– Чаго ты хочаш?
– Што з табою?
– Нічога.
– Даўно я не бачыў цябе такім.
Ён усміхнуўся і адказаў:
– Відаць, з таго часу, калі дантыст кепска выдзіраў мне зуб, да таго ж – здаровы…
– Дзіўна мне бачыць гэтыя твае зборы, – сказаў я. – Можа, ты маеш мне што сказаць…
– Сказаць?.. А, праўда… У банку ў нас каля ста дваццаці тысяч рублёў, дык грошай вам хопіць… Далей… Што далей?.. – пытаўся ён у самога сябе. – Ага!.. Сакрэту з таго, што купіў камяніцу Ленцкіх, я ўжо не раблю. Наадварот, трэба схадзіць туды і ўзяць кватэрную плату, гэткую ж, як і раней была. Пані Кшэшоўскай можаш падняць на які дзясятак рублёў, няхай пазлуецца. Але бедных не прыціскай… Жыве там нейкі шавец, нейкія студэнты. Бяры з іх, колькі дадуць, абы плацілі ў тэрмін.
Ён зірнуў на гадзіннік, убачыў, што мае трохі часу, дык лёг на шэзлонг і ляжаў моўчкі, з рукамі пад галавою і прыкрытымі вачыма. Шкода было глядзець на яго.
Я сеў у нагах і сказаў:
– Што з табой, Стаху?.. Скажы мне, што з табою. Я ведаю, што не дапамагу нічым, але, бачыш… Згрызота – яна, як труцізна, добра было б яе пазбавіцца…
Сташак зноў усміхнуўся (як мне не падабаюцца гэтыя яго крывыя ўсмешкі) і праз хвіліну адказаў:
– Я памятаю (даўнія гэта падзеі), як сядзеў у адным памяшканні з нейкім франтам, і быў ён надзіва шчыры. Дзяліўся сакрэтамі пра сваю сям’ю, пра свае дачыненні з кабетамі, пра свае перамогі, а потым – вельмі ўважліва слухаў, што са мною здарылася. Ну, і добра гэтым скарыстаўся…
– Што гэта значыць?.. – спытаў я.
– Гэта значыць, мой стары, што калі я ад цябе не хачу чуць ніякіх прызнанняў, дык і сам не жадаю іх рабіць.
– Дык гэтак ты, – закрычаў я, – разумееш даверлівую размову са старым прыяцелем?
– Супакойся, – адказаў ён, падымаючыся з канапы. – Гэта для пансіянерак… Мне, зрэшты, няма ў чым прызнавацца нават табе. Як я стаміўся!.. – прамармытаў ён і пацягнуўся.
Нарэшце, прыйшоў яго лайдак лёкай, узяў рэчы Стаха і паведаміў, што коні стаяць перад домам. Селі мы ў каляску, Стах і я, але дарогаю на чыгунку не замянілі ні слова. Ён пазіраў на зоркі ды пасвістваў, а мне здавалася, што еду я, хіба, на пахаванне.
На Венскім вакзале пераняў нас доктар Шуман.
– Едзеш у Парыж? – спытаў ён Стаха.
– А ты адкуль ведаеш?
– О, я ўсё ведаю. Нават і тое, што ў гэтым жа цягніку едзе пан Старскі.
Стах здрыгануўся.
– Што ён за чалавек? – запытаўся ў доктара.
– Гультай, банкрут… як, зрэшты, усе яны, – адказаў Шуман. – Ну, і экс-прэтэндэнт…
– Мне ўсё роўна.
Шуман нічога не адказаў, толькі зіркнуў з-пад ілба.
Пачуліся званкі ды свісткі. Падарожныя палезлі ў вагоны. Стах паціснуў нам рукі.
– Калі вяртаешся? – запытаўся доктар.
– Хацеў бы… ніколі, – адказаў Стах і сеў у пустое купэ першага класа.
Цягнік рушыў. Доктар у задуменні глядзеў, як аддаляліся агні, а я… ледзьве не заплакаў…
Калі возныя пачалі ўжо зачыняць уваход на перон, я ўгаварыў доктара пашпацыраваць па Алеях Ерусалімскіх. Ноч была цёплая, неба чыстае, я нават не памятаю, каб бачыў на ім калі-небудзь гэтулькі зорак. Прыгадалася мне, як Стах казаў, што ў Балгарыі часта глядзеў на зоркі, дык (смешная ідэя!) і я пастанавіў кожны вечар глядзець цяпер на неба. (Можа, сапраўды, на нейкім з мігатлівых свяцілаў сустрэнуцца нашы позіркі або думкі, і ён не будзе адчуваць сябе гэткім самотным, як тады?)
Раптам (не ведаю нават чаму) з’явілася ў мяне падазрэнне, што неспадзяваны ад’езд Стаха мае сувязь з палітыкай. Дык захацелася мне распытаць Шумана, і вырашыў я пад’ехаць бачком:
– Здаецца мне чамусьці, што Вакульскі… нібы закаханы?..
Доктар затрымаўся на ходніку, абапёрся на свой кіёк і зарагатаў так, што аж пачалі на яго азірацца.
– Ха-ха-ха!.. Пан толькі цяпер зрабіў гэткае грандыёзнае адкрыццё?.. Ха-ха-ха!.. Падабаецца мне гэты стары!..
Недарэчны жарт. Але я стрываў і адказаў:
– Зрабіць гэта адкрыццё лёгка могуць нават людзі… з меншым, чым у мяне, досведам (тут, здаецца, я крыху ўеў яго). Але я асцярожны ў сваіх дапушчэннях, пане Шуман… Зрэшты, мне і ў галаву не прыходзіла, каб гэткая звычайная рэч, як каханне, магла вырабляць з чалавекам падобныя рэчы.
– Памыляешся, стары, – адказаў доктар і махнуў рукою. – Каханне – рэч звычайная для прыроды, нават, калі хочаш, для Бога. А вашая бязглуздая цывілізацыя, заснаваная на рымскіх прынцыпах, даўно ўжо мёртвых і закапаных, а таксама на каталіцызме, на трубадурах, на аскетызме, на каставасці ды падобных глупствах, з натуральнага пачуцця зрабіла… ведаеш што?.. зрабіла нервовую хваробу!.. Вашае нібы каханне рыцарска-касцельна-рамантычнае, насамрэч, з’яўляецца паскудным гандлем, заснаваным на падамне, якое справядліва караецца пажыццёвымі галерамі пад назваю шлюб… Бяда, аднак, таму, хто на падобны кірмаш прыносіць сэрца… Колькі гэта забірае часу, высілкаў, здольнасцяў, авой! нават жыцця… Мне гэта добра вядома, – працягваў ён, задыхаючыся ад гневу, – бо хоць я і жыд, і застануся ім да канца жыцця, але выхоўваўся я, аднак, сярод вашых, нават заручаны быў з хрысціянкаю… Ну, і гэтак нам паспрыялі ў нашых намерах, гэтак чула апекаваліся намі ў імя рэлігіі, маральнасці, традыцыі і ўжо не ведаю нават чаго, што яна памерла, а я спрабаваў атруціцца… Я, гэтакі мудры ды лысы!..