Яму здавалася, што ў гэтым вулканічным пажары цывілізацыі напаткае яго нешта надзвычайнае, што тут пачнецца новы перыяд яго жыцця. Разам з тым, ён адчуваў, што разрозненыя да гэтага часу веды і ўяўленні збіраюцца ў пэўную цэласнасць, у нейкую філасофскую сістэму, якая дазваляла яму зразумець шмат якія таямніцы свету і свайго ўласнага жыцця.
“Хто я?” – пытаўся ён у сябе не раз. І паступова фармуляваўся адказ:
“Я – чалавек страчаны. Меў вялікія здольнасці і энергію, але – нічога не зрабіў дзеля цывілізацыі. Тыя знакамітыя людзі, якіх я тут спатыкаю, не маюць і паловы маёй сілы ды, нягледзячы на гэта, пакідаюць пасля сябе махіны, гмахі, творы мастацтва, новыя ідэі. А я што пакіну?.. Хіба сваю краму, якая даўно б ужо збанкрутавала, каб не пільнаваў яе Жэцкі… А я ж не быў гультаём, высільваўся за траіх і, каб не дапамог мне выпадак, не меў бы нават таго маёнтку, што маю…”
Пазней задаўся ён пытаннем: на што размантачыў свае сілы і жыццё?..
На барацьбу з атачэннем, з якім не мог зжыцца. Калі хацеў ён вучыцца – не мог, бо ягонаму краю патрэбныя былі не вучоныя, а хлопцы на пабягушках ды крамнікі ў крамах. Калі хацеў паслужыць грамадству, нават ахвяруючы ўласным жыццём, падсунулі яму фантастычныя мары замест праграмы, а потым – забыліся на яго. Калі шукаў працу, яе не далі, а паказалі шырокі гасцінец – жаніцьбу з-за грошай са старой кабетай. Калі, нарэшце, ён закахаўся і хацеў стаць сапраўдным бацькам сямейства, капланам дамашняга агменю, святасць якога ўсе навокал услаўлялі, паставілі яго ў безвыходнае становішча. Ён нават не ведаў, ці кабета, за якою шалеў, звычайная какетка з мешанінаю ў галаве, ці, можа, гэткая, як і ён, заблуканая істота, якая не знайшла ўласнае дарогі. Мяркуючы па яе ўчынках, – гэта панна на выданні, якая шукае лепшае партыі, а калі глядзіш ёй у вочы, думаецца, што гэта анёльская душа, якой чалавечыя ўмоўнасці звязалі крылы.
“Каб мне дастаткова было некалькі соцень тысяч рублёў гадавога даходу ды гульні ў віст, дык быў бы я самы шчаслівы чалавек у Варшаве, – казаў ён сабе. – Але з-за таго, што апроч страўніка, маю яшчэ і душу, якая жадае ведаў і кахання, дык не выжыць мне там. На гэтай шыраце не выспяваюць ані пэўнага гатунку расліны, ані пэўнага гатунку людзі…”
Шырата!.. Аднойчы ў абсерваторыі ён кінуў вокам на кліматычную карту Еўропы і адзначыў у памяці, што сярэдняя тэмпература ў Парыжы на пяць градусаў вышэй, чым у Варшаве. Значыць, гэты Парыж кожны год мае цяпла на дзве тысячы градусаў больш, чым Варшава. А як цяпло ёсць сіла, і сіла магутная, калі не адзіная творчая, дык… загадка разгаданая…
“На поўначы халадней, – думаў ён. – Раслінны і жывёльны свет там бяднейшы, дык і харчавання для чалавека там менш. Мала таго, гэты ж самы чалавек мусіць яшчэ добра папрацаваць, каб пабудаваць цёплыя дамы і пашыць сабе цёплую вопратку. Француз, у параўнанні з жыхаром поўначы, мае больш вольных дзён і часу на задавальненне матэрыяльных патрэб і выкарыстоўвае іх на духоўную творчасць.
Калі да цяжкіх кліматычных умоў дадаць яшчэ арыстакратыю, якая завалодала ўсімі народнымі багаццямі і змарнавала іх у бессэнсоўнай распусце, дык ясна, чаму людзі незвычайна здольныя не толькі не могуць развівацца там, але проста гінуць.
– Ну, але я не загіну! – буркнуў ён злосна.
І ў гэты момант першы раз склаўся ў яго ясны план – не вяртацца ў край.
“Прадам краму, – думаў ён, – забяру свае капіталы і асяду ў Парыжы. Не буду назаляць тым, хто мяне не хоча… Буду хадзіць тут па музеях, можа, займуся навукаю, і жыццё пражыву калі не шчасліва, дык прынамсі, без болю…”
Вярнуць у край і затрымаць яго там магла толькі адна падзея, толькі адна асоба… Але тая падзея не здаралася, а наадварот, здараліся іншыя, якія ўсё больш аддалялі яго ад Варшавы і ўсё мацней прывязвалі да Парыжа.
XXIII. ЗДАНЬ
Аднойчы, як звычайна, ён прымаў наведнікаў у салоне. Ужо адправіў ягамосця, які прапаноўваў біцца замест яго на двубоях, і другога, што ў якасці нутрамоўцы хацеў адыграць ролю ў дыпламатыі, і трэцяга, які абяцаў паказаць, дзе менавіта пад Беразіною Напалеон І закапаў скарбы, калі лакей у блакітным фраку паведаміў:
– Прафесар Гейст.
– Гейст?.. – паўтарыў Вакульскі і адчуў нешта дзіўнае. Яму падумалася, што жалеза пры набліжэнні магніта павінна мець падобныя пачуцці.
– Прасі…
Праз момант увайшоў чалавек маларослы і сухарлявы, з тварам жоўтым, як воск. На галаве ў яго не было ніводнае сівое валасіны.