– Чаму так, тата?
– Ты яшчэ дзіця, – прамовіў крыху заклапочаны пан Тамаш. – Ты ідэалістка… мне не хацелася цябе ўразіць… Але ж ты разумніца. Барон, заўваж, мае нейкія справы з ліхвярамі, а заможнасць маршалка – гэта, у асноўным, шчасце пагарэльца, ну… і крыху гандаль быдлам падчас севастопальскае вайны…
– Дык вось якія яны, прэтэндэнты на маю руку… – прашаптала панна Ізабэла.
– Гэта нічога не значыць, Бэля!.. У іх ёсць грошы і вялікі крэдыт, а гэта галоўнае, – супакойваў яе пан Тамаш.
Панна Ізабэла страсянула галавою, нібы жадаючы адагнаць прыкрыя думкі.
– Дык мы, тата, не паедзем у Парыж?
– Чаму, дзіця маё, чаму?..
– Калі тата заплаціць пяць або шэсць тысяч тым жыдам…
– А! Не бойся. Я папрашу Вакульскага, каб ён выстараўся мне патрэбную суму пад пяць або сем працэнтаў, і мы будзем плаціць нейкіх рублёў чатырыста гадавых. Ну, а маем жа мы дзесяць тысяч.
Панна Ізабэла апусціла галаву, яна ціха вадзіла пальцамі па стале і думала.
– Тата, – запыталася яна праз пару хвілін, – ты не баішся Вакульскага?..
– Я?.. – крыкнуў пан Тамаш і ўдарыў сабе кулаком у грудзі. – Я баюся Яанны, Гартэнзіі, нават нашага князя і, зрэшты, усіх іх разам, але не Вакульскага. Каб ты бачыла, як ён сёння абціраў мяне адэкалонам… А з якою трывогаю ён пазіраў на мяне!.. Гэта самы шляхетны чалавек, якога я сустракаў у жыцці… Тут не ў грашах справа, ён на мне нажывацца не хоча, яму патрэбна сяброўства… Бог мне яго паслаў, ды яшчэ ў такую хвіліну, калі… калі я пачынаю адчуваць, што набліжаецца старасць, а можа… і смерць…
Пры гэтых словах у пана Тамаша задрыжалі павекі, з-пад якіх зноў выкацілася некалькі слязінак.
– Тата, ты хворы!.. – закрычала спалоханая панна Ізабэла.
– Не, не!.. Гэта спёка, хваляванне і, галоўнае… расчараванне ў людзях. Падумай толькі, ці прыйшоў хто да нас сёння?.. Ніхто. Бо яны думаюць, што мы ўжо ўсё страцілі… Яанна баіцца, каб я не прыйшоў да яе пазычаць на заўтрашні абед… Тое самае і барон, і князь… Яшчэ барон, калі даведаецца, што засталося ў нас трыццаць тысяч, прыйдзе сюды… з-за цябе. Бо падумае: каб і ажаніўся з табою без пасагу, дык не давялося б яму траціцца на мяне… Але супакойся, варта ім пачуць, што ў нас дзесяць тысяч рублёў гадавых, усе яны вернуцца, і ты зноў, як раней, будзеш каралеваю ў сваім салоне… Божа, які я сёння знерваваны!.. – казаў пан Тамаш, выціраючы слёзы з вачэй.
– Я пашлю па лекара, тата?..
Бацька задумаўся.
– Няхай ужо заўтра, заўтра… Можа, само пройдзе да заўтра…
У гэты момант пастукаліся ў дзверы.
– Хто там?.. Што там?.. – спытаў пан Тамаш.
– Пані графіня прыехала, – пачуўся з калідора голас панны Фларэнтыны.
– Яася?! – радасна здзівіўся пан Тамаш. – Ідзі ж да яе, Бэльця… Я мушу крыху прыадзецца… Магу закласціся, што яна ўжо ведае пра трыццаць тысяч… Ідзі ж, Бэля… Мікалай!..
Ён замітусіўся па спальні, збіраючы сваю вопратку, а тым часам панна Ізабэла выйшла да цёткі, якая ўжо чакала ў салоне.
Графіня, убачыўшы панну Ізабэлу, адразу кінулася да яе з абдымкамі.
– Які Бог добры, – загаманіла яна, – што паслаў вам гэтулькі шчасця! Падобна, Тамаш узяў за камяніцу дзевяноста тысяч, і твой пасаг ацалеў?.. Хто б мог падумаць…
– Бацька, цётачка, спадзяваўся ўзяць больш, і толькі нейкі жыд, пакупнік, перашкодзіў канкурэнтам, – адказала трохі кранутая за жывое панна Ізабэла.
– Ах, дзіця маё, ты яшчэ не пераканалася ў непрактычнасці бацькі. Ён можа выдумляць, што дом варты мільёнаў, а я тым часам ведаю ад людзей кампетэнтных, што варты ён не больш за семдзясят з нечым тысяч. Прынамсі, камяніцы апошнім часам штодня прадаюцца на аўкцыёне, дык вядома, колькі якая каштуе. Зрэшты, няма тут пра што казаць, бацька няхай думае, што яго ашукалі, а ты, Бэля, маліся за здароўе таго жыда, які даў дзевяноста тысяч… Дарэчы, ты ведаеш, што Казік Старскі вярнуўся?
Твар панны Ізабэлы запунсавеў.
– Калі і адкуль? – спытала яна крыху сарамліва.
– Цяпер з Англіі, а раней быў у Кітаі. Як заўсёды – прыгажун. Ён едзе да бабкі, якая, здаецца, пакідае яму маёнтак.
– Гэта па суседстве з цётачкаю?
– Менавіта пра гэта я і хацела пагаварыць. Ён з гэткаю цікавасцю распытваў пра цябе, дык я, мяркуючы, што ты ўжо вылечылася, хіба, ад сваіх капрызаў, параіла яму заўтра вас наведаць.
– Як добра!.. – узрадавалася панна Ізабэла.
– Вось бачыш!.. – адказала графіня, цалуючы яе. – Цётка заўсёды думае пра цябе. Гэта выдатная партыя, усё можа атрымацца, бо Тамаш мае капіталік, якога павінна яму хапіць, а Казік чуў, што цётка Гартэнзія не забылася на цябе ў сваім тастаменце. Ну, я падазраю, што Старскі мае трохі даўгоў. Але таго, што яму застанецца ад маёнтка бабкі, ды з тым, што ты можаш атрымаць у спадчыну ад Гартэнзіі, павінна вам на нейкі час хапіць. А пазней – пабачым. Ён яшчэ мае дзядзьку, ты маеш мяне, дык дзецям вашым галеча не пагражае.