Выбрать главу

Шкада мне зрабілася гаротніцу, дык аднойчы ўвечары, калі мы з Вакульскім пілі гарбату, я сказаў:

– Не будзь жа ты гэтакім дурнем, зайдзі калі да Гопфера. У старога шмат грошай.

– Чаго мне хадзіць да яго? – адказаў ён. – Быў ужо, хопіць…

Аж скаланула яго.

– Таму схадзі, што Кася ў цябе закаханая, – сказаў я.

– Не чапіся ты да мяне з Касяю!.. – абарваў ён мяне. – Дзяўчына яна добрая, не раз крадком прышывала мне адарваны гузік да паліто або пакідала кветку на вакне, але яна не для мяне, а я не для яе.

– Галубка, а не дзіця, – уздыхнуў я.

– У тым і бяда, бо я не галубок. Мяне магла б прывабіць толькі такая кабета, як я сам. А такой я не спаткаў яшчэ.

(Спаткаў ён такую праз шаснаццаць гадоў і, далібог, няма чым цешыцца.)

Кася ўсё радзей і радзей заходзіла ў нашу краму, а замест яе прыйшоў раз з візітам да панства Мінцляў стары Гопфер. Відаць, сказаў ён ім нешта пра Стаха, бо ўжо на другі дзень збегла ўніз пані Малгажата Мінцаль ды кінулася да мяне з прэтэнзіямі:

– Што гэта за кватарант у пана Ігнацыя, за якім панны шалеюць?.. Што гэта за Вакульскі?.. Ясю, – звярнулася яна да мужа, – чаму гэты пан да нас не заходзіў? Мы павінны яго сасватаць, Ясю… Няхай ён прыйдзе наверх…

– Няхай сабе і наверх ідзе, – адказаў Ян Мінцаль, – але ўжо сватаць яго я не буду. Я пачцівы купец і займацца зводніцтвам не збіраюся.

Пані Малгажата пацалавала яго ў мокры ад поту твар, нібы гэта быў яшчэ мядовы месяц, а ён лагодна адсунуў яе і абцёрся хусткаю.

– Цырк з гэтымі бабамі! – сказаў ён. – Абавязкова ім зацягнуць чалавека ў бяду. Сватай сабе, сватай, нават Гопфера, а не толькі Вакульскага, але памятай, я за гэта плаціць не буду.

З тае пары, варта было Ясю Мінцлю пайсці на піва або ў рэстарацыю, як пані Малгажата звала нас з Вакульскім да сябе на вечар. Стах звычайна выпіваў гарбату і нават не глядзеў на пані Мінцлёву, а потым сядзеў з рукамі ў кішэнях, думаючы, напэўна, пра свае паветраныя балоны, ды маўчаў, як камень, а наша гаспадыня схіляла яго да кахання.

– Як можна, пане Вакульскі, каб пан не быў яшчэ закаханы? – казала яна. – Пану, наколькі мне вядома, дваццаць восем гадоў, амаль, як мне… Дык я даўно ўжо лічуся старою бабаю, а пан усё яшчэ сама нявіннасць…

Вакульскі закладаў нагу на нагу, але нічога не адказваў.

– О, пані Катажына – проста любата, – працягвала гаспадыня. – Вочы прыгожыя… Хоць, здаецца мне, левае трохі крывое… Ці правае?.. Фігурка ніштаватая, хоць адна лапатка крыху вышэй (але гэта дадае грацыі). Носік не ў маім гусце, праўда, а рот крыху велікаваты, але якая яна добрая дзяўчына!.. Каб яшчэ трохі розуму… Ну, але розум, пане Вакульскі, з’яўляецца ў кабет гадоў каля трыццаці… Я сама ў веку Касі была дурненькая, як канарэйка… Закахалася ў майго цяперашняга мужа!..

Ужо падчас трэцяга візіту прыняла нас пані Малгажата ў шлафроку (быў гэта вельмі прыгожы шлафрок, абшыты карункамі), а на чацвёрты раз я зусім не быў запрошаны, толькі адзін Стах. Не ведаю, далібог, пра што яны там гутарылі. Стах, праўда, вяртаўся дадому ўсё больш пахмурны, наракаючы, што баба час забірае. А пані Малгажата тлумачыла мужу, што Вакульскі надта няцямлівы, і ёй шмат яшчэ трэба папрацаваць, пакуль яна яго сасватае.

– Працуй, каханая, працуй над ім, – заахвочваў яе муж, – бо шкода дзяўчыну, ну і Вакульскага. Страшна падумаць, што гэтакі прыстойны хлопец, які столькі гадоў быў крамнікам, які можа атрымаць краму ў спадчыну па Гопферы, змарнуецца ва ўніверсітэце. Цьху!..

Падтрыманая ў сваіх добрых намерах пані Мінцлёва ўжо не толькі запрашала Вакульскага ўвечары на гарбату, на якую ён унікаў хадзіць, але сама стала прыбягаць у мой пакойчык, клапатліва распытваючы Стаха, ці ён не захварэў, і дзівілася, што той яшчэ не закахаўся. Ён, амаль старэйшы за яе! (Я думаю, што яна сама была крыху старэйшая.) Апроч таго, пачала кабета то плакаць, то смяяцца, то сварыцца на мужа, які на цэлыя дні ўцякаў з дому, то выказваць прэтэнзіі мне, што я недарэка, што не ведаю жыцця, што прымаю кватарантамі людзей падазроных…

Словам, пачаўся гэткі вэрхал у доме, што Ясь Мінцаль спаў з цела, хоць піў усё больш піва, а я ўжо думаў: адно з двух… або звольнюся ад Мінцля, або адмоўлю ў кватэры Вакульскаму.

Адкуль, ліха на яе, даведалася пра маю заклапочанасць пані Малгажата? Уявіць сабе не магу. Але зайшла яна раз увечары да мяне ў пакой, заявіла, што я яе вораг і, відаць, вельмі паганы чалавек, калі адмаўляю гэткаму добраму чалавеку, як Вакульскі… Потым яна заявіла, што яе муж паганы, што Вакульскі паганы, што ўсе мужчыны паганыя і, нарэшце, на маёй уласнай канапе пачаліся ў яе канвульсіі.