Выбрать главу

– Усе, пачынаючы ад гаспадара, які загадвае плаціць мне семсот рублёў…

– А прабач, пані баранеса! – не вытрымаў адміністратар. – Сем цудоўных пакояў, дзве кухні памерам з залу, дзве кладоўкі… Няхай пані аддасць хоць тры пакоі, бо тут жа два ўваходы.

– Нічога я нікому не аддам, – адказала яна цвёрда, – бо мой запрапашчы муж, я ў гэтым перакананая, абдумаецца і з дня на дзень вернецца…

– У такім выпадку, трэба плаціць семсот рублёў…

– Калі не больш, – ціха дадаў я.

Пані баранеса зіркнула на мяне, нібы хацела спапяліць позіркам і ўтапіць у слязах. Вой, якая надзвычайная кабетка… Аж мароз па скуры, як яе згадаю.

– Досыць ужо пра кватэрную плату, – сказала яна.

– Вельмі разумна! – пахваліў яе Вірскі і пакланіўся.

– Досыць пра прэтэнзіі гаспадара… Але ж я не магу плаціць семсот рублёў за кватэру ў падобным доме…

– Чым пані баранесе дом не дагадзіў? – запытаўся я.

– Гэты дом – ганьба для пачцівага чалавека! – закрычала яна, жэстыкулючы. – Дык я не дзеля сябе, а дзеля захавання маральнасці прашу…

– Чаго?

– Каб выгналі тых студэнтаў, якія жывуць нада мною, не даюць мне вызірнуць у вакно на падворак і дэмаралізуюць усіх…

Раптам яна ўскочыла з канапы.

– О! Чуе пан? – паказала яна на дзверы, што вялі ў пакой з боку дзядзінца.

Сапраўды, я пачуў голас эксцэнтрычнага брунета, ён гукаў з чацвёртага паверха:

– Марысю!.. Марысю, хадзі да нас…

– Марысю! – паклікала баранеса.

– Я тут… Чаго пані жадае? – адказала крыху зачырванелая служанка.

– Каб з дома ні кроку!.. Вось, – казала баранеса, – і гэтак цэлымі днямі. А ўвечары ходзяць да іх прачкі… Пане! – закрычала яна, набожна складаючы рукі. – Выгані тых нігілістаў, бо гэта крыніца распусты і небяспекі для ўсяго дому… Яны ў чарапах трымаюць гарбату і цукар… Яны касцямі чалавечымі варушаць вуголле ў самавары… Яны некалі прынясуць сюды цэлы шкілет!..

Яна зноў заплакала, аж я спалохаўся, што пачнуцца сутаргі.

– Тыя паны, – сказаў я, – не плацяць за кватэру, дык цалкам верагодна…

У баранесы высахлі вочы.

– Сапраўды, – не дала яна мне скончыць, – вы мусіце іх выгнаць… Але, пане! – зноў закрычала яна, – якія б яны ні былі паганыя і распусныя, яшчэ горшая за іх тая… тая Стаўская!..

Дзіўна было бачыць, якое полымя нянавісці шуганула ў вачах пані баранесы, калі тая прамовіла “Стаўская”.

– Пані Стаўская тут жыве? – спытаў я міжвольна. – Тая прыгожая?..

– О… яшчэ адна ахвяра!.. – выгукнула баранеса, паказваючы на мяне, а потым з палымяным позіркам пачала прамаўляць вельмі нізкім голасам. – Але ж, чалавеча сівавалосы, абдумайся, што ты робіш?.. Гэта ж кабета, муж якое быў абвінавачаны ў забойстве і ўцёк за мяжу… А з чаго яна жыве?.. Адкуль у яе грошы гэтак прыбірацца?..

– Працуе кабетка, як вол, – ціха сказаў адміністратар.

– О… і гэты!.. – зноў выгукнула баранеса. – Мой муж (я ўпэўненая, што гэта ён) пасылае ёй з вёскі букеты… Адміністратар дому закаханы ў яе, дык бярэ з яе кватэрную плату на месяц пазней…

– Але ж, пані! – запратэставаў экс-землеўласнік і ўвесь яго твар зрабіўся гэткім жа чырвоным, як нос.

– Нават той пачцівы няўдаліца Марушэвіч, – працягвала баранеса, – нават ён цэлымі днямі выглядае яе праз акно…

Драматызм у голасе баранесы зноў перайшоў у галашэнне.

– І падумаць толькі, – скуголіла яна, – што гэткая кабета мае дачку! Дачку… якую выхоўвае для пекла, а я… О! Я веру ў справядлівасць… веру ў міласэрнасць Божую, але я не разумею… так… я не разумею выраку, які мяне пазбавіў, а ёй пакінуў дзіця… Ёй… Ёй… Пане! – выбухнула яна з новай сілай. – Можаш пакінуць нават тых нігілістаў, але яе… мусіш выгнаць!.. Няхай кватэра стаіць пустая… я сама буду плаціць, абы яна не мела даху над галавою…

Гэтая заява зусім ужо мне не спадабалася. Я даў адміністратару знак, што пара ісці ды, кланяючыся, холадна прамовіў:

– З дазволу пані, вырашаць гэта будзе гаспадар, пан Вакульскі.

Баранеса раскінула рукі, як чалавек, якому куля трапіла проста ў сэрца.

– А!.. Дык вось як?.. – ціха сказала яна. – Дык ужо і пан, і той… той… Вакульскі пад яе ўплывам апынуліся?.. Га? Засталося мне толькі чакаць справядлівасці Божае…

Мы хутчэй выйшлі. На лесвіцы я захістаўся, як п’яны.

– Што пан ведае пра тую пані Стаўскую? – спытаў я ў Вірскага.

– Вельмі прыстойная кабета, – адказаў ён. – Маладая, прыгожая і зарабляе на ўсю сям’ю… Бо пенсіі яе маткі ледзьве хапае на кватэрную плату…

– У яе ёсць маці?

– Ёсць. Таксама добрая кабеціна.

– А колькі ж яны плацяць за кватэру?

– Трыста рублёў, – адказаў адміністратар. – Гэта, пане, нібы з алтара бяром…