Мы селі, экс-землеўласнік пры гэтым з пашанаю пакланіўся даме, а яна – яму.
Я заўважыў, што шэрая сукенка старое ў шмат якіх месцах зацыраваная, і дзіўная меланхолія агарнула мяне пры выглядзе гэтых дваіх – у заплямленым сурдуце і ў зацыраванай сукенцы, якія паводзілі сябе па-каралеўску. Над імі ўжо прайшоў плуг часу, які ўсё раўняе.
– Бо, пэўна, пан не ведае пра наша гора, – сказала старая дама, звяртаючыся да мяне. – З маім зяцем чатыры гады таму здарылася вельмі прыкрая гісторыя. Няслушным чынам… Забілі тут нейкую жахлівую ліхвярку… Ах, Божа! Няма тут чаго і казаць… Досыць, што нехта з блізкіх папярэдзіў яго, бо на яго якраз падала падазрэнне… На невінаватага, пане…
– Жэцкі, – падказаў экс-землеўласнік.
– Зусім несправядлівае, пане Жэцкі… Ну і ён… бядак уцёк за мяжу. Летась знайшоўся сапраўдны забойца, абвешчана было, што Людвік невінаваты, але што ж, як ён ужо два гады не піша…
Тут яна нахілілася да мяне і прашаптала:
– Гэленка, дачка мая, пане…
– Жэцкі, – падказаў адміністратар.
– Дачка мая, пане Жэцкі, не шкадуе грошай… шчыра кажу, не шкадуе на абвесткі ў замежныя часопісы, але ўсё марна… Кабета маладая, пане…
– Жэцкі, – падказаў адміністратар.
– Кабета маладая, пане Жэцкі, нябрыдкая.
– Прыгажуня! – горача ўдакладніў адміністратар.
– Я была крыху да яе падобная, – працягвала сівая дама, уздыхаючы і ківаючы галавою. – Дык вось, дачка мая маладая і нябрыдкая, мае адно дзіця і… можа, хоча яшчэ мець. Хоць, пане Вірскі, прысягаю, ніколі ні слова я пра гэта ад яе не чула… Пакутуе і маўчыць, але, што яна пакутуе, я здагадваюся. І мне было трыццаць гадоў…
– Каму з нас не было! – цяжка ўздыхнуў адміністратар.
Рыпнулі дзверы і прыбегла малая дзяўчынка з пруткамі ў руках.
– Бабуля, калі ласка, – закрычала яна, – я не магу скончыць каптанік маёй ляльцы.
– Гэлюня! – сурова спыніла яе бабуля. – Ты не пакланілася…
Дзяўчынка два разы крыху прысела і дрыгнула ножкаю ў наш бок (я адказаў нязграбна, а пан Вірскі, як граф) і працягвала, паказваючы бабулі пруткі, на якіх матляўся чорны ваўняны квадрацік:
– Калі ласка, бабуля, надыдзе зіма, і маёй ляльцы не будзе ў чым выйсці на вуліцу… Калі ласка, бабуля, зноў я вочка згубіла.
(Цудоўнае дзіця… Божа міласэрны! Чаму Стах не яе бацька? Можа, ён не вар’яцеў бы гэтак…)
Бабуля перапрасіла нас і ўзяла пруткі з воўнаю, а тым часам увайшла ў салон пані Стаўская.
Мушу прызнацца, я сустрэў яе годна, а Вірскі зусім згубіў галаву. Ён ускочыў з крэсла, як студэнт, зашпіліў сурдут яшчэ на адзін гузік, скажу нават – пачырванеў і забубніў:
– Дазволіць, пані, прадставіць: пан Жэцкі, упаўнаважаны нашага гаспадара.
– Вельмі прыемна, – адказала пані Стаўская, апусціла вочы і пакланілася.
Але яе запунсавелы і крыху спалоханы твар сведчылі, што яна не лічыць мяне прыемным госцем.
“Пачакай жа! – думаю я і ўяўляю на сваім месцы Вакульскага. – Пачакай жа, зараз я цябе пераканаю, што няма чаго нас баяцца”.
Пані Стаўская села ўжо на крэсла і была гэткая збянтэжаная, што пачала папраўляць сукенку на дачушцы. Маці яе таксама спахмурнела, а адміністратар зусім аслупянеў. “Пачакайце ж!” – думаю я і з вельмі суровым выразам твару пытаюся:
– Даўно пані жывуць у гэтым доме?
– Пяць гадоў… – адказала пані Стаўская і пачырванела яшчэ мацней, а яе маці аж здрыганулася.
– Колькі пані плацяць?
– Дваццаць пяць рублёў кожны месяц… – ціха адказала маладая пані.
Чырвань раптам сышла з яе твару, яна пачала скубці сукенку і міжволі, пэўна, кінула на Вірскага гэткі ўмольны позірк, што… каб я быў Вакульскім, зараз жа прасіў бы яе рукі…
– Мы, – дадала яна яшчэ цішэй, – вінаватыя панам за ліпень…
Я нахмурыўся, як Люцыфер, набраў паветра, колькі яго было ў пакоі, і прамовіў:
– Нічога пані нам не вінаватыя да… кастрычніка. Якраз Стах… гэта значыць, пан Вакульскі піша мне, што гэта рабунак – браць трыста рублёў за тры пакоі на гэтай вуліцы. Пан Вакульскі не можа дазволіць гэткага гэткае несправядлівасці і загадаў мне паведаміць паням, што кватэра ад кастрычніка будзе здавацца за дзвесце рублёў. А калі пані не жадаюць…
Адміністратар аж ад’ехаў разам з фатэлем. Старая склала рукі, а пані Стаўская пазірала на мяне вялікімі вачыма. Якія вочы!.. І як яна ўмее глядзець!.. Клянуся, што каб я быў Вакульскім, прасіў бы яе рукі неадкладна. Ад мужа, пэўна, ужо адны косці засталіся, калі ён не піша два гады. Зрэшты, навошта ж тады разводы?.. Навошта Стаху столькі грошай?..
Зноў рыпнулі дзверы і паказалася на парозе дзяўчынка гадоў дванаццаці ў саламяным капялюшыку на галаве і з сшыткамі ў руках. Было гэта дзіця чырванашчокае і таўсматае, але без адзнак вялікага розуму. Яна пакланілася нам, пакланілася пані Стаўскай і яе маці, пацалавала ў абедзве шчочкі малую Гэленку ды пайшла, відавочна, дадому. Але з кухні яна вярнулася і, уся пунсовая, запыталася ў пані Стаўскае: