Выбрать главу

А каб, нарэшце, маючы маёнтак, ён закахаўся ў панну-арыстакратку, не спаткаў бы такіх перашкодаў, каб зблізіцца з ёю. Мог бы з ёю пазнаёміцца і – альбо сам абдумаўся б, альбо здабыў яе ўзаемнасць. І ў кожным разе, не ставіліся б да яго, як да мурына ў Амерыцы.

Зрэшты, хіба ў гэтым Парыжы можна закахацца, як ён, да шаленства?

Тут закаханыя не адчайваюцца, а танцуюць, спяваюць і наогул жывуць надзвычай весела. Калі яны не могуць уступіць у афіцыйны шлюб, дык ствараюць вольныя саюзы, а калі не могуць выхоўваць дзяцей, аддаюць іх мамкам. Тут каханне, напэўна, ніколі не даводзіла разумнага чалавека да вар’яцтва.

“Два апошнія гады майго існавання, – казаў сабе ў думках Вакульскі, – прамінулі ў пагоні за кабетаю, якой я, можа, і сам бы выракся, каб пазнаёміўся з ёю бліжэй. Уся мая энергія, усе веды, здольнасці і гэткі вялікі маёнтак паглынае жарсць толькі таму, што я купец, а яна нейкая там арыстакратка. Хіба ж грамадства не крыўдзіць гэтым само сябе?..”

Тут Вакульскі дасягнуў найвышэйшае кропкі самакрытычнасці, ён зразумеў недарэчнасць свайго становішча і вырашыў скончыць з гэтым.

“Што рабіць, што рабіць?.. – думаў ён. – Няўжо тое самае, што робяць іншыя?”

А што ж яны робяць?... Перадусім звычайным чынам працуюць па шаснаццаць гадзін у суткі, не зважаючы на святы і нядзелі. Гэтым пацвярджаецца закон натуральнага адбору, паводле якога толькі самыя моцныя маюць права на жыццё. Нягеглы загіне тут менш чым за год, няздара – за некалькі гадоў, а застануцца толькі самыя цягавітыя ды здатныя. І яны, дзякуючы працы цэлых пакаленняў такіх самых барацьбітоў, маюць магчымасць задавальняць усе свае патрэбы.

Добрая каналізацыя засцерагае іх ад хваробаў, шырокія вуліцы добра праветрываюцца, Галоўны рынак пастаўляе харч, тысячы фабрык – вопратку і мэблю. Калі парыжанін хоча ўбачыць прыроду, ён едзе за горад або ў “лясок”, калі хоча цешыцца мастацтвам, ідзе ў галерэю Луўр, а калі мае прагу да ведаў, да паслугаў яму музеі ды розныя галерэі.

Праца дзеля дасягнення шчасця – вось сэнс парыжскага жыцця. Супраць стомы тут – тысячы калясак, супраць нуды – сотні тэатраў і відовішчаў, супраць цемрашальства – сотні музеяў, бібліятэк і лекцый. Тут клапоцяцца не толькі пра чалавека, але нават пра каня, каб дарогі былі гладкія. Тут дбаюць нават пра дрэвы, калі перавозяць іх на адмысловых вазах у новыя месцы, калі агароджваюць іх жалезнымі кошыкамі ад шкоднікаў, калі забяспечваюць даплыў вады і лечаць у выпадку хваробы.

Дзякуючы гэткай клапатлівасці ўсё, што ёсць у Парыжы, прыносіць разнастайную карысць. Дом, мэбля, посуд тут не толькі практычныя, але і прыгожыя, яны дагаджаюць не толькі мускулам, але і пачуццям. І наадварот, творы мастацтва не толькі прыгожыя, але і карысныя. Пры трыумфальных арках і касцельных вежах ёсць прыступкі, якія дазваляюць падняцца і агледзяць горад з вышыні. Скульптуры і карціны даступныя не толькі аматарам мастацтва, але і мастакам ды ўмельцам, якія могуць рабіць у галерэях копіі.

Француз, калі стварае нешта, дбае спачатку, каб ягоны твор адпавядаў мэце, а потым – каб быў прыгожы. Апроч таго, яшчэ клапоціцца пра яго трываласць і чысціню. Гэта ісціна для Вакульскага пацвярджалася на кожным кроку і ў кожнай рэчы, пачынаючы ад вазкоў, што вывозілі смецце, да агароджанай бар’ерам Венеры Мілоскае. Бачыў ён і вынікі гэтае гаспадарлівасці: не марнуецца тут праца, кожнае пакаленне аддае наступнікам найлепшыя творы папярэднікаў, дапаўняючы іх уласным даробкам.

Гэткім чынам, Парыж – гэта каўчэг, у якім змяшчаецца здабыча некалькі соцень, калі не некалькіх тысяч, стагоддзяў цывілізацыі… Усё тут ёсць, ад жахлівых асірыйскіх скульптур і егіпецкіх мумій, да апошніх дасягненняў механікі ды электратэхнікі; ад збанкоў, у якіх сорак стагоддзяў таму егіпцянкі насілі ваду, да вялізных гідраўлічных колаў Сен-Мор.

“Тыя, хто стварыў гэтыя цуды, – думаў Вакульскі, – альбо сабраў іх разам, не былі, як я, адчайнымі абібокамі…”

Кажучы гэта, ён чуў, як ахоплівае яго сорам.

І зноў, за пару гадзін скончыўшы справы Сузіна, ён бадзяўся па Парыжы. Блукаў незнаёмымі вуліцамі, тануў у людскім тлуме, заглыбляўся ў хаос рэчаў ды выпадкаў і на дне іх знаходзіў парадак ды заканамернасць. То ізноў дзеля разнастайнасці ён піў каньяк, гуляў у карты і рулетку або аддаваўся распусце.