– Не ўсё, пане, – адказаў я.
– Нічога дзіўнага, – сказаў малады чалавек. – Пад старасць бывае разрэджванне мазгоў, і яны ўжо не здольныя ўспрымаць новыя ідэі…
Мы з адміністратарм абмяняліся з ім паклонамі і вышлі. Малады чалавек замкнуў за намі дзверы, але праз момант выскачыў на лесвіцу з крыкам:
– І няхай каморнік вядзе з сабою двух гарадавых, бо мяне давядзецца з памяшкання выносіць…
– Хіба так, пане! – адказаў я з ветлівым паклонам, у глыбіні душы, аднак, адчуваючы, што не варта выганяць гэткага арыгінала.
Калі незвычайны дзяцюк вярнуўся, нарэшце, у пакой і замкнуў дзверы на ключ, паказваючы гэтым, што лічыць размову з намі скончанай, я спыніўся сярод лесвіцы і звярнуўся да адміністратара:
– Бачу, што ў вас тут каляровыя шыбы, так?
– О, вельмі каляровыя.
– Але ж яны брудныя.
– О, вельмі брудныя…
– Мяркую, – дадаў я, – што той малады чалавек стрымае сваё слова і не будзе плаціць за кватэру, так?
– Пане, – выгукнуў адміністратар, – ён яшчэ нічога. Ён кажа, што не будзе плаціць, і не плаціць, але двое іншых нічога не кажуць і таксама не плацяць. Гэта, пане Жэцкі, асаблівыя кватаранты!.. Толькі яны ніколі мяне не падманваюць.
Міжволі, нават сам не разумеючы чаму, я паківаў галавою, хоць і адчуваў, што ў якасці гаспадара падобнага дома ківаў бы я галавою з ранку да вечара.
– Дык тут ніхто не плаціць, прынамсі, не плаціць рэгулярна? – запытаўся я ў экс-землеўласніка.
– Чаго ж дзівіцца, – адказаў пан Вірскі, – у доме, квартплата з якога ўжо столькі гадоў ідзе крэдыторам, самы прыстойны кватарант зробіцца наравістым. Але ёсць і некалькі вельмі пунктуальных, напрыклад, баранеса Кшэшоўская…
– Што?! – выгукнуў я. – Але ж, праўда, і баранеса тут жыве… Яна хацела нават купіць гэты дом…
– І купіць, – ціха прамовіў адміністратар. – Трымайцеся, панове!.. Яна купіць, нават каб давялося ёй аддаць усе грошы… І немалыя грошы, хоць пан барон добра паспеў пакарыстацца…
Я ўсё яшчэ стаяў на сходах пад акном з жоўтымі, чырвонымі ды блакітнымі шыбкамі. Я стаяў засяроджаны, прыгадваючы пані баранесу, якую бачыў некалькі разоў у жыцці, але кожны раз яна пакідала ўражанне асобы вельмі эксцэнтрычнае. То яна набожная, то заўзятая, то пакорлівая, то агрэсіўная…
– Што яна за кабета, пане Вірскі? – спытаў я. – Незвычайная яна кабета, пане…
– Як і ўсе істэрычкі, – буркнуў экс-землеўласнік. – Страціла дачушку, муж яе кінуў… Скандал за скандалам!..
– Пойдзем да яе, пане, – прапанаваў я і пачаў спускацца на трэці паверх.
Я адчуваў у сабе столькі мужнасці, што не толькі не баяўся баранесы, а мяне нават цягнула да яе.
Але варта было нам спыніцца перад дзвярыма, а адміністратару пазваніць, як задрыжэлі ў мяне калені. Не мог я скрануцца з месца і толькі таму не ўцёк. Імгненна пакінула мяне адвага, бо прыгадалася мне сцэна на аўкцыёне…
Павярнуўся ў замку ключ, стукнула засаўка і ў прыадчыненых дзвярах паказаўся твар яшчэ нестарое дзяўчыны ў белым чапцы.
– А хто тут? – спытала дзяўчына.
– Я, адміністратар.
– Чаго пан хоча?
– Я прывёў упаўнаважанага гаспадара.
– А гэты пан чаго хоча?
– Гэты пан і ёсць упаўнаважаным.
– Дык як мне паведаміць?
– Паведамі пані, – страціў цярплівасць адміністратар, – што мы прыйшлі пагаварыць пра кватэру…
– Ага!
Яна зачыніла дзверы і пайшла. Мінула некалькі хвілін, пакуль яна вярнулася і адамкнула шматлікія замкі, а потым правяла нас у пусты салон.
Дзіўны быў гэты салон. Мэбля ў цёмна-шэрых чахлах, як і фартэп’яна, а таксама жырандоля пад столлю, нават статуэткі былі ў шэрых кашульках. Наогул, пакой ствараў такое ўражанне, нібы гаспадары з’ехалі і пакінулі слуг, якія вельмі клапоцяцца пра іх майно.
За дзвярыма чуваць было два галасы – жаночы і мужчынскі. Жаночы належаў баранесе, а мужчынскі быў добра мне знаёмы, але я ніяк не мог прыгадаць, чый ён.
– Клянуся, – казала баранеса, – ён у сувязі з ёю. Нядаўна прыслаў ёй букет праз пасыльнага…
– Хм!.. Хм!.. – адгукнуўся мужчынскі голас.
– Букет тая мярзотная какетка, каб увесці мяне ў зман, загадала зараз жа выкінуць праз акно…
– Але ж барон у вёсцы… гэтак далёка ад Варшавы… – адказаў мужчына.
– Але ў яго ёсць тут прыяцелі! – закрычала баранеса. – І каб я не ведала пана, дык магла б падазраваць у пасярэдніцтве ў гэтым паскудстве.
– Але ж, пані!.. – запратэставаў мужчынскі голас.
І ў гэты ж момант пачуліся два пацалункі, мяркую, у руку.
– Ну, ну, пане Марушевіч, без сантыментаў!.. Ведаю я вас. Вы пяшчотныя, пакуль кабета вам не даверыцца, а потым расходуеце яе грошы і жадаеце разводу…