– Паслязаўтра а якой гадзіне мне прыходзіць?
– Паслязаўтра, каханая… прыйдзі а чацвёртай, – адказала пані Стаўская, таксама збянтэжаная.
Калі дзяўчынка, нарэшце, пайшла, маці пані Стаўскае азвалася незадаволена:
– І гэта называецца ўрокі. Божа мілы… Гэленка працуе з ёю сама мала паўтары гадзіны і за гэткі ўрок бярэ сорак грошай…
– Матуля! – спыніла яе пані Стаўская і ўмольна зірнула на яе.
(Каб я быў Вакульскім, дык ужо вяртаўся б з касцёла пасля шлюбу з ёю. Якая кабета!.. Якія рысы, які выраз твару! За ўсё жыццё не бачыў я нічога падобнага!.. А ручкі, а фігурка, а рост, а вочы, вочы!..)
Праз хвіліну няёмкага маўчання зноў азвалася маладая пані:
– Мы вельмі ўдзячныя пану Вакульскаму за тыя ўмовы, на якіх ён пакідае нам гэту кватэру!.. Гэта, хіба, адзіны выпадак, каб гаспадар сам змяншаў кватэрную плату. Але я не ведаю, ці… можам мы карыстацца яго добразычлівасцю?..
– Гэта не ветлівасць, пані, гэта сумленнасць шляхетнага чалавека! – заўважыў адміністратар. – Мне пан Вакульскі таксама зменшыў кватэрную плату, і клянуся… Вуліца, пані, трэцеразрадная, рух малы…
– Але кватарантаў тут лёгка знайсці, – сказала пані Стаўская.
– Нам лепш тыя, пра якіх мы ведаем, што яны людзі спакойныя і захоўваюць парадак, – сказаў я.
– Слушна, – пахваліла мяне сівая дама. – Парадак у кватэры – гэта першае правіла, якога мы прытрымліваемся… Нават калі Гэлюня нарэжа паперак ды параскідае па падлозе, зараз жа падмяце ўсё Франуся…
– Але ж, бабуля, я выразаю толькі канверты, бо пішу лісты татку, каб ужо вяртаўся хутчэй, – азвалася дзяўчынка.
На абліччы пані Стаўскае мільгануў цень нібы крыўды і стомленасці.
– І нічога, ніводнае весткі? – запытаўся адміністратар.
Маладая пані павольна пакруціла галавою, я нават не ўпэўнены, што яна не ўздыхнула, але гэтак ціха…
– Вось лёс маладое і нябрыдкае кабеты! – выгукнула старая дама. – Не панна і не замужам…
– Матуля!.. Матуля!..
– Так, – працягвала маці з хваляваннем, – мы тут яго чакаем кожны дзень, кожную гадзіну, але дарэмна… Альбо ён памёр, альбо адмовіўся ад цябе, дык не маеш і ты абавязку чакаць…
У абодвух паняў слёзы паказаліся на вачах: у маці – ад гневу, а ў дачкі… Ці я ведаю?.. Можа, шкадавала яна сваё скалечанае жыццё.
Раптам прыйшла мне ў галаву ідэя, якую (каб не пра мяне гаворка) назваў бы я геніяльнаю. Зрэшты, неістотна, як гэта называецца. Дастаткова, што было на маім твары і ў постаці нешта такое, што, калі я паварушыўся на крэсле, заклаў нагу на нагу і адкашляўся, дык усе ўтаропіліся на мяне, нават малая Гэленка.
– Наша знаёмства, – пачаў я, – яшчэ вельмі нядаўняе, каб я насмеліўся…
– Нічога! – спыніў мяне пан Вірскі. – Добрую дапамогу можна прыняць нават ад незнаёмых.
– Наша знаёмства, – я з дакорам зірнуў на яго і працягваў, – сапраўды, нядаўняе. Аднак, калі пані дазволяць, не так мне, як пану Вакульскаму, каб ён ужыў свае сувязі і пашукаў мужа пані…
– Ааа!.. – заенчыла старая дама, і не падобна было, што ад радасці.
– Матуля! – звярнулася да яе пані Стаўская.
– Гэлюня, – цвёрда сказала бабуля, – ідзі да сваёй лялькі і вяжы ёй каптанік. Вочка я ўжо падняла, ідзі…
Дзяўчынка была крыху здзіўленая, можа, нават крыху зацікаўленая, але яна пацалавала ў руку бабулі і маці ды выйшла са сваімі пруткамі.
– Калі ласка, пане, – працягвала старая, – калі казаць шчыра, дык мне не так важна… Гэта значыць… я не веру, што Людвік жывы. Хто два гады не піша…
– Мама, досыць!..
– О, не! – запярэчыла маці. – Калі ты яшчэ не зразумела свайго становішча, дык я ўжо яго разумею. Нельга жыць з вечнаю надзеяй або ў чаканні бяды…
– Мама дарагая, пра маё шчасце і абавязкі толькі я сама маю права…
– Не кажы мне пра шчасце, – выбухнула маці. – Яно скончылася ў той дзень, калі твой муж уцёк ад суду, якому стала вядома пра нейкія яго цьмяныя справы з ліхвяркаю. Што ён быў невінаваты, я галавою паручуся, але не разумею ні я, ні ты, навошта ён да яе хадзіў.
– Мама! Тут жа чужыя людзі… – не вытрымала пані Стаўская.
– Я – чужы? – спытаў адміністратар з дакорам, але прыўзняўся з крэсла і пакланіўся.
– І пан не чужы, і гэты пан, – прамовіла старая, паказваючы на мяне. – Па ўсім відаць, пачцівы чалавек…