Выбрать главу

У гэты момант, аднак, ён прыгадаў, што ў краме па яго віне нарабілася няшмат замяшання, амаль ніякага, і гандаль ідзе, зрэшты, цудоўна. А сам Вакульскі, калі казаць праўду, нягледзячы на дзівачны лад жыцця, не занядбаў абавязкі кіраўніка.

“Але навошта ён хоча замураваць дзевяноста тысяч рублёў у тыя сцены?.. Адкуль узяліся гэтыя Ленцкія?.. Няўжо… Гэх! Сташак не гэтакі ёлупень…”

Але навіна пра пакупку камяніцы яго непакоіла.

“Запытаюся ў Генрыка Шлянгбаўма,” – вырашыў ён і ўстаў з-за канторкі.

У аддзеле тканін малы згорблены Шлянгбаўм з чырвонымі вачыма і зацятым выразам твару завіхаўся, як звычайна: лазіў па драбінцы або перамотваў штукі паркалю. Ён ужо гэтак прызвычаіўся да гарачкі ў працы, што калі нават не было пакупнікоў, безупынку выцягваў штуку за штукаю, раскручваў ды скручваў, каб потым пакласці на месца.

Калі Шлянгбаўм убачыў пана Ігнацы, ён прыпыніў сваю бясплённую дзейнасць і выцер пот з ілба.

– Цяжка, а як жа… – сказаў ён.

– Бо навошта пану перакладаць гэтыя анучы, калі ў краме няма пакупнікоў? – заўважыў Жэцкі.

– Аёй!.. Каб жа я гэта не рабіў, дык забыўся б, што дзе ляжыць… Іржа суставы б з’ела… Зрэшты, я ўжо прызвычаіўся… Пан нешта хоча?..

Жэцкі на момант збянтэжыўся.

– Не… Хацеў зірнуць толькі, як тут пану, – адказаў пан Ігнацы і пачырванеў, наколькі гэта было магчыма ў ягоным веку.

“Няўжо і ён мяне падазрае ды сочыць за мною? – бліснула ў галаве Шлянгбаўма, і яго апанавала злосць. – Так, бацька мае рацыю… Сёння ўсе нападаюць на жыдоў. Хутка давядзецца адгадаваць пэйсы ды надзець ярмолку…”

“Ён нешта ведае!” – падумаў Жэцкі, а ўголас сказаў:

– Падобна… падобна, шаноўны бацька пана купляе заўтра камяніцу… камяніцу пана Ленцкага?..

– Я нічога не ведаю, – адказаў Шлянгбаўм і ўтаропіўся ў падлогу. А сам падумаў:

“Мой стары купляе дом для Вакульскага, а яны мяркуюць і, напэўна, гавораць паміж сабою: гляньце, зноў жыд-ліхвяр абабраў католіка ды пана з паноў…”

“Нешта ён ведае, толькі казаць не хоча, – думаў Жэцкі. – Вядома, жыд…”

Ён пакруціўся яшчэ па зале, што Шлянгбаўм палічыў доказам недаверу ды высочвання, і вярнуўся да сябе, уздыхаючы:

“Гэта жахліва, але Стах больш давярае жыдам, чым мне… Навошта, аднак, ён купляе гэты дом, навошта звязваецца з Ленцкімі… А можа, і не купляе?.. Можа, гэта толькі пагалоскі?..”

Гэткага страху наганяла на яго замуроўванне дзевяноста тысяч рублёў гатоўкі, што ён цэлы дзень толькі пра тое і думаў. Хацеў нават у пэўны момант наўпрост запытацца ў Вакульскага, але не хапіла яму адвагі.

“Стах, – казаў ён сабе, – заняты цяпер толькі панамі, а давярае жыдам. Што яму стары Жэцкі!..”

Дык ён вырашыў сам пайсці заўтра ў суд і паглядзець, ці праўда стары Шлянгбаўм купіць дом Ленцкіх, ці праўду кажа Клейн, што торг дойдзе да дзевяноста тысяч рублёў. Калі гэта спраўдзіцца, дык будзе ясна, што і ўсё іншае – праўда.

У поўдзень зайшоў у краму Вакульскі і пачаў гаворку з Жэцкім, распытваючы яго пра ўчорашні тэатр. Чаму той уцёк з першага рада партэра? Чаму прымусіў Піфке ўручыць альбом? Але пан Ігнацы меў у сэрцы гэтулькі крыўды і гэтулькі падазронасці да свайго каханага Стаха, што адказваў яму гугнява і пахмурна. Дык Вакульскі змоўк ды пайшоў з крамы з горыччу ў душы.

“Усе адварочваюцца ад мяне, – думаў ён, – нават Ігнацы… Нават ён… Але ты мяне за ўсё ўзнагародзіш,” – дадаў ён, пазіраючы ў бок алеі Уяздоўскае.

Пасля таго, як Вакульскі пайшоў з крамы, Жэцкі асцярожна выпытаў у “паноў”, у якім судзе і а якой гадзіне адбываюцца аўкцыёны нерухомасці, потым угаварыў Лісецкага, каб той падмяніў яго заўтра паміж дзявятай раніцы і другою гадзінаю дня ды з падвойнай руплівасцю ўзяўся за падлікі. Машынальна (але беспамылкова) ён складаў доўгія, як Новы Свят, слупкі лічбаў, а ў перапынках размаўляў сам з сабою:

“Сёння я змарнаваў каля гадзіны, заўтра змарную не менш за пяць, а ўсё таму, што Стах больш давярае Шлянгбаўму, чым мне… Навошта яму камяніца?.. Якога д’ябла ён звязваецца з тым банкрутам Ленцкім?.. Чаго яму стрэліла ў галаву бегаць у тэатр на італьянцаў ды яшчэ даваць каштоўныя падарункі гэтаму прыблудзе Росі?..”

Не падымаючы галавы ад кнігі, ён сядзеў пры канторцы да шостае і быў гэтак заняты працаю, што не толькі не прымаў грошы, але нават не бачыў і не чуў пакупнікоў, якія раіліся ды гаманілі ў краме, як вялізныя пчолы ў вуллі. Не заўважыў ён і нечаканага госця, якога “панове” прывіталі гучнымі воклічамі ды пацалункамі.

Толькі калі прыбылы стаў над ім ды гукнуў у вуха: “Пане Ігнацы, гэта я!..”, Жэцкі страпянуўся і падняў угару галаву, а разам – бровы ды вочы, бо перад ім быў Мрачэўскі…