– Ах, хто ж не любіць Росі! – адказаў Піфке. – У мяне ёсць лібрэта “Макбета”, можа, даць пану?
– Дзякуй. Але… Гэты аматар, хай сабе пан уявіць, купіў у нас каштоўны альбом і прасіў пасля трэцяга акту ўручыць яго Росі…
– Зраблю гэта з прыемнасцю! – паабяцаў таўстун Піфке, праціскаючыся на месца Жэцкага.
Пан Ігнацы зазнаў яшчэ некалькі вельмі прыкрых хвілін. Ён мусіў выбрацца з першага рада крэслаў, а франты, якія там сядзелі, аглядалі ягоны сурдут, і ягоны гальштук, і ягоную аксамітную камізэльку з іранічнаю ўсмешкаю. Потым ён мусіў заняць месца ў восьмым радзе партэра, дзе хоць і без іроніі глядзелі на ягоны гарнітур, але дзе давялося праціскацца, чапляючыся за дамскія калені.
– Стакроць перапрашаю, – казаў ён сарамліва, – але гэткая цісканіна…
– Не павінен пан казаць брыдкага слова, – адказала адна дама, у вачах якой, злёгку падмаляваных, пан Ігнацы, аднак, не заўважыў гневу. Але ён быў гэтакі збянтэжаны, што ахвотна пайшоў бы да споведзі, абы ачысціць душу ад граху гэтых дотыкаў.
Нарэшце, ён знайшоў сваё месца і ўздыхнуў з палёгкаю. Тут хоць не звярталі на яго ўвагі, бо і месца ён зараз займаў больш сціплае, і спектакль ужо пачаўся.
Прадстаўленне спачатку яго не цікавіла, ён разглядаў залу і перадусім заўважыў Вакульскага. Той сядзеў у чацвёртым радзе і глядзеў зусім не на Росі, а ў ложу, якую займала панна Ізабэла з панам Тамашам і графіняй. Жэцкі пару разоў бачыў людзей загіпнатызаваных, і яму здалося, што Вакульскі мае якраз такі выраз твару, нібы ён загіпнатызаваны тою ложаю. Ён сядзеў нерухома, нібы ў трансе, з шырока расплюшчанымі вачыма.
Хто ж, аднак, мог гэтак зачараваць Вакульскага? Пан Ігнацы не мог даўмецца. Але ён заўважыў яшчэ іншую рэч. Пакуль Росі не было на сцэне, панна Ізабэла абыякава разглядала залу або размаўляла з цёткаю, але як толькі выйшаў Росі-Макбет, яна пачала прыкрываць твар веерам і цудоўнымі, летуценнымі вачыма, здавалася, поедам ела акцёра. Здаралася, веер з белых пер’яў ападаў ёй на калені, і тады Жэцкі бачыў на твары панны Ізабэлы той самы выраз загіпнатызаванасці, які гэтак здзівіў яго ў Вакульскага.
Заўважыў ён і яшчэ тое-сёе. Калі на прыгожым абліччы панны Ізабэлы малявалася захапленне, Вакульскі паціраў сабе рукою макаўку галавы. І тады, нібы па камандзе, з балкона і з галёркі раптам гучалі апладысменты ды моцныя воклічы: “Брава, брава, Росі!..” Здавалася пану Ігнацы нават, што ў тым хоры нібы вылучаецца змучаны голас інкасатара Абермана, які першы пачынаў крычаць і апошні змаўкаў.
“Д’ябал! – падумаў ён, – няўжо гэта Вакульскі дырыжыруе клакерамі?” Але ён адразу адпрэчыў гэтае несправядлівае падазрэнне, бо Росі іграў выдатна і ўсе апладзіравалі яму вельмі натхнёна. А мацней за ўсіх – пан Піфке, жыццярадасны фабрыкант, вытворца пернікаў, які, згодна з умоваю, пасля трэцяга акту бадзёра кінуўся ўручаць Росі альбом.
Вялікі акцёр нават не кіўнуў Піфке, але нізка пакланіўся ў бок ложы, дзе сядзела панна Ізабэла. А можа, проста ў той бок?
“Уяўленні!.. Уяўленні!.. – думаў пан Ігнацы, пакідаючы тэатр пасля апошняга акту. – Бо не можа Стах быць гэтакім ёлупам…”
Зрэшты, незадавальнення ад паходу ў тэатр пан Ігнацы не адчуваў. Выступленне Росі яму спадабалася, некаторыя сцэны, такія, як забойства караля Дункана або з’яўленне духа Банка, зрабілі на яго моцнае ўражанне, а тое, як Макбет біўся на рапірах, нават выклікала захапленне. Дык выходзячы з тэатра, ён не меў прэтэнзій да Вакульскага. Наадварот, у яго з’явілася падазрэнне, што каханы Стах, толькі каб зрабіць яму прыемнасць, выдумаў гэту камедыю з уручэннем падарунка Росі.
“Ён ведае, пачцівы Стах, што адно пад прымусам мог я пайсці на італьянскіх акцёраў… Ну і добра атрымалася. Цудоўна іграе гэты фацэт, варта паглядзець на яго яшчэ раз… Зрэшты, – падумалася яму потым, – хто мае гэтулькі грошай, як Стах, можа рабіць прэзенты акцёрам. Я, праўда, выбраў бы нейкую актрысу з пышнымі формамі, але… Я чалавек іншае эпохі, нават называюць мяне банапартыстам і рамантыкам…”
Ён разважаў гэтак і нават ціха бубніў сабе пад нос, але яму не давала спакою іншая думка, якую ён хацеў заглушыць:
“Чаму Стах гэтак дзіўна глядзеў на ложу, у якой сядзела графіня, пан Ленцкі і панна Ленцкая?.. Няўжо?.. Эх, што лезе ў галаву… Вакульскі ўсё ж занадта разумны, каб меркаваць, што з гэтага штосьці можа атрымацца… Дзіцяці зразумела, што тая панна, наогул халодная, як лёд, сёння шалее ад Росі… Як яна на яго глядзела, аж забывалася, што сядзіць у тэатры на вачах у сотні гледачоў!.. Не, гэта абсурд! Слушна называюць мяне рамантыкам…”