Выбрать главу

– Тым лепш, бо мне здалося, яму не даспадобы наша таварыства.

– Вось ён і пакінуў яго, – абыякава заўважыла панна Ізабэла.

Ужо ў другім пакоі Вакульскі звярнуўся да Мікалая:

– Прынясі мой капялюш з залы.

Мікалай узяў капялюш і панёс яго ў спальню пана Тамаша. У вітальні ён пачуў, як Вакульскі, аберуч сціскаючы галаву, шэпча:

– Божа міласэрны!..

Калі Вакульскі ўвайшоў у пакой пана Тамаша, лекараў там ужо не было.

– Ну, уяві сабе, – жвава загаманіў пан Ленцкі, – які фатум!.. Кансіліум забараніў мне ехаць у Парыж і пад пагрозаю смяротнага пакарання загадаў ехаць у вёску. Слова гонару, не ведаю, дзе схавацца ад гэтае спёкі. Але і на цябе яна таксама дзейнічае, бо ты неяк змяніўся… Горача тут, праўда?

– О, так. З дазволу пана, – сказаў Вакульскі, выцягваючы з кішэні тоўсты пакет, – я аддам грошы.

– Э… сапраўды…

– Тут пяць тысяч рублёў. Працэнты да паловы студзеня. Няхай пан мае ласку палічыць. А тут распіска.

Пан Ленцкі некалькі раз пералічыў стос новых сторублёвак і падпісаў дакумент. Потым ён адклаў пяро і сказаў:

– Добра. Гэта адно… А цяпер, што тычыцца даўгоў…

– Сума ад двух да трох тысяч рублёў, якую пан вінны жыдам, будзе сёння выплачаная…

– Але я прашу цябе, пане Станіславе, я не хачу задарма… Прашу, каб ты вельмі дакладна адлічыў сабе працэнты…

– Ад ста дваццаці да ста васьмідзесяці рублёў гадавых.

– Так, так… – падтакваў пан Тамаш. – Але, каб… але каб спатрэбілася мне яшчэ нейкая сума, дык магу я звярнуцца да цябе?

– Другую палову працэнтаў атрымае пан у палове студзеня, – адказаў Вакульскі.

– Я гэта ведаю. Але, бачыш, пане Станіславе, каб спатрэбілася мне частка майго капіталу… Не задарма, разумееш… Я ахвотна заплачу працэнты…

– Шэсць? – удакладніў Вакульскі.

– Так, шэсць… сем.

– Не, пане. Пану капітал прыносіць трыццаць тры працэнты гадавых, дык я не магу пазычаць пад сем…

– Добра. У такім выпадку хай застаецца мой капітал, але… бачыш… можа ў мяне, аднак, нешта здарыцца…

– Забраць свой капітал пан можа нават у сярэдзіне студзеня наступнага году.

– Барані Божа!.. Я свой капітал не забяру ў цябе нават праз дзесяць гадоў…

– Але я ўзяў капітал пана толькі на год…

– Як?.. Чаму?.. – ад здзіўлення пан Тамаш вырачыў вочы.

– Таму, што я не ведаю, што будзе праз год. Не кожны год справы ідуць аднолькава добра.

– А, дарэчы, – прамовіў пан Тамаш праз хвіліну прыкрага маўчання, – у горадзе кажуць, што гэта ты, пане Вакульскі, купіў мой дом?..

– Так, пане, я купіў дом. Але праз паўгода я магу пану адступіць яго на карысных умовах.

Пан Ленцкі адчуў, як чырванее ў яго твар. Не жадаючы, аднак, паказваць сваю паразу, ён вяльможным тонам запытаўся:

– І колькі б ты хацеў адступнога, пане Вакульскі?..

– Ніколькі. Аддам пану за дзевяноста тысяч, нават… магу танней…

Пан Тамаш на крок адступіў, развёў рукі, потым упаў у свой вялікі фатэль, і зноў некалькі слязінак пабегла па яго твары.

– Сапраўды, пане Станіславе, – казаў ён, злёгку хліпаючы, – я бачу, што найлепшыя стасункі… могуць сапсаваць грошы… Ці ж я злуюся на цябе, што ты купіў гэты дом?.. Ці папракаю цябе?.. А ты размаўляеш са мною, нібы абразіўся.

– Перапрашаю пана, – спыніў яго Вакульскі. – Гэта праўда, я крыху ўсхваляваны… Пэўна, з-за спякоты…

– О, пэўна! – выгукнуў пан Тамаш, падымаючыся з фатэля і паціскаючы яму руку. – Дык… прабачым адзін аднаму непрыемныя словы… Я на цябе не гневаюся, бо ведаю… што такое спёка…

Вакульскі развітаўся з ім і зайшоў у салон. Старскага ўжо там не было, панна Ізабэла сядзела адна. Яна паднялася, калі ўбачыла яго, твар яе быў ужо больш пагодны.

– Пан сыходзіць?

– Якраз зайшоў развітацца.

– А пра Росі пан не забудзецца? – спытала яна з лёгкаю ўсмешкаю.

– О, не. Я распараджуся, каб аддалі яму вянок.

– Пан не сам яго ўручыць?.. Чаму?..

– Сёння ўночы я еду ў Парыж, – адказаў Вакульскі.

Ён пакланіўся і выйшаў.

Хвіліну панна Ізабэла пастаяла ў задуменні, потым пабегла ў пакой бацькі.

– Што гэта, тата? Вакульскі развітаўся са мною вельмі холадна і сказаў, што сёння ўночы ён едзе ў Парыж.

– Што?.. Што?.. Што?.. – закрычаў пан Тамаш, хапаючыся за галаву. – Ён насамрэч абразіўся…

– Ах… праўда!.. Я нагадала яму пра пакупку нашае камяніцы…

– Хрысце!.. Што ж ты нарабіла?! А… усё прапала… Цяпер я разумею… Вядома, ён абразіўся… Ну, але хто мог думаць, што ён гэтакі крыўдлівы?.. А нібы звычайны купец!..

XX. ДЗЁННІК СТАРОГА КРАМНІКА