Выбрать главу

– Адкуль у пана гэткі давер да мяне? – пытаў Вакульскі ўжо спакойна.

– Гэта проста, – адказаў Гейст. – Пра тое, каб забіцца, думае вар’ят, банкрут або чалавек варты, які не знаходзіць сабе месца на свеце.

– Адкуль пан ведае, што я не латруга?

– А пан адкуль ведае, што конь не карова? – адказаў Гейст. – Падчас маіх вымушаных вакацый, якія, на жаль, цягнуцца па некалькі гадоў, я займаюся заалогіяй і спецыяльна вывучаю чалавечы від. У адной толькі той форме, што з дзвюма рукамі, я адкрыў больш за дзесяць жывёльных тыпаў, пачынаючы з вустрыцы ды гліста і сканчаючы савою ды тыграм. Скажу табе нават больш. Я адкрыў, што існуюць гібрыды гэтых тыпаў: крылатыя тыгры, змеі з сабачымі галовамі, сокалы ў чарапашых панцырах, зрэшты, гэта ўжо прадчувала фантазія геніяльных паэтаў. І ва ўсім гэтым звярынцы, сярод быдла альбо монстраў сям-там можна знайсці сапраўднага чалавека, істоту з розумам, сэрцам і энергіяй. Пан Сюзэн, несумненна, мае рысы чалавечыя, таму я гэтак адкрыта размаўляю з панам. Ты адзін – на дзесяць, можа, на сто тысяч….

Вакульскі зморшчыўся. Гейст выбухнуў:

– Што? Можа, ты думаеш, пан, што я ліслівасцю хачу выдурыць пару франкаў?.. Заўтра я зноў прыйду да пана, і тады сам пераканаешся ў сваёй цяперашняй недальнабачнасці і несправядлівасці…

Ён ускочыў з крэсла, але Вакульскі стрымаў яго.

– Не гневайся, прафесар, – сказаў ён, – я не хацеў пана абразіць. Але ў мяне тут амаль штодня візіты розных блазнаў…

– Заўтра я пераканаю пана, што я ані блазан, ані вар’ят, – адказаў Гейст. – Я пакажу табе нешта такое, што бачыла не больш за шэсць ці сем чалавек, якія… ужо памерлі… О, каб яны былі жывыя!.. – уздыхнуў ён.

– Чаму ж толькі заўтра?

– Таму што я жыву далёка адсюль, і ў мяне няма на фіякр.

Вакульскі працягнуў яму руку.

– Не абразішся, пан прафесар, – запытаўся ён, – калі…

– Калі дасі мне на фіякр?.. Не. Я ж адразу сказаў, што жабрак, і хто ведае, ці не самы ўбогі ў Парыжы.

Вакульскі працягнуў яму сто франкаў.

– Не варта, – усміхнуўся Гейст. – Хопіць і дзесяць… Пабачым, можа, ты мне заўтра дасі сто тысяч… Шмат у цябе грошай?

– Каля мільёна франкаў.

– Мільён! – паўтарыў Гейст, хапаючыся за галаву. – Праз дзве гадзіны я вярнуся. Раптам я стану табе гэткім жа патрэбным, як ты мне…

– У такім выпадку, можа, прафесар зробіць ласку – адразу ў мой нумар, на трэці паверх… Гэта памяшканне афіцыйнае…

– Добра, добра, на трэці паверх… Праз дзве гадзіны я буду, – адказаў Гейст і шпарка выбег з пакоя.

Праз момант паказаўся Жумар.

– Знудзіў, пэўна, пана стары? – спытаў ён у Вакульскага.

– Што ён за чалавек? – абыякава пацікавіўся Вакульскі.

Жумар скрывіў губы.

– Вар’ят ён, але яшчэ ў пару майго студэнцтва быў вялікім хімікам. Нешта там адкрыў. Падобна, мае нават некалькі незвычайных экземпляраў, але…

Ён пастукаў пальцам сабе па лбу.

– Чаму называюць яго вар’ятам?

– Нельга іначай назваць чалавека, – адказаў Жумар, – які лічыць, што ўдасца яму зменшыць удзельную вагу целаў. Або толькі металаў, я забыўся…

Вакульскі развітаўся з ім і пайшоў у свой нумар.

“Што ж гэта за дзіўны горад, – думаў ён, – дзе можна сустрэць шукальнікаў скарбаў, наёмных абаронцаў гонару, элегантных дам, якія самі гандлююць таямніцамі, кельнераў, якія разважаюць пра хімію, і хімікаў, якія хочуць зменшыць удзельную вагу целаў…”

А пятай у нумары з’явіўся Гейст. Быў ён усхваляваны і замкнуў за сабою дзверы на ключ.

– Пане Сюзэн, – пачаў ён, – мне вельмі важна, каб мы зразумелі адзін аднаго… Скажы мне, ці ёсць у цябе нейкія абавязкі: жонка, дзеці?.. Што праўда, не падобна на тое…

– Я не маю нікога.

– А грошы маеш? Мільён…

– Амаль.

– Скажы мне яшчэ, – працягваў Гейст, – чаму ты думаеш пра самазабойства?..

Вакульскі страпянуўся.

– Гэта быў момант, – адказаў ён. – Закружылася ў мяне галава на паветраным балоне…

Гейст паківаў галавою.

– Грошы маеш, – мармытаў ён. – Славы, прынамсі, да гэтага часу не шукаў… Тут мусіць быць кабета!.. – выгукнуў ён.

– Магчыма, – адказаў Вакульскі, вельмі збянтэжаны.

– Так, кабета! – сказаў Гейст. – Гэта кепска. Ніколі нельга ведаць, што яна зробіць і куды завядзе… У кожным разе, слухай… – ён пільна глядзеў у вочы Вакульскаму. – Калі наступны раз прыйдзе табе ахвота паспрабаваць… Разумееш?.. Не забівайся, а прыйдзі лепш да мяне…