Выбрать главу

З прызнаннем у любові і глыбокай пашане, кузін Кшэшоўскі.

Р. S. Калі мой зуб не выкінеш праз акно, дык прышлі мне яго назад, каб я мог падараваць яго маёй незабыўнай жонцы. Яна будзе мець повад для засмучэння на некалькі дзён, што, падобна, рэкамендавана бедачыне дактарамі. А той пан Вакульскі вельмі прыемны і выхаваны чалавек. І прызнаюся, я сардэчна яго палюбіў, хоць ён гэтак скалечыў мяне”.

У каштоўнай скрыначцы, сапраўды, знаходзіўся зуб, закручаны ў бібулу.

Панна Ізабэла трохі падумала і адпісала барону. У сваім лісце ў вельмі зычлівых словах яна паведаміла, што ўжо не гневаецца і прымае скрыначку, а зуб з належнаю пашанаю адсылае гаспадару.

Тут ужо нельга было сумнявацца, што толькі дзякуючы Вакульскаму барон мірыўся з ёю і прасіў прабачэння. Панна Ізабэла ў замілаванні ад гэтага свайго трыумфу адчула да Вакульскага нешта падобнае да ўдзячнасці. Яна зачынілася ў кабінеце і стала марыць.

Яна марыла, што Вакульскі прадасць сваю краму і купіць зямлю, але застанецца кіраўніком гандлёвае суполкі, якая прыносіць вялікі прыбытак. Уся арыстакратыя прымае яго ў сябе, а яна, панна Ізабэла, зрабіла яго сваім вартым даверу дарадцам. Ён аднавіў іх маёнтак і ўзняў яго да былое велічы, ён выконваў усе яе прыхамаці, ён рызыкаваў сабою кожны раз, калі было трэба. Ён, нарэшце, знайшоў ёй мужа, які адпавядаў бы слаўнаму дому Ленцкіх.

Усё гэта ён рабіў, бо кахаў яе ідэальным каханнем, больш за ўласнае жыццё. І адчуваў сябе абсалютна шчаслівым, варта ёй было ўсміхнуцца яму, зычліва зірнуць на яго або за нейкую выключную заслугу сардэчна паціснуць яму руку. А калі пан Бог даў ёй дзяцей, ён шукаў ім гувернёраў і настаўнікаў, памнажаў іх маёнтак і, нарэшце, калі яна памерла (тут слёзы набеглі на прыгожыя вочы панны Ізабэлы), ён застрэліўся на яе магіле… Не! З-за далікатнасці, якую яна ў ім развіла, ён застрэліўся на некалькі магіл далей.

Прыход бацькі спыніў яе фантазіі.

– Падобна, пісаў табе Кшэшоўскі? – пацікавіўся пан Тамаш.

Дачка паказала яму на ліст, што ляжаў на стале, побач з залатою скрыначкай. Пан Тамаш круціў галавою, чытаючы ліст, і нарэшце прамовіў:

– Як заўсёды – вар’ят, хоць і добры хлапец. Але… Вакульскі, сапраўды, аказаў табе паслугу: перамагла ты смяротнага ворага.

– Я думаю, тата, што варта было б таго пана запрасіць некалі на абед… Хацелася б пазнаёміцца з ім бліжэй.

– Якраз пра гэта ўжо некалькі дзён я і збіраўся цябе прасіць!.. – адказаў узрадаваны пан Тамаш. – Не варта занадта прытрымлівацца этыкету ў адносінах да гэтак патрэбнага чалавека.

– Вядома, – згадзілася панна Ізабэла, – нават з надзейнымі слугамі дазваляем мы сабе крыху фамільярнасці.

– Схіляю галаву перад тваім розумам і тактоўнасцю, Бэла!.. – выгукнуў пан Тамаш і ў захапленні пацалаваў яе спачатку ў руку, а потым у лоб.

XV. ЯК ЧАЛАВЕЧУЮ ДУШУ МУЧЫЦЬ ЖАРСЦЬ, А ЯК РОЗУМ

Атрымаўшы ад пана Ленцкага запрашэнне на абед, Вакульскі выбег з крамы на вуліцу. Цесны пакой душыў, а размова з Жэцкім, калі крамнік перасцерагаў і павучаў яго, здалася надзвычай недарэчнаю. Смех дый годзе, каб спарахнелы кавалер, у якога адно крама ды Банапарты ў галаве, дакараў яго апантанасцю!..

“Што ж я раблю кепскага, – думаў Вакульскі, – калі кахаю?.. Можа, крыху і позна, але ніколі ў жыцці не дазваляў я сабе гэтае раскошы. Кахаюць мільёны людзей, увесь свет, здольны да пачуццяў, жыве каханнем, чаму ж мне аднаму можа быць яно забаронена? А калі гэта заканамерна ў прынцыпе, дык заканамерна і ўсё тое, што я раблю. Хто хоча ажаніцца, мусіць мець грошы, – дык і я займеў грошы. Мусіць ён наблізіцца да выбранніцы – я таксама наблізіўся. Мусіць клапаціцца пра яе дабрабыт і бараніць ад непрыяцеляў, – я раблю і тое, і другое. А ў гэтым сваім імкненні да шчасця ці ж я пакрыўдзіў каго? Ці занядбаў я свае абавязкі ў дачыненні да грамадства і бліжніх?.. Ах, гэтыя каханыя бліжнія, гэтае грамадства, якое ніколі не клапацілася пра мяне і ставіла мне на шляху адны перашкоды, затое няспынна чакае ахвяр з майго боку… Але тое, што яны называюць апантанасцю, якраз і штурхае мяне да выканання нейкіх уяўных абавязкаў. Каб не гэта, дык сядзеў бы я зараз, нібы моль, у кніжках, і сотні людзей не мелі б працы. Чаго ж яны ад мяне хочуць?” – злосна пытаў ён сам у сябе.