“Нягоднік! Нягоднік! – шаптала яна. – Як ён наважыўся…”
Тым часам у вітальні жыды ўсчалі сапраўдную сварку з паннаю Фларэнтынаю. Яны заявілі, што не скрануцца з месца, пакуль не атрымаюць грошы, што панна графіня дала ім учора слова… А калі Мікалай пачаў выпіхваць іх за дзверы, пачалі сварыцца на яго:
– Гэта разбой!.. Гэта ашуканства!.. Грошы панства браць умеюць і ўмеюць казаць тады: мой каханы пане Давід!.. А як трэба…
– Што тут робіцца? – пачуўся ў гэты момант новы голас.
Жыды сцішыліся.
– Што тут такое? Што пан тут робіць, пане Шпігельман?
Панна Ізабэла пазнала голас Вакульскага.
– Я – нічога… Кланяюся ў ногі вяльможнаму пану… Мы па справе да пана графа… – апраўдваўся зусім іншым тонам гэткі крыклівы хвіліну таму Шпігельман.
– Загадалі нам панства прыйсці сёння па грошы, – патлумачыў іншы жыд.
– Сама панна графіня дала ўчора слова, што сёння з намі ўсімі разлічацца да апошняга гроша…
– Гэтак і будзе, – спыніў яго Вакульскі. – Я – упаўнаважаны пана Ленцкага, і сёння а шостай разлічуся з вамі ў сваёй канторы.
– Справа не пільная… Чаго вяльможнаму пану гэтак турбавацца…– адказаў Шпігельман.
– Прашу прыйсці а шостай да мяне, а Мікалай няхай нікога тут па справах не прымае, пакуль пан хворы.
– Разумею, вяльможны пане!.. А пан наш чакае ў спальні, – сказаў Мікалай.
І, калі Вакульскі пайшоў, ён выпхнуў жыдоў за парог са словамі:
– Пайшлі, пархатыя!.. Прэч!
– Ну!.. Ну!.. Чаго пан гэтак злуецца?.. – бурчэлі моцна збянтэжаныя жыдкі.
Пан Тамаш прывітаў Вакульскага ўзрушана, рукі ў яго крыху дрыжалі, а галава трэслася.
– Ну, бачыш, – казаў ён, – што гэтыя жыды вырабляюць… Галганы гэткія!.. Прыходзяць дадому… палохаюць мне дачку…
– Я загадаў ім прыйсці а шостай у маю кантору і, з дазволу пана, я разлічуся з імі. Ці вялікая сума? – спытаў Вакульскі.
– Драбяза, не вартая ўвагі… Тысяч пяць-шэсць рублёў…
– Пяць-шэсць тысяч? – перапытаў Вакульскі. – Яны ўтрох гэтулькі пазычылі пану?
– Не. Ім я павінны каля двух тысяч, можа, крыху болей… Але, скажу табе, пане Станіславе (бо гэта нейкая авантура!) нехта ў сакавіку выкупіў мае даўнія вэксалі. Хто? Я не ведаю. Аднак хачу быць гатовы на ўсялякі выпадак.
Твар Вакульскага пасвятлеў.
– Няхай пан, – параіў ён, – разлічваецца з даўгамі ў адпаведнасці з тым, як будуць з’яўляцца крэдыторы. Сёння збудзем тых, у каго больш даўнія вэксалі. Дык гэта разам ад двух да трох тысяч?..
– Так, так… Ну, але, калі ласка, пане Станіславе, што за фатальны лёс!.. Ты даеш мне за паўгода пяць тысяч… Ці меў ласку прынесці грошы?
– Вядома.
– Вельмі табе ўдзячны. Што за фатальны лёс, якраз у той час, як мы Бэльцяю і… з табою сабраліся ехаць у Парыж, жыды выдзіраюць у мяне з рук дзве тысячы! Вядома, з Парыжам нічога не атрымаецца.
– Чаму? – спытаў Вакульскі. – Я выплачу належную суму, і пан можа не чапаць сваіх працэнтаў. Смела можаце ехаць у Парыж.
– Бясцэнны!.. – выгукнуў пан Тамаш, кідаючыся да яго з абдымкамі. – Бо бачыш, мой дарагі, – дадаў ён, крыху супакоіўшыся, – я тут думаў, ці не мог бы ты мне знайсці пазыку, каб заплаціць даўгі жыдам, так… на сем, шэсць працэнтаў…
Вакульскі ўсміхнуўся з фінансавае наіўнасці пана Тамаша.
– Што ж, – сказаў ён, не ў стане стрымаць весялосці, – будзе пан мець пазыку. Жыдам мы аддамо нейкія тры тысячы рублёў, а пан будзе плаціць працэнты… Колькі пан хоча?
– Сем… шэсць…
– Добра, – згадзіўся Вакульскі. – Пан будзе плаціць сто восемдзясят рублёў працэнтаў, а капітал застанецца некрануты.
Пан Тамаш ужо невядома які раз заміргаў, з-пад павек зноў выкацілася пару слязінак.
– Высакародны, шляхетны!.. – казаў ён, абдымаючы Вакульскага. – Бог цябе паслаў…
– Мяркуе пан, што я мог зрабіць іначай?.. – ціха прамовіў Вакульскі.
Пачуўся стук. Увайшоў Мікалай і паведаміў, што прыйшлі лекары.
– Ага!.. – выгукнуў пан Тамаш. – Гэта сястра прыслала мне тых паноў. Божа! Ніколі я не лячыўся, а сёння… Прашу цябе, пане Станіславе, ідзі цяпер да Бэлі… Мікалай, паведамі паненцы пра пана Вакульскага.
“Вось мая ўзнагарода… Маё жыццё!..” – падумаў Вакульскі, ідучы за Мікалаем. У вітальні ён сустрэў двух знаёмых яму лекараў і горача рэкамендаваў ім заапекавацца панам Тамашам.
У салоне яго чакала панна Ізабэла. Яна была крыху бледная, але ад гэтага яшчэ больш прыгожая. Ён павітаўся з ёю і вясёлым тонам пачаў гаварыць:
– Я вельмі рады, што пані спадабаўся вянок для Росі.
Ён спыніўся. Яго ўразіў асаблівы выраз твару панны Ізабэлы, якая пазірала на яго крыху здзіўлена, нібыта бачыла першы раз у жыцці.