічных табліц. Добры паляк пацее ўжо пры другім знаку пасля коскі, пры пятым у яго пачынаецца гарачка, а сёмы забівае яго, нібы апаплексічны ўдар… А што ў цябе чуваць?
– Маю двубой, – адказаў Вакульскі.
Доктар ускочыў з крэсла і гэтак хутка падбег да канапы, што полы шлафрока разляцеліся ў бакі і зрабілі яго падобным на кажана.
– Што?.. Двубой?.. – крыкнуў ён, і вочы яго бліснулі. – І можа, ты думаеш, што я пайду з табою ў ролі лекара?.. Буду глядзець, як двое дурняў страляюць адзін аднаму ў лоб, і, можа, давядзецца яшчэ каторага перавязваць?.. І не падумаю ўмешвацца ў гэтае блазнаванне!.. – крычаў ён, хапаючыся за галаву. – Зрэшты, я не хірург і ўжо даўно не займаюся медыцынаю…
– Дык і не будзеш ты лекарам, будзеш секундантам.
– А… Гэта іншая справа, – адказаў доктар спакойна. – З кім жа?..
– З баронам Кшэшоўскім.
– Добра страляе! – буркнуў доктар. – З-за чаго?
– Штурхануў мяне на скачках.
– На скач… а што ты рабіў на скачках?
– Выстаўляў каня і нават атрымаў прыз.
Шуман стукнуў сябе па патыліцы і раптам падняў павекі Вакульскага ды пачаў пільна вывучаць яго вочы.
– Думаеш, я звар’яцеў? – запытаўся Вакульскі.
– Яшчэ не. Гэта жарт ці сур’ёзна? – удакладніў ён праз момант.
– Зусім сур’ёзна. Не жадаю ніякае згоды і прашу пра самыя жорсткія ўмовы.
Доктар вярнуўся да свайго стала, сеў, абапёр галаву на рукі, падумаў і сказаў:
– Спадніца, так?.. Нават пеўні б’юцца толькі…
– Шуман… сцеражыся!.. – глухім голасам перасцярог яго Вакульскі, выпростваючыся на канапе.
Доктар зноў уважліва на яго паглядзеў.
– Дык вось ужо як... – прамармытаў ён. – Добра. Буду тваім секундантам. Маеш растаўчы галаву, растаўчы пры мне, можа, змагу дапамагчы нечым…
– Прышлю зараз табе Жэцкага, – сказаў Вакульскі, паціскаючы яму руку.
Ад доктара ён пайшоў у сваю краму, хутка перамовіўся з панам Ігнацы, вярнуўся дадому і паклаўся спаць раней за дзясятую. Яго ільвіная натура патрабавала моцных уражанняў, толькі тады яго душа, што пакутавала ад жарсці, знаходзіла раўнавагу.
На другі дзень а пятай пасля абеду Жэцкі з Шуманам ужо ехалі да графа-англічаніна, які быў секундантам Кшэшоўскага. Абодва прыяцелі Вакульскага дарогаю маўчалі, азваўся раз толькі пан Ігнацы:
– І што доктар наконт гэтага?..
– Тое, што ўжо казаў, – буркнуў Шуман. – Набліжаемся да пятае дзеі. Гэта або канец энергічнага чалавека, або пачатак цэлага шэрагу недарэчнасцяў…
– Найгоршых, бо палітычных, – удакладніў Жэцкі.
Доктар паціснуў плячыма і адвярнуўся. Пан Ігнацы з яго вечнаю палітыкаю падаваўся яму невыносным.
Граф-англічанін чакаў іх у таварыстве іншага джэнтльмена, які не адрываў позірку ад аблокаў за акном і праз кожныя некалькі хвілін з цяжкасцю стараўся нібы нешта пракаўтнуць. Выраз твару яго быў няўважлівы, а ў сапраўднасці ён быў адметным чалавекам – паляўнічым на ільвоў і знаўцам егіпецкае старажытнасці.
Сярод кабінета графа-англічаніна стаяў стол, накрыты зялёным сукном, і вакол яго – чатыры крэслы з высокімі спінкамі, на стале ляжалі чатыры аркушы паперы, чатыры алоўкі, два пяры і чарніліца, гэткая вялікая, быццам прызначаная на бясконцыя паседжанні.
Калі ўсе паселі, граф пачаў казаць:
– Калі ласка, панове, – сказаў ён, – барон Кшэшоўскі прызнае, што мог штурхануць пана Вакульскага, бо ён быў усхваляваны, тэк. У выніку чаго, па нашым патрабаванні…