Мала таго жаху, дык няшчасны Піфке яшчэ і крычыць: “Вось дар паноў Станіслава Вакульскага, купца, ды Ігнацы Жэцкага, яго намесніка!” Увесь тэатр кладзецца ад рогату, усе вочы і пальцы скіраваныя на восьмы рад партэра, менавіта на тое крэсла, дзе сядзіць пан Ігнацы. Гаротнік хоча запратэставаць, але адчувае, што у яго зусім знік голас, а на давяршэнне – і сам ён некуды знікае. Знікае ў невымерным, бяздонным акіяне нябыту, у якім будзе спачываць векі вечныя і нават не апраўдаецца ўжо перад тэатральнымі гледачамі, што нанкавыя кальсоны з фартушком ды штрыпкамі былі скрадзеныя ў яго падспудна з асабістага збору памятак.
Пасля фатальнае ночы Жэцкі прачнуўся ажно без чвэрці сем. Ён не хацеў верыць уласным вачам, пазіраючы на гадзіннік, але, нарэшце, паверыў. Паверыў ён нават у тое, што ўчора крыху захмялеў. Красамоўным сведчаннем, зрэшты, была цяжкая галава ды агульная млявасць.
Але ўся гэтая нямогласць трывожыла пана Ігнацы менш, чым адзін страшны сімптом, і вось які: яму не хацелася ісці ў краму!.. Горш за тое, ён адчуваў не толькі ляноту, а поўны заняпад амбіцый, бо замест таго, каб саромецца свайго грэхападзення ды змагацца з гультайствам, ён, Жэцкі, вышукваў прычыны, каб як мага даўжэй затрымацца дома.
То яму здавалася, што Ір хворы, то – ржавее ніколі не ўжываная дубальтоўка, то – не так вісіць зялёная фіранка на акне, і, нарэшце, што гарбата занадта гарачая, дык піць яе трэба павольней, чым звычайна.
У выніку пан Ігнацы на сорак хвілін спазніўся ў краму ды ўгнуўшы плечы пракраўся да канторкі. Яму здавалася, што кожны з “паноў” (а, як назло, усе прыйшлі сёння ў час), што кожны з іх вельмі пагардліва глядзіць на кругі ў яго пад вачыма, на шэры колер твару ды лёгкае дрыжанне рук.
“Яшчэ падумаюць, што я ў распусту кінуўся!” – уздыхнуў небарака пан Ігнацы.
Потым ён выцягнуў кнігі, памачаў пяро і нібыта заняўся падлікамі. Ён не сумняваўся, што смярдзіць, як старая дзежка, якую ўжо выкінулі са склепу, і зусім сур’ёзна меркаваў: ці не варта падацца ў адстаўку пасля цэлага шэрагу гэтакіх ганебных учынкаў.
“Напіўся… позна вярнуўся дадому… позна ўстаў… на сорак хвілін спазніўся ў краму…”
У гэты момант да яго падышоў Клейн з нейкім лістом.
– На канверце напісана: “вельмі пільна”, дык я распячатаў, – прамовіў мізэрны крамнік і падаў ліст Жэцкаму.
Пан Ігнацы разгарнуў яго і прачытаў:
“Чалавеча, неразумны ці подлы! Не зважаючы на гэткую колькасць зычлівых перасцярог, купляеш ты, аднак, дом, які стане дамавінаю твайму і так несумленна здабытаму маёнтку…”
Пан Ігнацы кінуў вокам на апошні радок, але не ўбачыў подпісу, ліст быў ананімны. Ён зірнуў на канверт – на ім быў адрас Вакульскага. Стаў чытаць далей:
“Якая нячыстая сіла паставіла цябе на дарозе ў шляхетнае дамы, мужа якой ты ледзь не забіў, а цяпер хочаш адабраць дом, дзе памерла яе каханая дачка?.. І навошта ты гэта робіш?.. Навошта плаціш, калі праўда, ажно дзевяноста тысяч рублёў за камяніцу, нявартую і сямідзесяці тысяч?.. Гэтыя таямніцы тваёй чорнай душы справядлівасць Божая некалі выявіць, а сумленныя людзі пакараюць пагардаю.
Дык абдумайся, пакуль не позна. Не губі сваю душу, пашкадуй грошай ды пакінь у спакоі сумленную даму, якая ў неспатольным жалю па страчанай дачцэ мае сёння адзінае суцяшэнне – сядзець у тым пакоі, дзе беднае дзіця аддало Богу душу. Апамятайся, заклінаю цябе. Зычлівая…”
Пан Ігнацы прачытаў гэта і страсянуў галавою:
– Нічога не разумею. Хоць вельмі сумняюся ў зычлівасці гэтае дамы.
Клейн баязліва азірнуўся навокал, пераканаўся, што ніхто ў краме не глядзіць у іх бок, і зашаптаў:
– Бо гэта ж, бачыць пан, стары наш, падобна, купляе дом Ленцкага, які заўтра крэдыторы якраз пускаюць з аўкцыёну…
– Стах… значыць… пан Вакульскі купляе дом?
– Так, так… – заківаў галавою Клейн. – Але купляе не на ўласнае імя, а за пасярэдніцтвам старога Шлянгбаўма… Гэтак, прынамсі, кажуць у тым доме, бо і я ж там жыву.
– За дзевяноста тысяч рублёў?..
– Менавіта. А баранеса Кшэшоўская хацела б купіць гэту камяніцу за семдзясят тысяч рублёў, дык ананімка, пэўна, ад яе. Я нават гатовы закласціся, што ад яе, бо пякельная баба…
Госць, які ўвайшоў у краму і пачаў разглядаць парасоны, спыніў размову Клейна з Жэцкім. У пана Ігнацы завіравалі ў галаве надта цікавыя думкі.
“Калі я, – казаў ён сам сабе, – змарнаваў адзін вечар і нарабіў гэтым такога замяшання ў краме, дык якога замяшання ў справах наробіць Стах, які цяпер марнуе дні і тыдні на італьянскія тэатры, а рэшту – ужо і не ведаю на што…”