– Чаму не. Грошы ж не мае! Жадае пан плаціць, дык будзе пан мець канкурэнтаў на аўкцыёне… Каб мне столькі тысяч, колькі тут у Варшаве можна наняць прыстойных асоб і нават католікаў на любую справу. Быў бы я багацей за Ротшыльда.
– Значыць, будуць добрыя канкурэнты, – падвёў вынік мецэнат. – Цудоўна. Зараз я аддам пану Шлянгбаўму грошы…
– Гэта не патрэбна, – адмовіўся жыд.
– А потым напішам акцік, што пан С. Шлянгбаўм бярэ ў вяльможнага пана С. Вакульскага доўг у суме дзевяноста тысяч рублёў і забяспечвае яго нованабытаю камяніцаю. А каб пан С. Шлянгбаўм да дня 1 студзеня 1879 года вышэйпамянёнае сумы не вярнуў…
– І не вярну…
– У такім разе купленая ім камяніца, былая яснавяльможных Ленцкіх, пераходзіць ва ўласнасць вяльможнага С. Вакульскага.
– У гэты ж момант нават можа перайсці… Я на яе і не зірну, – адказаў жыд і махнуў рукою.
– Цудоўна! – выгукнуў мецэнат. – Заўтра будзе ў нас акцік, а праз тыдзень… дзён дзесяць – камяніца. Абы толькі пан не страціў на ёй колькі тысяч рублёў, шаноўны пане Станіславе.
– Толькі набуду, – адказаў Вакульскі і пачаў развітвацца з мецэнатам ды Шлянгбаўмам.
– Але, але… – падняўся мецэнат, каб правесці Вакульскага ў салон, дзе працягваў. – Нашы графы ўваходзяць у суполку, праўда, крыху змяншаюць свае ўклады і жадаюць надзвычай пільнага кантролю.
– Маюць рацыю.
– Асабліва асцярожны стаў граф Ліціньскі. Не разумею, што з ім сталася…
– Дае грошы, дык і асцярожны. Пакуль даваў толькі слова, быў смялейшы!..
– Не, не, не!.. – перапыніў яго адвакат. – Тут нешта ёсць, і я пра гэта даведаюся… Нехта абуў нас у лапці…
– Не вас, а мяне, – усміхнуўся Вакульскі. – Зрэшты, мне ўсё роўна. Не меў бы я зла на тых паноў, нават каб яны і зусім не ўступалі ў суполку…
Ён яшчэ раз пакланіўся адвакату ды паспяшаўся ў краму. Там было некалькі важных спраў, якія затрымалі яго неспадзявана доўга. Толькі а палове на другую трапіў ён у Лазенкі.
Прахалода і змрок парку, замест каб супакоіць, узмацнілі ягонае хваляванне. Ён бег шпарка, нават пачаў пабойвацца, ці не звяртае на сябе ўвагу мінакоў. Тады ён запавольваў крокі і адчуваў, як нецярпенне рве яму грудзі.
“Напэўна, ужо не іх спаткаю!” – паўтараў ён у роспачы.
Але паблізу сажалкі на фоне зеляніны кустоў ён заўважыў папялісты плашчык панны Ізабэлы. Яна стаяла на беразе разам з графіняю ды бацькам і крышыла пернікі лебедзям, адзін з якіх нават выйшаў з вады на сваіх брыдкіх лапах і стаяў ля самых ног панны Ізабэлы.
Першым убачыў яго пан Тамаш.
– Якая сустрэча! – гучна звярнуўся ён да Вакульскага. – Пан гэтаю парою ў Лазенках?..
Вакульскі пакланіўся паням і з прыемным здзіўленнем заўважыў, як запунсавеў твар панны Ізабэлы.
– Я прыходжу сюды, калі стамлюся… Гэта значыць, досыць часта…
– Беражы сілы, пане Вакульскі!.. – перасцярог яго пан Тамаш, урачыста ківаючы пальцам… – Дарэчы, – дадаў ён цішэй, – уяві сабе, пан, што за маю камяніцу баранеса Кшэшоўская хоча даць ужо семдзясят тысяч рублёў… Дакладна, атрымаю за яе сто тысяч, а можа, і сто дзесяць… Сапраўднае дабраславенне – гэтыя аўкцыёны!..
– Я гэтак рэдка бачу пана, пане Вакульскі, – перабіла яго графіня, – дык мушу неадкладна вырашыць адну справу…
– Да паслуг пані…
– Пане! – пачала тая, з камічнаю пакорай складаючы рукі. – Прашу штуку паркалю маім сіроткам… Бачыць пан, як я навучылася жабраваць?
– Пані графіня будзе мець ласку прыняць дзве штукі?..
– Толькі ў тым выпадку, калі другая – будзе штукаю суровага палатна…
– Вой, цётачка, гэта ўжо занадта! – са смехам спыніла яе панна Ізабэла. – Калі пан не хоча застацца без грошай, – звярнулася яна да Вакульскага, – дык няхай пан уцякае адсюль. Я забіраю пана, мы пройдземся ў бок аранжарэі, а панства няхай тут адпачывае…
– Ты не баішся, Бэла?.. – азвалася цётка.
– Цётачка, можа не сумнявацца, хіба, што ў таварыстве пана Вакульскага са мною не здарыцца нічога кепскага…
Вакульскаму кроў стукнула ў галаву. На вуснах графіні мільганула двухсэнсоўная ўсмешка.
Гэта была адна з тых хвілін, калі прырода стрымлівае свае магутныя сілы і на момант прыпыняе спрадвечную дзейнасць, каб шчасце істот дробных і нязначных стала больш прыкметным.
Ветрык дыхаў ледзь-ледзь і толькі для таго, каб авеяць птушанят, што спалі ў гнёздах, а таксама каб дапамагчы авадням, што спяшаліся на вясельнае спароўванне. Лістота на дрэвах гайдалася гэтак лёгка, нібы кранала іх не матэрыяльная хваля паветра, а ціхае слізганне прамянёў святла. Тут і там у вільготным гушчары пераліваліся ўсімі колерамі кроплі расы, як пырскі вясёлкі, што ўпала на зямлю.