Выбрать главу

– Відаць, свой… Жыд бы гэтак не званіў…

Дзверы, нарэшце, адчыніліся, на парозе паўстаў слуга Канстанты. Калі ён убачыў Вакульскага, дык прыжмурыўся, адтапырыў ніжнюю губу ды запытаўся:

– А што такое?..

Вакульскі здагадаўся, што не цешыцца ласкаю ў вернага слугі, які быў сведкам двубою.

– Пан барон дома?

– Пан барон ляжыць хворы і нікога не прымае, бо прыйшоў доктар.

Вакульскі дастаў сваю візітоўку і два рублі.

– Калі можна адведаць пана?

– Вельмі, вельмі не зараз… – крыху лагодней адказаў Канстанты. – Пан захварэў, бо быў падстрэлены, і доктар згадаў яму не сёння, дык заўтра ехаць у цёплыя краі або на вёску.

– Перад ад’ездам, хіба, няможна будзе нам пабачыцца?..

– О, зусім няможна… Дактары строга забаранілі прымаць каго-небудзь. У пана трымаецца гарачка…

Два картачныя столікі, адзін з якіх меў зламаную ножку, а другі – спрэс спісанае сукно, а таксама кандэлябры з недапаленымі васковымі свечкамі, бачныя з вітальні, прымушалі ўсумніцца ў дакладнасці паталагічных ацэнак, якія даваў слуга. Але Вакульскі даў яму яшчэ рубель і пайшоў, моцна незадаволены прыёмам.

“Можа, барон, – думаў ён, – не жадае майго візіту? Ну, у такім разе, няхай сам разлічваецца з ліхвярамі і зачыняецца ад іх аж на чатыры замкі…”

Ён вярнуўся да сябе.

Барон, сапраўды, меў намер ехаць у вёску і быў нездаровы, але не аж так моцна. Праўда, рана на твары гаілася вельмі павольна, але не з-за таго, што была цяжкая, а з прычыны агульнае хваравітасці пацыента. Хоць у момант візіту Вакульскага барон і быў абвязаны, як старая баба на марозе, але ён не ляжаў у ложку, а сядзеў у фатэлі і пры сабе меў не доктара, а графа Ліціньскага.

Ён якраз скардзіўся графу на сваё вартае жалю здароўе.

– Хай яго д’ябал возьме, – казаў ён, – якое нягоднае жыццё! Бацька, праўда, пакінуў мне ў дзяцінстве паўмільёна рублёў, але разам з гэтым – чатыры хваробы, кожная з якіх вартая мільёну… Як нязручна без пенснэ!.. Ну, і можаш сабе ўявіць, граф, грошы разышліся, а немачы засталіся. Ды я сам яшчэ пару хвароб зарабіў, залез у даўгі, дык сітуацыя ясная – мушу паклапаціцца пра труну ды натарыуса.

– Тэк! – азваўся граф. – Не думаю, каб пан у падобнай сітуацыі траціў грошы на натарыусаў.

– Сапраўды, каморнікі мяне нішчаць…

Барон гаварыў, а сам уважліва прыслухоўваўся да галасоў у вітальні, але не мог здагадацца, хто там. Калі ж грукнулі дзверы ды забразгалі засаўкі і ланцужок, ён раптам гукнуў:

– Канстанты!..

Праз хвіліну без асаблівае паспешлівасці ўвайшоў слуга.

– Хто быў?.. Пэўна, Гольдцыгер… Я ж табе казаў, каб ніякіх размоў з тым лотрам, каб хапаў яго за карак і спіхаў з лесвіцы. Няхай пан сабе толькі ўявіць, – звярнуўся ён да Ліціньскага, – гэты паганы жыд ходзіць да мяне з фальшывым вэксалем на чатырыста рублёў і мае нахабства жадаць заплаты!..

– Трэба падаваць у суд. Тэк!..

– Я не падам… Я не пракурор, які абавязаны лавіць махляроў. Зрэшты, я не жадаю, каб з маёй ініцыятывы пацярпеў нейкі бедачына, што мучыцца, падрабляючы чужыя подпісы… Дык я чакаю, каб Гольдцыгер першы пачаў справу ў судзе, а тады, нікога не вінавацячы, я заяўлю, што гэта не мой подпіс.

– А гэта і не Гольдцыгер быў, – азваўся Канстанты.

– Дык хто?.. Распарадчык, можа… Кравец?..

– Не… Гэты вось пан… – прамовіў слуга і падаў Кшэшоўскаму візітоўку. – Прыстойны чалавек, але я выгнаў яго, бо пан барон гэтак загадаў…

– Што?! – выгукнуў здзіўлены граф, які ўбачыў візітоўку. – Загадаў пан не прымаць Вакульскага?..

– Так, – пацвердзіў барон. – Цёмная фігура. Прынамсі, не для таварыства…

Граф Ліціньскі нецярпліва пакруціўся на крэсле.

– Не спадзяваўся я пачуць гэткае меркаванне пра таго пана… ад пана… Тэк…

– Не варта пану думаць, што я кажу гэта ў ганебным значэнні, – паспяшаўся з тлумачэннем барон. – Пан Вакульскі не зрабіў нічога дрэннага, толькі… адну невялікую брыдоту, на якую не зважаецца ў гандлі, але ў таварыстве…

Граф з фатэля, а Канстанты з парога ўважліва глядзелі на Кшэшоўскага.

– Мяркуй сам, граф, – працягваў барон, – сваю кабылу я саступіў пані Кшэшоўскай (перад Богам і людзьмі маёй законнай жонцы) за восемсот рублёў. Пані Кшэшоўская мне на зло (сам не ведаю за што!) пастанавіла яе прадаць. Ну і знайшоўся пакупнік, пан Вакульскі, які, карыстаючыся неўраўнаважанасцю кабеты, вырашыў зарабіць на кабыле… дзвесце рублёў!.. Бо даў за яе толькі шэсцьсот.