Выбрать главу

– Як? Пан не здагадаўся, калі прачытаў прозвішча Эскабо?.. Ганібал Эскабо… – здзівіўся госць. – Карабін Эскабо робіць сямнаццаць стрэлаў у хвіліну, а той, які я маю гонар прадэманстраваць пану, выкідае трыццаць куль…

На твары ў Вакульскага выраз быў такі агаломшаны, што Ганібал Эскабо і сам разгубіўся.

– Мяркую, я не памыліўся? – спытаў ён.

– Памыліўся пан, – адказаў Вакульскі. – Я галантарэйны купец, і карабіны мяне не цікавяць.

– Казалі мне, аднак… канфідэнцыяльна… – прамовіў са значэннем Эскабо, – што панове…

– Кепска пана паінфармавалі.

– Ах, у такім разе перапрашаю… Можа быць, у іншым нумары… – казаў госць і адступаў з паклонамі.

Новае выступленне блакітнага фрака ды белых нагавіц і – новы госць. Гэтым разам – малы, худы, чорны, з неспакойным позіркам. Гэты подбегам наблізіўся да стала, упаў на крэсла, азірнуўся на дзверы ды прысунуўся бліжэй да Вакульскага, і толькі потым пачаў прыцішаным голасам:

– Пэўна, дзівіць гэта пана, але… справа такая важная… надта важная… Днямі я зрабіў грандыёзнае адкрыццё адносна рулеткі… Трэба толькі ад шасці да васьмі разоў прадубляваць стаўку…

– З дазволу пана, я гэтым не займаюся, – спыніў яго Вакульскі.

– Не давярае мне пан?.. Гэта цалкам зразумела… Але ў мяне якраз пры сабе малая рулетка… Можам паспрабаваць…

– Перапрашаю пана, але мне няма калі зараз.

– Тры хвілінкі, пане, хвілінку…

– Ані паловы хвілінкі.

– Дык калі мне прыйсці? – пытаўся госць безнадзейным тонам.

– У кожным разе, не хутка.

– Няхай жа пан, прынамсі, пазычыць мне сто франкаў на афіцыйную пробу…

– Магу прапанаваць пяць, – адказаў Вакульскі і палез у кішэню.

– О не, пане, дзякуй… Я не авантурыст… Зрэшты… няхай пан дасць… заўтра вярну… Пан, можа, надумае тым часам…

Наступны госць – чалавек відны, з ордэнскаю калодкаю на лацкане сурдута – прапанаваў Вакульскаму: дыплом доктара філасофіі, ордэн, тытул… І ў яго быў вельмі здзіўлены выгляд, калі прапанова не была прынятая. Ён пайшоў нават не развітваючыся.

Пасля яго настаў перапынак на некалькі хвілін. Вакульскаму здалося, што ў пачакальні чуваць шамаценне жаночае сукенкі. Ён прыслухаўся… У гэты момант лёкай абвясціў баранесу…

Зноў доўгая паўза, і ў салоне з’явілася кабета гэткая прыгожая і элегантная, што Вакульскі міжволі прыўстаў з крэсла. Ёй магло быць каля сарака гадоў, рост высокі, рысы твару правільныя, пастава велікасвецкае дамы.

Моўчкі ён паказаў ёй на фатэль. А калі тая села, ён заўважыў, што яна нервуецца і камячыць у руках карункавую хустачку. Раптам яна азвалася, з гонарам пазіраючы яму ў вочы:

– Пан мяне ведае?

– Не, пані.

– Не бачыў пан нават маіх партрэтаў?

– Не.

– Дык, хіба, ніколі пан не быў ані ў Берліне, ані ў Вене.

– Не быў.

Дама глыбока ўздыхнула.

– Тым лепш, – сказала яна, – я буду смялейшая. Я не баранеса… я нехта зусім іншы. Але гэта няважна. Часова я знаходжуся ў цяжкай сітуацыі… мне трэба дваццаць тысяч франкаў… А з-за таго, што я не жадаю пакідаць свае каштоўнасці ў тутэйшых ламбардах, дык… Разумее пан?

– Не, пані.

– Дык… маю на продаж важную таямніцу…

– Я не маю права набываць таямніцы, – адказаў збянтэжаны ўжо Вакульскі.

Дама паварушылася ў фатэлі.

– Пан не мае права?.. Дык навошта пан сюды прыехаў? – прамовіла яна з лёгкаю ўсмешкаю.

– Аднак не маю…

Дама паднялася.

– Тут, – сказала яна ўзрушана, – адрас, дзе можна шукаць мяне цягам дваццаці чатырох гадзін, а тут… нататка, якая пану, можа, будзе нечым карысная… Я развітваюся.

Яна з шамаценнем выйшла. Вакульскі зірнуў на нататку і ўбачыў тыя падрабязнасці пра сябе і Сузіна, якія звычайна запісваюцца ў пашпартах.

“Ну так! – думаў ён. – Мілер прачытаў мой пашпарт і зрабіў выпіску, нават не без памылак… Ваклюскі!.. Д’ябал! Яны што, за дзіця мяне лічаць?..”

А як ніхто з гасцей ужо не заходзіў, Вакульскі паклікаў Жумара.

– Што пан загадае? – запытаўся элегантны маршалак двара.

– Я хацеў з панам пагутарыць.

– Прыватна?.. У такім разе з дазволу пана я сяду. Прадстаўленне скончанае, касцюмы ідуць на склад, акцёры становяцца самі сабою.

Ён гаварыў крыху іранічным тонам і паводзіўся як належыць чалавеку з добрым выхаваннем. Вакульскі дзівіўся ўсё больш.

– Скажы мне, пан, – спытаў ён, – што гэта за людзі?

– Тыя, што былі ў пана? – перапытаў Жумар. – Людзі як людзі: праваднікі па горадзе, вынаходнікі, пасярэднікі… Кожны робіць, што ўмее, і стараецца прадаць сваю працу з карысцю. А тое, што яны хочуць зарабіць болей, чым яно таго вартае, дык гэта ўжо рыса французаў.