Выбрать главу

– Перапрашаю… можа, я перашкаджаю… можа, які важны занятак…

– Абсалютна нічым я ў гэты момант не заняты, – пахмурна адказаў Вакульскі і злёгку пачырванеў.

Марушэвіч заўважыў гэта. Ён быў упэўнены, што ў кватэры або нешта адбываецца, або знаходзіцца кабета. Гэта надало яму адвагі, якую, зрэшты, ён заўсёды меў у дачыненні да людзей, нечым заклапочаных.

– Я толькі хвілінку займу шаноўнаму пану, – ужо смялей казаў мізэрны малады чалавек, ветліва памахваючы кійком і капелюшом.

– Слухаю, – сказаў Вакульскі, імпэтна сеў у фатэль і паказаў госцю на другі.

– Я прыйшоў перапрасіць дарагога пана, – з афектацыяй казаў Марушэвіч, – што не магу быць карысным пану ў справе аўкцыёну дома панства Ленцкіх…

– А пан адкуль ведае пра аўкцыён?.. – не на жарт здзівіўся Вакульскі.

– Не здагадваецца пан? – развязна спытаў прыемны малады чалавек, у якога злёгку торгалася вока з-за таго, што бракавала нахабства. – Не здагадваецца дарагі пан?.. Гэта той пачцівы Шлянгбаўм…

Раптам ён змоўк, нібы заканчэнне фразы захрасла яму ў горле, і рукі – левая з кійком, а правая з капелюшом – апалі на парэнчы фатэлю. Вакульскі нават не варухнуўся, толькі ўтаропіў у яго свой ясны позірк. Цішком ён назіраў за хваляваннем на твары Марушэвіча, быццам паляўнічы, які сочыць, як па нерушы скачуць палахлівыя зайцы. Ён прыглядаўся да маладзёна і думаў:

“Ах, дык гэта якраз той пачцівы католік, якога Шлянгбаўм наймае на аўкцыён за пяцьдзясят рублікаў, але не раіць даваць яму vadium у рукі?.. Ого! І калі браў восемсот рублёў за кабылу Кшэшоўскае, дык быў ён нейкі збянтэжаны… Ага! І навіну пра тое, што я набыў кабылу, ён разнёс… Служыць адразу двум гаспадарам: барону і яго жонцы… Так, але ён зашмат ведае пра мае справы… Шлянгбаўм быў неасцярожны…”

Гэтак разважаў Вакульскі і спакойна глядзеў на Марушэвіча. А мізэрны малады чалавек, да таго ж вельмі нервовы, круціўся пад ягоным позіркам, як галубок перад вачыма змяі-акулярніцы. Спачатку ён трохі збляднеў, потым хацеў зачапіцца позіркам за нейкі нейтральны прадмет, які дарэмна шукаў на столі ды на сценах пакоя, і нарэшце, змакрэлы да халоднага поту, адчуў, як яго блукаючы позірк бяссільна трапляе ва ўладу Вакульскага. Здавалася яму, што пахмурны купец абцугамі схапіў ягоную душу, і ён не можа супраціўляцца. Дык яшчэ разы два крутануў галавою і нарэшце аддана ўтапіўся ў позірку Вакульскага.

– Пане, – прамовіў ён соладка, – я бачу, што мушу гуляць з панам адкрытымі картамі… Дык скажу адразу…

– Няхай пан не турбуецца, пане Марушэвіч. Я ўжо ведаю, што мне трэба ведаць.

– Бо пан дабрадзей пад уплывам ілюзій, выкліканых плёткамі, ужо склаў пра мяне непрыхільнае меркаванне… А я тым часам, слова гонару, маю самыя лепшыя схільнасці…

– Няхай пан будзе ўпэўнены, пане Марушэвіч, што мае меркаванні не грунтуюцца на плётках.

Ён падняўся з фатэля і пачаў глядзець у іншы бок, што дазволіла Марушэвічу крыху ўтаймаваць пачуцці. Малады чалавек хутка развітаўся з Вакульскім, выйшаў з кватэры і паімчаў па сходах, думаючы: “Ну, ці чуў хто?! Нейкі крамнік будзе рабіць на мяне ўражанне! Быў момант, слова гонару, хацелася мне выцяць яго кіем… Дзікун, слова гонару… Гатовы падумаць, што я баюся яго, слова гонару… О, Божа, як цяжка караеш мяне за легкадумнасць!.. Падлюкі-ліхвяры насылаюць на мяне каморніка, праз пару дзён мушу заплаціць ганаровы доўг, а гэты купчык, гэты лайдак!.. Хацеў бы я толькі ведаць, што яму прымроілася, чаго ён навыдумляў пра мяне?.. Нічога ўжо не трэба… Але, слова гонару, ён, мусіць, некага забіў, бо такога позірку не можа мець чалавек прыстойны. Вядома, нядаўна ж ён ледзь не забіў Кшэшоўскага. Ах, нахабнік!.. Ён меў нахабства гэтак глядзець на мяне… на мяне, Богам клянуся!..”

Нягледзячы на гэта, назаўтра ён зноў прыехаў з візітам да Вакульскага, а калі не заспеў яго дома, дык загадаў рамізніку ехаць да крамы.

У краме яго прывітаў пан Ігнацы, які гэтак шырока раскінуў перад ім рукі, нібы ўсю краму прапаноўваў яму. Але ўнутраны голас падказваў старому крамніку, што гэты госць не купіць нічога, што каштавала б даражэй за пяць рублёў, і хто ведае, ці не загадае запісаць сабе на рахунак.

– Пан Вакульскі?.. – спытаў Марушэвіч, не здымаючы капелюша.

– Хутка будзе, – адказаў пан Ігнацы з нізкім паклонам.

– Што значыць хутка?..

– Сама позна праз чвэрць гадзіны, – адказаў Жэцкі.

– Я пачакаю. Загадай, пан, вынесці рубель рамізніку, – казаў малады чалавек, лена падаючы на крэсла. Ногі, сапраўды, не трымалі яго ад хвалявання, што стары крамнік можа не загадаць вынесці рубель рамізніку. Але Жэцкі распараджэнне выканаў, хоць кланяцца ўжо госцю перастаў.