Выбрать главу

– І з чараўнікамі ты радзішся (цьху, нячыстая сіла…), на чым, кажу я табе, не заробіш і гроша, а можаш абразіць Бога.

Нядобра!.. А горш за ўсё, што ты думаеш, нібы ніхто не ведае, чым ты заклапочаны. Тым часам, усе ведаюць, што ты ад нечага маральна пакутуеш, толькі адзін думае, што ты хацеў бы купляць тут фальшывыя банкноты, а іншы дагаворваецца да таго, што хутка збанкрутуеш, калі ўжо не банкрут.

– І ты ў гэта верыш? – спытаў Вакульскі.

– Ай, Станіславе Пятровічу, ужо каму-каму, а табе не варта лічыць мяне дурнем. Ты думаеш, я не ведаю, што тут спрычынілася кабета?.. Ну, кабета – спакуса, і нават іншаму саліднаму чалавеку можа закруціць мазгі. Дык цешся ж і ты, як маеш грошы. А я табе, Станіславе Пятровіч, скажу адно слоўца, хочаш?

– Калі ласка.

– Хто просіць, каб пагалілі яму бараду, не злуецца на драпіны. Вось, галубок, раскажу я табе прыпавесць. Ёсць тут, у Францыі, нейкая цудоўная вада на ўсе хваробы (не памятаю, як завецца). Дык слухай мяне, ёсць такія, што паўзуць туды на каленях, не падымаючы вачэй, а ёсць іншыя – яны тую ваду п’юць без усялякай цырымоніі, нават рот ёю палошчуць… Ах, Станіславе Пятровічу, каб ты ведаў, як той, хто п’е, насміхаецца з таго, хто моліцца… Дык падумай, ці ты не з такіх, а калі з такіх, плюнь на ўсё… Але што з табою?.. Баліць? Праўда… Ну, пакаштуй віна…

– Ты нешта чуў пра яе? – глуха спытаў Вакульскі.

– Клянуся, нічога надзвычайнага я не чуў, – адказаў Сузін і стукнуў сябе ў грудзі. – Купцу трэба крамнікі, а кабеце той, хто будзе перад ёю чалом біць, хоць бы дзеля таго, каб загарадзіць кавалера, які не б’е паклонаў. Гэта натуральна. Толькі ты, Станіславе Пятровічу, не ідзі ў чарадзе, а калі ўжо трапіў у самую яе сярэдзіну, дык падымі галаву. Паўмільёна рублёў капіталу – гэта не лушпінне, з такога купца людзі не павінны насміхацца.

Вакульскі падняўся і сцепануўся, як чалавек, якому зрабілі прыпальванне гарачым жалезам.

“Можа, усё не так, а можа… так!.. – падумаў ён. – А калі так… частку маёнтку аддам шчасліваму каханку, што мяне вылечыў!..”

Ён вярнуўся да сябе і першы раз зусім спакойна пачаў перабіраць у думках усіх, хто ўлягаў за паннаю Ізабэлаю і якіх сам бачыў каля яе, і пра якіх толькі чуў. Прыгадаў ён сабе шматзначныя размовы, пяшчотныя позіркі, шматзначныя намёкі, усе даклады пані Мелітан, усе плёткі, якія круціліся пра панну Ізабэлу сярод захопленай ёю публікі. Нарэшце, ён уздыхнуў свабодна. Здавалася яму, што знайшоў ён тую нітку, якая можа вывесці з лабірынту.

“Выйду з яго, хіба, проста ў майстэрню Гейста”, – падумаў ён, адчуваючы, што запала ў душу першае зерне пагарды.

“Яна мае права, мае поўнае права!.. – мармытаў ён з усмешкаю. – І права выбару таксама, ці нават выбараў… Гэх, якая ж з мяне нягодная жывёліна, а Гейст лічыць мяне чалавекам…”

Пасля ад’езду Сузіна Вакульскі другі раз перачытаў ліст Жэцкага, які атрымаў учора ўвечары. Стары крамнік пра справы пісаў няшмат, затое шмат – пра пані Стаўскую, няшчасную і прыгожую кабету, муж якой недзе прапаў.

“Да смерці абавяжаш ты мяне, – пісаў Жэцкі, – калі нейкім чынам паспрабуеш, нарэшце, высветліць: Людвік Стаўскі жывы ці памёр?”

Потым ішоў пералік дат і мясцовасцяў, дзе зніклы бываў пасля таго, як пакінуў Варшаву.

“Стаўская?.. Стаўская?.. – прыгадваў Вакульскі. – Ведаю! Гэта тая прыгожая пані з дачушкаю, якая жыве ў маім доме… Які дзіўны збег акалічнасцяў, можа, таму і купіў я дом Ленцкіх, каб пазнаёміцца з тою другою?.. Яна мяне не цікавіць, калі я застаюся тут, але чаму ж не дапамагчы, калі Жэцкі просіць… Цудоўна! Маю нагоду зрабіць прэзент баранесе, якую мне гэтак рэкамендаваў Сузін…”

Ён узяў адрас баранесы і паехаў у ваколіцу Сен-Жэрмен.

На падворку дома, дзе яна жыла, была антыкварная крамка. Размаўляючы са швейцарам, Вакульскі кінуў вокам на кніжкі і з радасным здзіўленнем заўважыў экземпляр паэзіі Міцкевіча, якраз таго выдання, якое ён чытаў, калі быў яшчэ крамнікам у Гопфера. Старая вокладка і выцвілая папера абудзілі ўспаміны маладосці.

Ён зараз жа купіў кніжку і гатовы быў цалаваць яе, як рэліквію.

Швейцар, якому гэты франк растапіў сэрца, правёў Вакульскага аж да дзвярэй баранесы, з усмешкаю жадаючы прыемнага баўлення часу.

Вакульскі пазваніў, і на парозе адразу з’явіўся лёкай у пунсовым фраку.

“Ага!” – прамармытаў ён.

У салоне, вядома, была мэбля з пазалотаю, карціны, дываны і кветкі. Праз момант увайшла баранеса з выглядам абражанае асобы, якая гатова, аднак, прабачыць.

І праўда, яна прабачыла. Вакульскі адразу паведаміў мэту свайго візіту, напісаў прозвішча Стаўскага і месцы, дзе той бываў, ды вельмі прасіў, каб баранеса з дапамогаю свах шматлікіх сувязяў знайшла прапалага.