Выбрать главу

Гэта было яшчэ таямніцаю ад усіх, бо калі панна Ізабэла пайшла з візітам да цёткі, дык пачула якраз, што графіня радзіцца са старшынёвай, як памірыць панства Кшэшоўскіх з дапамогаю гэтае кабылы.

– Нічога не выйдзе, – засмяялася панна Ізабэла. – Барон не атрымае сваю кабылу.

– Закладзёмся? – абыякава запыталася графіня.

– Хіба, калі выйграю ў цёткі гэты бранзалет з сапфірамі…

Цётка згадзілася, у выніку чаго і сама графіня, і панна Ізабэла былі моцна зацікаўленыя скачкамі.

Быў момант, калі панна Ізабэла спалохалася, бо пачула, што барон дае Вакульскаму чатырыста рублёў адступнога, і граф Ліціньскі ўзяўся ўлагодзіць справу. У салоне графіні нават шапталіся, што Вакульскі не з-за грошай, а дзеля графа мусіць згадзіцца на гэта. І тады панна Ізабэла падумала: “Згодзіцца, калі ён хцівы нуварыш, а калі не згодзіцца, дык…”

Яна не мела адвагі скончыць гэтую фразу. Выручыў яе Вакульскі. Ён не прадаў кабылу, а сам выставіў яе на бегавую дарожку.

“Ён не такі ўжо і нікчэмнік”, – падумала яна тады.

І пад уплывам гэтае высновы размаўляла з Вакульскім на скачках вельмі ласкава.

Але нават за гэтую хвілінную зычлівасць панна Ізабэла дакарала сябе:

“Навошта яму ведаць, што нас цікавіць ягоны ўдзел у скачках?.. Не больш, чым іншых. А навошта я сказала яму, што ён “павінен выйграць”? І што азначаў ягоны адказ: “выйграю, калі пані пажадае”? Ён ужо забываецца, хто я. Але нічога! Бо з-за некалькіх ветлівых слоў Кшэшоўскі захварэе ад злосці”.

Кшэшоўскага панна Ізабэла ненавідзела. Некалі ён заляцаўся да яе, а калі яна яго адпрэчыла, помсціў ёй. Яна ведала, што за вочы ён называў яе векавухаю, якая выйдзе за ўласнага лёкая. Гэтага было даволі, каб памятаць яму ўсё жыццё. Але барону мала было гэтай няшчаснай фразы, ён нават з ёю самой абыходзіўся цынічна, кпіў з яе старых залётнікаў, намякаючы на збядненне яе сям’і. Тады і панна Ізабэла, нібы няўзнак, прыгадвала ягоную жонку, з якой ён ажаніўся з-за грошай, але нічога не мог вырваць у яе з рук, што выклікала між імі зацятую, часам нават і прыкрую, вайну.

Скачкі былі для панны Ізабэлы днём трыумфу, а для барона – паразы і сораму. Ён, праўда, прыехаў на поле і ўдаваў, што яму вельмі весела, але ў сэрцы яго бушаваў гнеў. А калі ён убачыў, як Вакульскі ўсё – і ўзнагароду, і грошы за каня – аддаў у рукі панне Ізабэле, зусім страціў панаванне над сабою, падбег да каляскі і ўчыніў скандал.

Для панны Ізабэлы абразлівыя позіркі барона і тое, што ён адкрыта назваў Вакульскага яе паклоннікам, было страшным ударам. Забіла б барона, каб добра выхаванай кабеце можна было сабе гэта дазволіць. Яе пакуты былі тым больш дакучлівыя, што графіня і вухам не павяла на гэты выбух, старшынёва была заклапочаная, а бацька нават не азваўся, бо даўно ўжо лічыў Кшэшоўскага вар’ятам, якога не варта чапаць, а трэба ставіцца да яго паблажліва.

У гэты момант (калі ўжо цікаўныя пачалі пазіраць на іх з іншых калясак) на дапамогу панне Ізабэле прыйшоў Вакульскі. І ён не толькі спыніў нараканні барона, а вызваў яго на двубой. У гэтым ніхто не сумняваўся. Старшынёва шчыра спалохалася за свайго фаварыта, а графіня заўважыла, што Вакульскі не мог паступіць іначай, бо барон, калі падыходзіў да каляскі, штурхануў яго і не папрасіў прабачэння.

– Скажыце мне, – узрушана пытала старшынёва, – ці варта страляцца за такую драбязу? Усім жа вядома, які Кшэшоўскі няўважлівы і недарэчны… Лепшым доказам тое, што ён тут нагаварыў…

– Гэта праўда, – азваўся пан Тамаш, – але ж Вакульскі не абавязаны гэта ведаць, а нагадаць яму трэба.

– Памірацца! – заўважыла графіня і загадала ехаць дадому.

Менавіта тады панна Ізабэла зрабіла найгоршае злачынства супраць сваіх правілаў і… красамоўна паціснула Вакульскаму руку.

Аж да самых рагатак яна не магла сабе гэтага дараваць.

“Як можна было зрабіць нешта падобнае?.. Што такі чалавек можа падумаць?..” – ганіла яна сама сябе. Але раптам абудзілася ў ёй пачуццё справядлівасці, і яна мусіла прызнаць, што гэты чалавек – не абы-які.

“Каб зрабіць мне прыемнасць (бо ён дакладна не меў іншых прычын), падставіў барону падножку і купіў каня… Усё, што выйграў (моцны доказ бескарыслівасці), аддаў на прытулак ды яшчэ ў мае рукі (барон гэта бачыў). А галоўнае, нібы пачуўшы мае думкі, выклікаў яго на двубой… Ну, цяперашнія двубоі завяршаюцца звычайна шампанскім, але барон мае магчымасць пераканацца, што не такая я і старая… Не, у гэтым Вакульскім нешта ёсць… Шкада толькі, што ён галантарэйны купец. Прыемна было б мець гэткага паклонніка, каб… каб займаў іншае становішча ў свеце”.

Дома панна Ізабэла расказала панне Фларэнтыне пра падзеі на скачках, а праз гадзіну ўжо і думаць пра іх забыла. А калі бацька позна ўночы паведаміў ёй, што Кшэшоўскі абраў секундантам графа Ліціньскага, які безумоўна жадае, каб барон перапрасіў Вакульскага, панна Ізабэла пагардліва скрывіла вусны.