Выбрать главу

– Хто там?

– Я, – радасна адказаў бацька. – Вакульскі ацалеў, барон паранены ў твар!

– Так?

У яе была мігрэнь, дык яна праляжала ў ложку да чатырох. Яна была задаволеная, што барон паранены, і дзівілася, што аплаканы ёю Вакульскі не загінуў.

Устала яна гэтак позна, што перад абедам выбралася толькі на кароткі шпацыр па Алеях.

Від яснага неба, прыгожых дрэваў, птушак і вясёлых людзей зацёр сляды яе начных мрояў, а калі яшчэ яе заўважылі і павіталіся з ёю з некалькіх калясак, што праязджалі побач, дык у сэрцы яе ажыла радасць.

“Аднак пан Бог ласкавы, – думала яна, – што пакінуў жывым чалавека, які можа быць нам прыдатны. Бацька гэтак разлічвае на яго, і ў мяне расце давер да яго. Наколькі менш было б у маім жыцці расчараванняў, каб мела я разумнага і энергічнага прыяцеля”.

Слоўца “прыяцель” не спадабалася ёй. Прыяцелем панны Ізабэлы мог быць чалавек, які, сама мала, меў зямлю. А галантарэйны купец пасаваў толькі на ролю дарадцы або распарадчыка.

Калі яна вярнулася дадому, адразу ўбачыла, што бацька ў цудоўным настроі.

– Ведаеш, – звярнуўся ён да яе, – я быў з віншаваннямі ў Вакульскага. Варты чалавек, сапраўдны джэнтльмен! Ужо ён і забыўся на двубой, нават, здаецца, шкадуе барона. Няма рады, шляхетная кроў дае пра сябе знаць, незалежна ад становішча…

А потым, калі яны з дачкою прайшлі ў кабінет і ён пару разоў зіркнуў у люстэрка, дадаў:

– Ну, скажы ты мне, ці можна не верыць у Ласку Божую? Смерць таго чалавека была б для мяне цяжкім ударам. І вось я выратаваны! Ты мусіш пазнаёміцца з ім бліжэй, і тады пабачым, хто выйграе: князь са сваім славутым адвакатам ці я з Вакульскім. Як ты думаеш?

– Я думала якраз тое самае хвіліну таму, – адказала панна Ізабэла, здзіўленая падабенствам іх з бацькам думак. – Татусь абавязкова мусіць мець пры сабе здольнага чалавека, якому можна давяраць.

– Які, у дадатак, сам горнецца да мяне, – дадаў пан Тамаш. – Кемлівы чалавек! Ён якраз разумее, што больш у яго шанцаў нешта зрабіць і лепшая будзе рэпутацыя, калі ён дапаможа падняцца старажытнаму роду, чым сам будзе лезці наперад. Вельмі разумны чалавек, – паўтарыў пан Тамаш. – Хоць ён на нейкі час і прывёў у захапленне князя і ўсю арыстакратыю, але да мяне, аднак, ён ставіцца з найбольшаю прыязнасцю. І не пашкадуе, варта мне толькі вярнуць сваё становішча…

Панна Ізабэла разглядала фігуркі, якія ўпрыгожвалі пісьмовы стол, і думала, што бацька, аднак, крыху памыляецца, мяркуючы, што Вакульскі горнецца да яго. Але яна не выпраўляла яго памылку, а, наадварот, прызнавала, што варта крыху бліжэй пазнаёміцца з гэтым купцом і прабачыць яму яго становішча ў грамадстве. Адвакат… купец… гэта ж амаль тое самае. А калі адвакат можа быць даверанай асобай князя, чаму ж… купец (ах, як усё ж безгустоўна!) не можа стаць даверанай асобай сям’і Ленцкіх?

Рэшту дня, вечар і некалькі наступных дзён прайшлі для панны Ізабэлы вельмі прыемна. Уражвала яе, аднак, тая акалічнасць, што за гэты кароткі час яе наведала больш людзей, чым раней за месяц. Здаралася, што гадзінамі яе нядаўна пусты салон быў поўны шуму, гаманы і смеху, аж мэбля, якая ўжо добра адпачыла, дзівілася гэтаму тлуму, а на кухні шапталіся, што пан Ленцкі, мусіць, атрымаў нейкія вялікія грошы. Нават дамы, якія яшчэ на скачках не пазнавалі панны Ізабэлы, прыйшлі цяпер да яе з візітамі, а маладыя людзі, хоць і не прыходзілі, але пазнавалі яе на вуліцы і кланяліся ёй з пашанаю.

І ў пана Тамаша бывалі цяпер госці. Наведаў яго граф Саноцкі, напрамілы бог упрошваючы, каб Вакульскі перастаў нарэшце бавіцца скачкамі ды двубоямі, а заняўся суполкаю. Быў граф Ліціньскі і расказваў дзівосы пра джэнтльменства Вакульскага. Але, галоўнае, ужо некалькі раз прыязджаў князь з просьбаю да пана Тамаша, каб Вакульскі, не зважаючы на выпадак з баронам, не адступаўся ад арыстакратыі і памятаў пра няшчасны край.

– І няхай кузін, – закончыў князь, – пераканае яго адмовіцца ад двубояў. Гэта лішняе. Гэта пасуе маладым людзям, а не сур’ёзным і шаноўным абывацелям.

Пан Тамаш быў у захапленні, асабліва думаючы, што ўсе гэтыя авацыі ён чуе напярэдадні продажу дома. Яшчэ год таму падобная перспектыва палохала людзей.

“Пачынаю вяртаць належнае мне становішча”, – прамармытаў пан Тамаш і раптам азірнуўся. Яму здалося, што за спінаю стаіць Вакульскі. Дык для супакаення ён два разы паўтарыў:

“Узнагароджу яго… узнагароджу… можа быць упэўнены ў маёй падтрымцы”.

Праз тры дні пасля двубою Вакульскага панне Ізабэле прынеслі каштоўную скрыначку і ліст, які яе ўзрушыў. Яна пазнала почырк барона.

“Каханая кузінка! Калі ты перастанеш дакараць мяне маёй няшчаснай жаніцьбай, я ўзамен дарую табе заўвагі пра маю жонку, якая ўжо мне самому дапякла. А як матэрыяльны сімвал міру, які мы заключаем назаўсёды, дасылаю табе зуб, што выбіў мне сваім стрэлам Вакульскі, здаецца, за маё смелае выказванне на скачках. Запэўніваю цябе, каханая кузінка, што гэта той самы зуб, якім я цябе дагэтуль грыз і ўжо ніколі больш грызці не буду. Можаш выкінуць яго на сметнік, але скрыначку май ласку захаваць на памяць. Прымі гэтую дробязь ад чалавека трохі зараз хвараватага, але павер – не найгоршага, і буду спадзявацца, што некалі забудзеш маю недарэчную зласлівасць.