Гэткія разважанні не спыняліся аж да закрыцця крамы. Галава яго пабольвала, і ён выйшаў пашпацыраваць па Новым З’яздзе, а калі вярнуўся дадому, рана лёг спаць.
“Заўтра, – сказаў ён сабе, – мне стане ясна, што тут робіцца. Калі Шлянгбаўм купіць дом Ленцкага і дасць за яго дзевяноста тысяч рублёў, гэта будзе азначаць, што Стах сапраўды з ім дамовіўся, і што сапраўды ён звар’яцеў… А можа, Стах і не купляе камяніцу, можа, усё гэта плёткі…”
Ён заснуў, і яму снілася, што ў акне высокага дома ён бачыць панну Ізабэлу, да якой Вакульскі, што стаяў з ім побач, хоча бегчы. Дарэмна намагаецца пан Ігнацы затрымаць яго, ажно ў пот яго кінула. Вакульскі вырываецца і знікае ў браме камяніцы.
“Стаху, вярніся!..”– крычыць пан Ігнацы, бо бачыць, як дом пачынае хістацца.
Дом абрынаецца. Панна Ізабэла з усмешкаю вылятае з яго, як птушка, а Вакульскага не відаць…
“Можа, ён выскачыў на падворак і выратаваўся…” – думае пан Ігнацы і прахопліваецца. Сэрца ў яго моцна калоціцца.
Назаўтра пан Ігнацы прачынаецца крыху раней за шостую, прыгадвае, што якраз сёння прадаюць на аўкцыёне камяніцу Ленцкага, што ён мусіць пабачыць гэтае відовішча, і ўскоквае з ложка, як спружына. Босы, ён бяжыць да вялікага таза, абліваецца з галавы да ног халоднаю вадою і, пазіраючы на свае лыткі, падобныя да жэрдак, мармыча: “Здаецца, патаўсцеў”.
У працэсе стараннага мыцця пан Ігнацы падымае сёння столькі шуму, што будзіць Іра. Брудны пудзель расплюшчвае адзінае вока, якое яму засталося, заўважае, падобна, нязвыклую энергічнасць свайго гаспадара і саскоквае з куфра на падлогу. Ён атрасаецца, пазяхае, выцягвае назад адну лапу, потым – другую лапу, потым прысаджваецца насупраць акна, за якім заходзіцца ад крыку кура, якую рэжуць, і вырашае, што насамрэч нічога не здарылася, таму вяртаецца на сваю посцілку. Пры гэтым выгляд у яго непрыступны, можа, і злосны (на пана Ігнацы за пустую трывогу), бо ён скручваецца, адвярнуўшыся хрыбтом да пакою, а носам і хвастом – да сцяны, і нібы жадае сказаць гэтым пану Ігнацы: “Надакучыла ўжо мне бачыць тваю мізэрнасць”.
Жэцкі ў імгненне вока апранаецца і з бліскавічнаю хуткасцю выпівае гарбату, не заўважаючы ні самавара, ні слугі, што яго прынёс. Потым бяжыць у яшчэ замкнёную краму, тры гадзіны запар лічыць, не зважаючы на пакупнікоў ды размовы “паноў”, і дакладна а дзясятай кажа Лісецкаму:
– Пане Лісецкі, а другой я вярнуся…
– Канец свету, – бурчыць Лісецкі. – Нешта надзвычайнае, калі гэты недарэка ў такі час выбраўся ў горад…
Ужо на ходніку перад крамаю Пан Ігнацы адчувае напад згрызотаў сумлення.
“Што я раблю? – думае ён. – Якая мне справа да аўкцыёнаў? Хай выстаўляюць нават палацы, а не тое што камяніцы...”
І ён вагаецца: ісці ў суд ці вярнуцца ў краму? У гэты момант ён заўважае брычку, што едзе па Кракаўскім прадмесці, а ў ёй даму – высокую, хударлявую, спакутаваную, у чорнай вопратцы. Дама глядзіць якраз на іх краму, і Жэцкі ў яе зацятым позірку ды сіняватых вуснах прыкмячае сапраўдную нянавісць.
“Далібог, гэта баранеса Кшэшоўская… – мармыча пан Ігнацы. – Вядома, яна едзе на аўкцыён… Скандал!..”
Абуджаюцца ў яго, аднак, і сумневы. Хто ведае, ці ў суд едзе баранеса? Можа, гэта ўсё плёткі?..
“Варта спраўдзіць,” – думае пан Ігнацы, забываецца на свае абавязкі намесніка і старшага крамніка ды ідзе следам за брычкаю. Нягеглыя коні цягнуць гэтак павольна, што пан Ігнацы мае магчымасць бачыць гэты рыдван на ўсім шляху да калоны Жыгімонта. Тут коні збочваюць налева, а Жэцкі думае:
“Вядома, едзе баба на Мядовую. Танней бы ёй каштавала дабрацца туды на памяле…”
Паўз дом Рэзлера (які нагадвае пра нядаўнюю п’янку!) па Сенатарскай пан Ігнацы даходзіць да вуліцы Мядовае. Мінаючы склад гарбаты Навіцкага, ён на хвіліну затрымліваецца, бо мерыцца зайсці павітацца з гаспадаром, але адразу ж уцякае з мармытаннем: “Што ён падумае, калі ўбачыць мяне гэтаю парою на вуліцы?.. Вядома, ён падумае, што я нічога не варты намеснік, што не сядзіцца мне ў краме, дык лайдачу па горадзе… Дажыўся!..”
Усю астатнюю дарогу да суда пана Ігнацы мучыць сумленне. Яно ўвасабляецца ў барадатага волата ў жоўтым ядвабным халаце і гэткіх жа штанах, які зычліва, але разам з тым іранічна зазірае яму ў вочы ды пытае:
“А скажы ты мне, пане Жэцкі, хто з прыстойных купцоў бадзяецца ў гэты час па горадзе? З пана гэткі ж купец, як з мяне балерына…”
І пан Ігнацы разумее, што яму няма чаго адказаць сувораму суддзі. Ён чырванее, патнее і ўжо хоча вяртацца да сваіх кніг (але каб заўважыў гэта Навіцкі), як раптам бачыць перад сабою даўні палац Паца.