Выбрать главу

– Ужо такія? – перапытаў, перадражніўшы яго, пан Ігнацы. – Ужо такія! Хай Бог мілуе выпрабоўваць табе іх спагадлівасць…

– Маю яе і без выпрабавання. Дабранач.

– Маеш… Маеш!.. Пабачым, што ты будзеш мець, як прыцісне. Дабранач, дабранач… – мармытаў стары крамнік, з шумам складаючы кнігі.

Вакульскі ішоў дадому і думаў:

“Трэба, нарэшце, зрабіць візіт Кшэшоўскаму. Заўтра пайду… Насамрэч, прыстойны ён чалавек… Перапрасіў панну Ізабэлу. Заўтра падзякую яму і, да ліха, пастараюся дапамагчы. Хоць з гэткім гулякам… Але няважна, паспрабую… Ён перапрасіў панну Ізабэлу, я выцягну яго з даўгоў”.

Пачуццё спакою і ўпэўненасці гэтак авалодалі душою Вакульскага, што дома ён, замест таго, каб сядзець ды марыць (што з ім часта здаралася), узяўся за працу. Выцягнуў тоўсты сшытак, ужо напалову спісаны, кніжку з англійскімі практыкаваннямі ды пачаў складаць сказы, прамаўляючы іх напаўголасу і стараючыся дакладна капіяваць вымаўленне свайго настаўніка – пана Вільяма Колінса.

А ў кароткіх перапынках ён думаў то пра заўтрашні візіт да барона Кшэшоўскага, і як выбавіць таго з даўгоў, то пра ўжо выратаванага Абермана.

“Калі дабраславенства мае нейкую вартасць, – казаў ён сабе, – дык увесь капітал дабраславенства Абермана разам з працэнтамі я ахвярую ёй…”

Потым падумалася яму, што гэта не такі ўжо і каштоўны падарунак панне Ізабэле – ашчаслівіць толькі аднаго чалавека. Цэлы свет, хіба, не… Але збліжэнне з паннаю Ізабэлаю вартае было дапамогі хоць бы некалькім асобам.

“Другім будзе Кшэшоўскі, – разважаў ён, – але выратаванне гэтакіх зухаў – малая заслуга… Ага!..”

Ён стукнуў сябе па лбе, адсунуў англійскія практыкаванні і дастаў архіў прыватнае карэспандэнцыі. Была гэта саф’янавая папка, куды складаліся лісты ў адпаведнасці з датамі, а спіс знаходзіўся на пачатку.

“Ага! – паўтарыў Вакульскі. – Ліст ад маёй магдаленкі і яе апякунак, старонка шэсцьдзясят тры…”

Ён знайшоў патрэбную старонку і ўважліва прачытаў два лісты: адзін – напісаны каліграфічна, а другі – быццам накрэмзаны дзіцячаю рукою. У першым яму паведамлялася, што такая і такая Марыя, некалі дзяўчына кепскіх паводзінаў, цяпер навучылася шыць бялізну, стала краўчыхаю і вызначаецца набожнасцю, паслухмянасцю, лагоднасцю і добрымі манерамі. А ў другім лісце сама гэтая Марыя… дзякавала яму за дапамогу і прасіла толькі пра адно – знайсці ёй нейкі занятак.

“Няхай ужо вяльможны і добры пан, – пісала яна, – калі з ласкі Божае мае гэтак шмат грошай, на мяне грэшную іх не траціць. Бо я сама зараз дам сабе рады, абы мела за што рукі зачапіць, а людзей, якім дапамога трэба больш, чым мне – няшчаснай ды зганьбаванай – у Варшаве хапае…”

Вакульскаму зрабілася прыкра, што гэтая просьба некалькі дзён чакала адказу. Ён зараз жа адпісаў і паклікаў слугу.

– Гэты ліст занясеш раніцаю да магдаленак…

– Зробіцца, – адказаў той, стрымліваючы пазяханне.

– Паклічаш мне таксама фурмана Высоцкага, таго, з Тамкі, ведаеш?..

– О! Як не ведаць... Але пан чуў…

– І каб ён прыйшоў мне сюды раніцаю…

– О! Чаму ж не. Але пан чуў, што Аберман згубіў кучу грошай? Быў ён тут увечары і бажыўся, што застрэліцца або яшчэ што сабе зробіць, калі пан над ім не злітуецца. Я кажу яму: “Не рабіце дурное, не забівайцеся, пачакайце… У нашага старога мяккае сэрца…” А ён кажа: “Я на гэта і разлічваю, але і так няўпраўка, бо яны ж хоць трохі, але спагоняць, а тут і сын ідзе на медыка, а тут і старасць ужо чалавека за карак хапае…”

– Зрабі ласку, ідзі спаць, – спыніў яго Вакульскі.

– Пайду, пайду, – прабурчэў слуга, – але ў пана такая служба, што горш, як у турме: нават не паспіш, колькі хочацца…

Ён забраў ліст і пайшоў.

На другі дзень а дзявятай раніцы слуга пабудзіў Вакульскага і паведаміў, што Высоцкі ўжо чакае.

– Ну дык няхай зойдзе.

Праз хвіліну ўвайшоў фурман. Быў ён чыста апрануты, меў свежы выгляд і пазіраў весела. Ён наблізіўся да ложка Вакульскага і пацалаваў яму ў руку.

– Мой Высоцкі, здаецца, у цябе ёсць вольны пакой?

– Так, вяльможны пане, бо дзядзька памёр, а паскуднікі кватаранты не жадалі плаціць, дык я іх выгнаў. На гарэлку ў круцяля заўсёды хапае, а за кватэру заплаціць няма…

– Я арандую ў цябе гэты пакой, – сказаў Вакульскі, – толькі трэба яго прыбраць…

Фурман глядзеў на Вакульскага здзіўлена.

– Там будзе жыць маладая швачка, – працягваў Вакульскі. – Няхай сталуецца ў вас, няхай твая жонка мые ёй бялізну… Няхай паглядзіць, чаго ёй не стае. На мэблю і на бялізну я дам грошай… Але будзеце сачыць, каб не вадзіла нікога дадому…