Яе адвакат хутка адыходзіць ад стала і бяжыць бараніць забойцу.
– Семдзясят пяць тысяч!.. – крычыць велічны пан.
– Паміраю! – енчыць баранеса.
У зале робіцца рух. Стары ліцвін падхоплівае баранесу, але ў яго адбірае яе Марушэвіч, які невядома скуль з’явіўся на гэтай урачыстасці. Баранеса плача, абапіраецца на Марушэвіча ды выходзіць з залы. Пры гэтым яна кляне свайго адваката, суд, удзельнікаў аўкцыёну і каморнікаў. Пан Ленцкі балесна ўсміхаецца, а выпетраны жыдок тым часам кажа:
– Восемдзясят тысяч і сто рублёў…
– Восемдзясят пяць… – перабівае яго Шлянгбаўм.
Пан Ленцкі ўвесь ператвараецца ў слых і ў зрок. Ён не зводзіць вачэй з трох пакупнікоў, а вуха яго ловіць словы тоўстага пана:
– Восемдзясят восем тысяч…
– Восемдзясят восем і сто рублёў, – кажа худасочны жыдок.
– Няхай будзе дзевяноста, – заканчвае стары Шлянгбаўм і б’е рукою па стале.
– Дзевяноста тысяч, – пачынае каморнік, – першы раз…
Пан Ленцкі забывае пра этыкет, пхаецца наперад да касцельнага і шэпча яму:
– Таргуйся, пан!
– Чаго пан патыліцу чухае? – звяртаецца касцельны да выпетранага жыдка.
– А пан чаго тут бушуе? – азываецца да касцельнага адзін з каморнікаў. – Ты, хіба, купіш дом?.. Вымятайся адсюль, пан!
– Дзевяноста тысяч другі раз!.. – працягвае каморнік.
Твар пана Ленцкага робіцца шэры.
– Дзевяноста тысяч рублёў трэці раз! – абвяшчае каморнік і стукае малаточкам па зялёным сукне.
– Шлянгбаўм купіў! – чуваць у зале.
Пан Ленцкі няўцямна азіраецца навокал, і яго позірк спыняецца на адвакаце.
– А, пане мецэнаце, – дрыжачым голасам звяртаецца ён да таго, – гэта нягожа!..
– Што нягожа?..
– Нягожа… гэта значыць, несумленна!.. – паўтарае абураны пан Ленцкі.
– Што нягожа?.. – пачынае ўжо злавацца адвакат. – Пасля заплаты іпатэчнага доўгу атрымае пан трыццаць тысяч рублёў…
– Але мне гэты дом каштаваў сто тысяч, і мог бы пайсці, каб справа была лепей піль-на-ва-ная, за сто дваццаць тысяч…
– Так, – пацвярджае касцельны, – дом варты ста дваццаці тысяч.
– А! Чуе пан?! – кажа пан Ленцкі. – Каб справа была да-піль-на-ва-ная…
– Але ж, пане, прашу без абраз! Пан наслухаўся парадаў з усіх куткоў, розных лотраў з Павяка…
– О, прашу прабачэння… – адказвае абражаны касцельны. – Не кожны той лотр, хто сядзіць у Павяку… А што да парадаў…
– Так, дом варты быў ста дваццаці тысяч! – нечакана азываецца саюзнік у асобе ягамосця з круцельскаю фізіяноміяй.
Пан Ленцкі глядзіць на яго шклянымі вачыма, але нічога ўжо не разумее. Ён не развітваецца з адвакатам, проста ў зале насоўвае капялюш на галаву і выходзіць з мармытаннем:
– Страціў з-за жыдоў і адвакатаў не менш як трыццаць тысяч рублёў… Можна было атрымаць сто дваццаць тысяч…
Стары Шлянгбаўм таксама ўжо выходзіць, але яму заступае дарогу пан Цынандэр, той брунет, прыгажэй за якога ніколі не бачыў пан Ігнацы.
– Што гэта пан Шлянгбаўм робіць? – пытаецца прыгожы брунет. – Гэты дом можна было купіць за семдзясят адну тысячу. Ён на сённяшні дзень не варты больш…
– Аднаму не варты, а другому варты. Я заўсёды добра раблю, – задуменна адказвае Шлянгбаўм.
Нарэшце і Жэцкі выходзіць з залы, у якой пачынаецца іншы аўкцыён ды збіраецца іншая публіка. Пан Ігнацы павольна спускаецца сходамі ды разважае:
“Дык дом купіў Шлянгбаўм і якраз за дзевяноста тысяч, як і прадказваў Клейн. Ну, але ж Шлянгбаўм не Вакульскі… Стах не зрабіў бы гэткае бязглуздзіцы… Не! І з гэтаю паннаю Ізабэлаю – фарс, дый годзе. Плёткі…”
XIX. ПЕРШАЯ ПЕРАСЦЯРОГА
Была гадзіна дня, калі пан Ігнацы з пачуццём сораму і трывогі падышоў да крамы. Навошта ён змарнаваў гэтулькі часу?.. Якраз у пару найбольшага наплыву пакупнікоў! А раптам яшчэ і бяда якая здарылася! І што за радасць у спёку бадзяцца па вуліцах, глытаючы пыл і смурод разагрэтага асфальту?!
Сапраўды, дзень быў надзвычай спякотлівы і сонечны: ходнікі і каменныя сцены дыхалі гарачынёю, да бляшаных шыльдаў і жалезных слупоў нельга было дакрануцца, ад зыркага святла ў пана Ігнацы слязіліся вочы і чорныя мухі мігцелі перад вачыма.
“Каб я быў панам Богам, – думаў ён, – дык палову ліпеньскае спёкі пакінуў бы на снежань…”
Раптам ён зірнуў на вітрыну ўласнае крамы, якую якраз мінаў, і аслупянеў. Вітрына ўжо другі тыдзень была не абноўленая! Тая самая бронза, маёліка, вееры, тыя самыя нэсэсэры, пальчаткі, парасоны і цацкі!.. Ці бачыў хто падобнае нядбальства?!
“Але ж і нягоднік я! – прамармытаў ён. – Нядаўна напіўся, сёння бадзяюся… Да д’ябла пойдзе лаўка, як амэн у пацерах…”