Праз некалькі хвілін увайшоў Вакульскі.
Марушэвіч, убачыўшы ненавісную фігуру купчыка, зазнаў гэткія супярэчлівыя пачуцці, што не толькі забыўся, што казаць, але нават пра што думаць. У памяці засталося толькі, што Вакульскі завёў яго ў кабінет у глыбіні крамы, дзе стаяла жалезная каса, і ён не мог зразумець, чаго больш адчувае пры выглядзе Вакульскага: знявагі або пагарды. Пазней ён прыгадаў, што стараўся схаваць гэтае ўражанне за вытанчанай ветлівасцю, якая нават у яго ўласных вачах выглядала прыніжанасцю.
– Да паслугаў пана, – сказаў Вакульскі, калі яны селі.
Марушэвіч не змог заўважыць моманту гэтага перамяшчэння ў прасторы, але ён пачаў гаварыць, злёгку запінаючыся:
– Я хацеў бы шаноўнаму пану даць довад зычлівасці… Пані баранеса Кшэшоўская, як пан ведае, хоча купіць дом панства Ленцкіх… Дык вось, яе муж, барон, наклаў вета на пэўную частку яе сродкаў, без якіх пакупка не можа адбыцца… Вось… сёння… барон часова мае дробныя клопаты… Не стае яму… не стае яму тысячы рублёў… хацеў бы пазычыць… бо… бо, разумее пан, не зможа энергічна супрацьстаяць волі жонкі…
Марушэвіч выцер з ілба пот, убачыўшы, што Вакульскі зноў пачаў дапытліва глядзець на яго.
– Дык гэта барону патрэбныя грошы?
– Так, – хутка адказаў малады чалавек.
– Тысячу рублёў я не дам, хіба, трыста… чатырыста… І распіску мне ад барона.
– Чатырыста, – міжвольна паўтарыў малады чалавек і таропка дадаў: – Праз гадзіну прывязу распіску ад барона… Пан тут будзе?
– Буду.
Марушэвіч выйшаў з кабінета і праз гадзіну, сапраўды, вярнуўся з распіскаю ад барона Кшэшоўскага. Вакульскі прачытаў дакумент, паклаў яго ў касу і ўзамен даў Марушэвічу чатырыста рублёў.
– Барон пастараецца як мага хутчэй… – мармытаў Марушэвіч.
– Нічога пільнага, – адказаў Вакульскі. – Падобна, барон хворы?
– Так… крыху… Заўтра або паслязаўтра выязджае… Верне як мага хутчэй…
Вакульскі развітаўся з ім нядбалым рухам галавы.
Малады чалавек хутка выскачыў з крамы, нават забыў аддаць Жэцкаму рубель, які пазычыў на рамізніка. На вуліцы ён з палёгкаю ўздыхнуў, і ў галаве яго закруціліся думкі: “Ах, паганы купчык!.. Хапіла нахабства даць мне чатырыста рублёў замест тысячы… Божа, як сурова караеш мяне за легкадумнасць… Каб мне толькі адыграцца, слова гонару, шпурну яму гэтыя чатырыста ды тыя дзвесце… Божа, як нізка я ўпаў…”
Прыгадаліся яму кельнеры ў рэстаранах, маркеры пры більярдзе і швейцары ў гатэлях, у якіх ён таксама рознымі спосабамі здабываў грошы. Але аніводзін з іх не падаваўся яму гэткім ненавісным і вартым пагарды, як Вакульскі.
“Слова гонару, – думаў ён, – я сам улез яму ў брыдкія лапы… Божа, як караеш мяне за легкадумнасць…”
А Вакульскі, калі Марушэвіч пайшоў, быў задаволены.
“Здаецца мне, – думаў ён, – што гэта махляр, якіх пашукаць, і які выкрутлівы. Хацеў атрымаць у мяне пасаду, але сам яе знайшоў: сочыць за мною і даносіць, каму трэба. Мог бы нарабіць мне клопатаў, каб не гэтыя чатырыста рублёў, якія ён узяў, я ўпэўнены, па фальшывай распісцы. Кшэшоўскі пры ўсіх сваіх дзівацтвах ды лайдацтве чалавек сумленны… (Ці лайдак можа быць сумленным?..) У кожным разе, не стаў бы ён пазычаць у мяне грошы на свае справы ці з-за капрызаў жонкі…”
Яму стала прыкра, ён апусціў галаву на рукі і з заплюшчанымі вачыма маракаваў: “Што ж я раблю?.. Свядома дапамагаю махляру красці. Каб я сёння памёр, дык грошы тыя мусіў бы вярнуць Кшэшоўскі… Не, гэта Марушэвіч пайшоў бы ў астрог… Ну, гэтага яму не мінуць…”
Хутка агарнуў яго яшчэ горшы песімізм.
“Чатыры дні таму я ледзь не забіў чалавека, сёння іншаму збудаваў мост у вязніцу і ўсё гэта дзеля яе за адно merci… Ну, дзеля яе таксама я зарабіў маёнтак, даю працу сотням людзей, памнажаю багацце краю… Чым жа я быў бы без яе? Дробным галантарэйным купцом. А сёння гаворыць пра мяне ўся Варшава. Анягож!.. Кавалак вугалю рухае карабель, які нясе сотні людзей, а каханне рухае мною. А калі яно спаліць мяне, што застанецца толькі жменя попелу?.. О Божа, які нэндзны гэты свет… Мае рацыю Ахоцкі. Кабета – паганая жывёліна: бавіцца тым, чаго нават зразумець не можа…”
Ён быў гэтак паглыблены ў сваю балесную медытацыю, што не пачуў, як адчыніліся дзверы ў пакой і пачуліся хуткія крокі. Апрытомнеў ён толькі ад дотыку чыёйсьці рукі. Павярнуў галаву і ўбачыў мецэната з вялікай папкаю пад пахаю ды змрочным выразам на твары.
Вакульскі ўскочыў, збянтэжаны, пасадзіў госця ў фатэль, а славуты адвакат абапёрся на стол і, хутка паціраючы сабе карак, прамовіў прыцішаным голасам: