Ён выскачыў з гатэля на вуліцу, забег у кавярню і загадаў падаць каньяку. Тым разам ён выпіў паўтара графінчыкі, а пакуль піў, думаў, што гэты Парыж, у якім ён знайшоў столькі мудрасці, ілюзій ды расчаравання, стане, хіба, яго магілаю.
“Чаго яшчэ мне чакаць?.. Чаго я не ведаю?.. Калі Гейст – звычайны ашуканец, а шуфлік на вугаль можна кахаць так, як я яе, дык што мне застаецца?..”
Ён вярнуўся ў гатэль размораны каньяком і заснуў не распранаючыся. А калі прачнуўся а восьмай раніцы, першая яго думка была:
“Несумненна, Гейст з дапамогаю магнетызму ашукаў мяне з тымі металамі. Але… хто загіпнатызаваў мяне, калі я згубіў галаву ад тае кабеты?..”
Раптам яму цюкнула ў галаву, што можна тое-сёе даведацца ў Пальмеры. Ён хутка пераапрануўся і спусціўся на трэці паверх.
Майстар таямнічага мастацтва ўжо чакаў гасцей. Але гасцей яшчэ не было, і таму ён ахвотна прыняў Вакульскага, аднак спачатку ўзяў дваццаць франкаў за нараду.
– Ці кожнаму пан можа ўнушыць, – спытаў Вакульскі, – што шуфлік на вугаль – гэта кабета, а хустка важыць сто фунтаў?
– Кожнаму, каго я здолею загіпнатызаваць.
– Дык прашу загіпнатызаваць мяне і паўтарыць са мною штуку з хусткаю.
Пальмеры пачаў сваю практыку. Ён узіраўся Вакульскаму ў вочы, датыкаўся яму да ілба, расціраў рукі ад ключыц да далоняў… Нарэшце, ён з непамыснасцю адступіў.
– Пан не медыум, – сцвердзіў ён.
– А каб у маім жыцці быў выпадак, такі самы, як у таго ягамосця з хусткаю? – спытаў Вакульскі.
– Гэта немагчыма, пана нельга загіпнатызаваць. Зрэшты, каб пан быў загіпнатызаваны і меў ілюзію, што хустка важыць сто фунтаў, дык пасля абуджэння не памятаў бы пра гэта.
– Пан упэўнены, што ніхто іншы не здольны загіпнатызаваць мяне больш спраўна?
Пальмеры абразіўся.
– Няма лепшага гіпнатызёра за мяне! – закрычаў ён. – Зрэшты, і я пана загіпнатызую, але давядзецца працаваць некалькі месяцаў… Гэта будзе каштаваць дзве тысячы франкаў. Я не збіраюся дарма траціць свае флюіды…
Вакульскі выйшаў ад гіпнатызёра вельмі незадаволены. Ён не сумняваўся, што панна Ізабэла магла зачараваць яго, прынамсі, у яе было досыць часу, але Гейст загіпнатызаваць яго цягам некалькіх хвілін не мог. Да таго ж, Пальмеры сцвярджаў, што загіпнатызаваны не памятае сваіх уяваў, а ён памятаў кожную драбніцу візіту старога хіміка.
Значыць, калі Гейст яго не загіпнатызаваў, ён не ашуканец. Дык яго металы існуюць і… адкрыццё металу, лягчэйшага за паветра, магчымае.
“Які горад! – думаў ён. – Цягам аднае гадзіны я атрымаў тут больш уражанняў, чым у Варшаве за ўсё жыццё… Які горад!”
Некалькі дзён Вакульскі быў вельмі заняты.
Перадусім ад’язджаў Сузін, які купіў каля двух дзясяткаў караблёў. Абсалютна легальны прыбытак з гэтае аперацыі быў вялікі, такі вялікі, што частка, якая належала Вакульскаму, пакрыла выдаткі, зробленыя цягам апошніх месяцаў у Варшаве.
За некалькі гадзін да развітання Сузін з Вакульскім снедалі ў парадным нумары і, вядома, у іх зайшла гаворка пра прыбыткі.
– Шанцуе табе, як у казцы, – заўважыў Вакульскі.
Сузін глынуў шампанскага, сашчапіў на жываце рукі, аздобленыя пярсцёнкамі, і сказаў:
– Гэта не шанцаванне, Станіславе Пятровічу, гэта мільёны. Ножыкам рэжаш лазу, а сякераю валіш дубы. Хто мае капейкі – і справы робіць на капейкі, і даход мае капеечны. Але хто мае мільёны, будзе мець даходы на мільёны. Рубель, Станіславе Пятровічу, як заезджаная каняка, некалькі гадоў мусіш чакаць, пакуль яна ажарэбіцца новым рублём. А мільён дае прыплод, як свінаматка, кожны год прыносіць яшчэ некалькі. За два, за тры гады, Станіславе Пятровічу, і ты збярэш круглы мільёнчык, тады сам пераканаешся, як ганяюцца за ім грошы. Хоць з табою…
Сузін уздыхнуў, зморшчыў бровы і зноў глынуў шампанскага.
– Што ж са мною? – запытаўся Вакульскі.
– А вось што з табою, – адказаў Сузін, – замест таго, каб у такім горадзе займацца сваімі інтарэсамі і сваім гандлем, ты нічога… Швэндаешся з паніклаю або задранаю галавою, свету не бачыш, нават (сорамна сказаць, хрысціянін!) лятаеш на паветраным балоне… Што ж ты, балаганным акрабатам збіраешся стаць, га?.. Ну і нарэшце, скажу я табе, Станіславе Пятровічу, абразіў ты адну вельмі элегантную даму, тую баранесу… А ў яе можна было і ў карты пагуляць, і прыгожых кабет сустрэць, і даведацца шмат чаго. Раю табе, дай ты ёй зарабіць перад сваім ад’ездам, бо як не дасі адвакату рубля, ён у цябе сто выцягне. Гэх, бацюхна ты мой…
Вакульскі слухаў уважліва, Сузін зноў уздыхнуў і працягваў: