Выбрать главу

– Га?.. – спытаў пан Ігнацы, пазіраючы на маладога франта, асмуглага, памужнелага і, галоўнае, раздабрэлага. – Ну, што… Ну, што чуваць?.. – цягнуў пан Ігнацы, вітаючыся з ім за руку.

– Нічога новага, – адказаў Мрачэўскі. – Кангрэс у Берліне робіць сваё, аўстрыякі возьмуць Боснію.

– Ну, ну, ну… Жарты, жарты!.. А пра малога Напалеонка што чуваць?

– Вучыцца ў Англіі ў вайсковай школе і, падобна, закахаўся ў нейкую акцёрку…

– Ужо і закахаўся!.. – насмешліва паўтарыў пан Ігнацы. – А ў Францыю ён не вяртаецца? Як, пан, маешся? Адкуль ты тут узяўся? Ну расказвай хутчэй, – весела выгукнуў Жэцкі і ўдарыў яго ў плячо. – Калі ты прыехаў?..

– А, гэта цэлая гісторыя! – адказаў Мрачэўскі, падаючы ў фатэль. – Прыехалі мы з Сузіным сёння аб адзінаццатай… Ад першае да трэцяе сядзелі з ім у Вакульскага, а пасля трэцяе забег на хвілінку да маці і на хвілінку – да пані Стаўскае… Цудоўная кабета, га?

– Стаўская?. Стаўская?.. – прыгадваў Жэцкі, паціраючы лоб.

– Пан яе ведае. Гэта тая прыгажуня з дачушкаю… Тая, што гэтак пану даспадобы…

– А, тая!.. Ведаю… Не так мне яна даспадобы, як я меркаваў, што была б яна добрая жонка Стаху…

– Дзівак пан, – зарагатаў Мрачэўскі. – У яе ж ёсць муж…

– Муж?

– Дзіва што. Зрэшты, прозвішча ўсе чулі. Чатыры гады таму ўцёк бядак за мяжу, бо яго лічылі вінаватым у забойстве тае…

– А, памятаю!.. Дык гэта ён?.. Чаму ж не вярнуўся, калі высветлілася, што ён невінаваты?..

– Вядома, невінаваты, – працягваў Мрачэўскі. – Але як даў драпака ў Амерыку, дык па сённяшні дзень ні вока не бачыла, ні вуха не чула. Відаць, загінуў недзе небарака, а кабета засталася ані паннаю, ані ўдавою… Жахлівы лёс!.. Утрымліваць сям’ю з гафту, з ігры на фартэп’яна ды з урокаў англійскае мовы… Працаваць цэлы дзень, як вол, ды яшчэ не мець мужа… Бедныя кабеты!.. Мы б, пане Ігнацы, гэтак доўга не вытрымалі ў цноце, так?.. О, вар’ят стары…

– Хто вар’ят? – спытаў Жэцкі, здзіўлены раптоўным воклічам.

– Хто ж, калі не Вакульскі, – адказаў Мрачэўскі. – Сузін едзе ў Парыж і сілаю цягне яго за сабою, бо збіраецца там купляць надта шмат тавараў. Наш стары ні гроша не патраціў бы на падарожжа ды пажыў бы па-каралеўску, бо Сузін, чым далей ад жонкі, тым шырэй раскрывае кішэню… Гэ! Ды ён бы яшчэ і зарабіў тысяч з дзесяць.

– Стах… то бок, наш гаспадар зарабіў бы каля дзесяці тысяч рублёў? – спытаў Жэцкі.

– Вядома. Ну, але што ж, калі ён гэтакі ўжо ачмурэлы…

– Ну, ну… пане Мрачэўскі!.. – прысароміў яго пан Ігнацы.

– Але ж, слова гонару, ачмурэў. Бо я ведаю, што ён збіраецца ехаць на выставу ў Парыж і нават хутка…

– Так.

– Дык чаму ён не хоча ехаць з Сузіным задарма і зарабіць грошай?.. Дзве гадзіны ўпрошваў яго Сузін: “Паехалі са мною, Станіславе Пятровічу”. Прасіў, кланяўся… Усё марна. Вакульскі – не і не! Сказаў, што ў яго тут ёсць нейкія справы…

– Ну, ёсць… – прамовіў Жэцкі.

– О так, ёсць… – перадражніў яго Мрачэўскі. – Самая важная яго справа – не расчараваць Сузіна, які дапамог яму зарабіць капітал, дае вялізны крэдыт і не раз казаў мне, што не супакоіцца, пакуль Станіслаў Пятровіч не адкладзе хоць мільён рублёў… І гэткаму прыяцелю адмаўляць у невялікай паслузе, зрэшты, добра аплачанай! – абураўся Мрачэўскі.

Пан Ігнацы хацеў быў нешта сказаць, але прыкусіў язык. Ён ледзьве не прагаварыўся, што Вакульскі купляе дом Ленцкага і гэткія дарагія падарункі дае Росі.

Да канторкі наблізіліся Клейн з Лісецкім, і Мрачэўскі, рады, што яны вольныя, кінуўся з размовамі да іх, а пан Ігнацы зноў застаўся адзін над сваёю кнігаю.

“Бяда! – думаў ён. – Чаму Стах не едзе задарма ў Парыж ды яшчэ пярэчыць Сузіну?.. Якая трасца звяла яго з тымі Ленцкімі… Няўжо?.. Гэх! Але ж ён не такі ёлупень… Але шкада і падарожжа, і дзесяці тысяч рублёў… Божа, Божа, што з людзьмі робіцца…”

Ён апусціў галаву і вадзіў пальцам то знізу ўверх, то зверху ўніз, складаючы слупкі лічбаў, доўгія, як Новы Свят ды Кракаўскае прадмесце. Ён без памылак лічыў, мармытаў сабе пад нос, але не пакідала яго думка, што ягоны Стах стаіць на нейкім фатальным схіле.

“Марна, – шаптаў яму голас, прытоены на самым дне душы, – марна ўсё!.. Стах ублытаўся ў салідную авантуру… Дакладна, у палітычную авантуру, бо такі чалавек, як ён, не вар’яцеў бы з-за кабеты, хоць нават была б ёю сама панна… Ах, д’ябал, памыліўся! Адмаўляецца, грэбуе дзесяццю тысячамі рублёў… Ён, хто восем гадоў таму мусіў пазычаць у мяне па дзесяць рублёў на месяц, як жабрак… А цяпер кідае пад ногі дзесяць тысяч, замуроўвае ў камяніцу дзевяноста тысяч, робіць акцёрам прэзенты на сотні… Напрамілы Бог, я не разумею! І гэта нібы пазітывіст, чалавек, які рэальна мысліць… Мяне называюць старым рамантыкам, але ж я гэткае несусвеціцы не рабіў… Ну хіба калі з галавою ўлез у палітыку…”