Ён выйшаў з кабінета і кіўком паклікаў Жэцкага за сабою. Стары крамнік, сапраўды, быў не падобны да сябе і не глядзеў свайму кіраўніку ў вочы.
Вакульскі паказаў яму на крэсла, а сам пару раз прайшоўся па цесным пакоі і запытаўся:
– Стары!.. Скажы праўду, што пра мяне гавораць?
Жэцкі развёў рукі.
– Ах, Божа, што гавораць…
– Кажы як ёсць, – заахвочваў яго Вакульскі.
– Як ёсць?.. Добра. Адны кажуць, што пачынаеш вар’яцець…
– Брава!..
– Іншыя, што… рыхтуеш нейкую авантуру…
– А каб іх…
– А ўсе разам, што збанкрутуеш, і вельмі хутка.
– Каб іх яшчэ раз… – паўтарыў Вакульскі. – А ты, Ігнацы, сам што думаеш?
– Я думаю, – без вагання адказаў той, – што ўлез ты ў нейкую магутную авантуру… з якое цэлым не выйдзеш… Хіба, калі адступіш своечасова, на што, зрэшты, павінна хапіць табе розуму…
Вакульскі выбухнуў гневам.
– Не адступлю! – выгукнуў ён. – Чалавек, які пакутуе ад смагі, не адступіць ад крыніцы. Калі маю загінуць, дык загіну, але нап’юся… Чаго вы хочаце ад мяне?.. Змалку жыў, як птах у сілках: у слугах, у турмах, а хоць бы і ў тым няшчасным шлюбе, у які прадаўся… А сёння, калі выраслі ў мяне крылы, гергечаце на мяне, як хатнія гусі на дзікага, які рвецца ляцець… Што мне нейкая там крама або суполка!.. Я хачу жыць так, як хачу…
У гэты момант нехта пастукаўся ў дзверы кабінета. Увайшоў Мікалай, слуга Ленцкага, з лістом. Вакульскі ліхаманкава схапіў ліст, разарваў канверт і прачытаў:
“Шаноўны Пане! Дачка мая абавязкова жадае бліжэй пазнаёміцца з Панам. Воля кабеты святая, дык я прашу Пана заўтра да нас на абед (а шостай), і нават не спрабуй, Пан, шукаць адгаворак. Прашу прыняць запэўніванні ў шанаванні.
Т. Ленцкі”.
Вакульскі адчуў такую слабасць, што мусіў сесці. Прачытаў ліст другі, трэці, чацвёрты раз… Нарэшце ён апрытомнеў і адпісаў пану Ленцкаму, а Мікалаю даў пяць рублёў.
Пан Ігнацы тым часам на пару хвілін выбег у краму і вярнуўся да Вакульскага, калі Мікалай ужо выйшаў на вуліцу. У працяг папярэдняй размовы ён сказаў:
– Заўсёды, аднак, каханы Стаху, трэба добра агледзецца, што да чаго, дык, можа, і сам адступіш…
Вакульскі, ціха пасвістваючы, насунуў капялюш і, абапёршыся на плячо старога прыяцеля, адказаў яму:
– Паслухай. Каб мне зямля разышлася пад нагамі… разумееш?.. Каб мне неба мела зваліцца на галаву, я не адступлю, разумееш?.. За такое шчасце аддам жыццё…
– За якое шчасце?.. – спытаў Ігнацы.
Але Вакульскі ўжо выйшаў праз тыльныя дзверы.
XIV. ДЗЯВОЧЫЯ МАРЫ
Ад Вялікадня панна Ізабэла часта думала пра Вакульскага, і ва ўсіх гэтых роздумах дзівіла яе пэўная акалічнасць: чалавек гэты бачыўся ёй штораз іначай.
Панна Ізабэла мела шматлікія знаёмствы і добра ўмела даваць характарыстыкі людзям. Дык вось, да гэтае пары кожны з яе знаёмых меў нейкую ўласцівасць, якая дазваляла сцісла ахарактарызаваць яго адным словам. Князь быў патрыётам, яго адвакат – спрытнюгам, граф Ліціньскі ўдаваў з сябе англічаніна, яе цётка была ганарыстай, старшынёва – добрай, Ахоцкі – дзіваком, а Кшэшоўскі – карцёжнікам. Словам, кожны чалавек – нейкая вартасць або недахоп, часам заслуга, часцей, тытул або маёнтак – з галавой, рукамі, нагамі і апрануты больш ці менш модна.
Толькі ў Вакульскім сутыкнулася яна не проста з новаю асобаю, а з невядомаю з’яваю. Немагчыма было вызначыць яго адным словам і нават сотняю сказаў. Быў ён не падобны ні да каго, а калі, наогул, і можна было яго з чымсьці параўнаць, дык, хіба, з нейкім краем, які не праедзеш за дзень, дзе ёсць раўніны і горы, лясы і лугі, воды і пустыні, вёскі і гарады. І дзе з туману на самым небакраі выступаюць яшчэ нейкія няясныя перспектывы, не падобныя ўжо ні да адной з вядомых рэчаў. Яна неўразумела задавалася пытаннем: ці гэта толькі гульня ўзрушанае фантазіі, ці, сапраўды, гэта істота звышчалавечая, прынамсі, пазасалонная?
Тады яна пачала парадкаваць свае ўражанні.
Першы раз яна зусім яго не бачыла, адчувала толькі набліжэнне нейкага вялізнага ценю.
Быў нехта, які кінуў некалькі тысяч рублёў на дабрачыннасць і на прытулак яе цёткі, потым нехта гуляў з яе бацькам у карты ў рэсурсе і кожны дзень прайграваў, потым быў нехта, які выкупіў вэксалі яе бацькі (можа, гэта не Вакульскі?..), пасля – яе сервіз, а потым даставіў розныя рэчы на ўпрыгожанне Труны Гасподняе.