Выбрать главу

– Гэта магчыма, – адказала велікасвецкая дама, – але… ці не адаб’е ў пана ахвоту кошт?.. Мы мусім звярнуцца да нямецкае паліцыі, англійскае, амерыканскае…

– Дык?..

– Ці гатовы пан выдаткаваць прыклада тры тысячы франкаў?

– Вось чатыры тысячы, – адказаў Вакульскі і падаў чэк, на якім напісаў адпаведную суму. – А калі можна спадзявацца на адказ?..

– Я гэтага не магу ведаць, – адказала баранеса, – можа, праз месяц, можа, праз год. Спадзяюся, аднак, – дадала яна сурова, – у сапраўднасці пошукаў пан не сумняваецца?

– Ніякага сумневу. Таму і пакідаю ў Ротшыльда квіток яшчэ на дзве тысячы франкаў, якія будуць выплачаныя, калі з’явіцца вестка пра гэтага чалавека.

– Пан хутка паедзе?

– О, не. На нейкі час я затрымаюся.

– Ах, захапіўся пан Парыжам!.. – прамовіла баранеса з усмешкаю. – Ён спадабаецца пану яшчэ больш з вокнаў майго салона. Я прымаю кожны вечар.

Яны развіталіся вельмі задаволеныя: баранеса грашыма свайго кліента, а Вакульскі тым, што адным махам выканаў і параду Сузіна, і просьбу Жэцкага.

Цяпер Вакульскі застаўся ў Парыжы зусім адзін, не маючы ніякіх спраў. Зноў ён наведваў выставу, тэатры, хадзіў незнаёмымі вуліцамі, аглядаў прапушчаныя раней музейныя залы… Зноў дзівіўся магутнай сіле Францыі, гармоніі ў пабудове і жыцці мільённага горада, уплыву лагоднага клімату на прыспешанае развіццё цывілізацыі… Зноў піў каньяк, еў дарагія стравы або гуляў у карты ў салоне баранесы, дзе заўсёды прайграваў.

Гэткае баўленне часу выдатна стамляла, але не прыносіла ані кроплі радасці. Гадзіны цягнуліся суткамі, дні не мелі канца, а ночы – спакойнага сну. Хоць і спаў ён моцна, хоць не меў ані прыкрых, ані прыемных сноў, наогул, нібы траціў свядомасць, не мог ён, аднак, пазбыцца пачуцця бясконцае горычы, у якой танула ягоная душа, дарэмна шукаючы дна або берагоў.

“Дайце мне нейкую мэту… або смерць!..” – казаў ён, пазіраючы на неба, а праз момант ужо рагатаў з сябе:

“З кім я размаўляю?.. Хто мяне пачуе ў тым механізме сляпых сіл, цацкаю якога я стаў? Якая страшная доля: не быць ні да чаго прывязаным, нічога не жадаць і гэтак шмат разумець…”

Яму здавалася, што ён бачыць нейкую невымерную фабрыку, адкуль выбягаюць новыя сонцы, новыя планеты, новыя віды істот, новыя народы, а там – людзі і сэрцы, якія рвуць фурыі: надзея, каханне і боль. Якая ж з іх самая горшая? Гэта не боль, бо ён, прынамсі, не падманвае. Але тая надзея, што здольная кінуць тым глыбей, чым вышэй падняла… Але каханне, той матыль, адно крыло якога называецца няпэўнасцю, а другое – падманам…

“Усё адно, – мармытаў ён. – Калі ўжо мусім мы адурманьвацца нечым, дык няма розніцы, чым адурманьвацца. Але чым?”

Тады ў глыбіні змроку, які завецца прыродаю, загараліся перад ім дзве зоркі. Адна свяціла слаба, але пастаянна – гэта быў Гейст ды яго металы, а другая была яскравая, як сонца, і мігатлівая, гэта была яна

“Што выбраць? – думаў ён. – Калі адно сумнеўнае, а другая недаступная і няпэўная. Бо, каб я нават і дасягнуў яе, ці паверу ёй калі-небудзь?.. Ці змог бы паверыць?..”

Ён адчуваў, што набліжаецца хвіліна рашучага змагання паміж яго розумам і сэрцам. Розум цягнуў да Гейста, сэрца – у Варшаву. Ён адчуваў, што хутка мусіць на нечым спыніць свой выбар: або на цяжкай працы, якая вяла да вялікае славы, або – на жарсці, якая абяцала спаліць яго дазвання.

“А калі і адно, і другое – ілюзіі, як той шуфлік або хустка вагою ў сто фунтаў?..”

Ён зноў пайшоў да гіпнатызёра Пальмеры, заплаціў належныя дваццаць франкаў за нараду і пачаў задаваць яму пытанні:

– Дык сцвярджае пан, што мяне немагчыма загіпнатызаваць?

– Як гэта немагчыма? – абурыўся Пальмеры. – Немагчыма адразу, бо пан не з’яўляецца медыумам. Але можна з пана зрабіць медыума, калі не за пару месяцаў, дык за пару гадоў.

“Таму Гейст, дакладна, не атуманіў мяне”, – падумаў Вакульскі.

А ўголас ён запытаўся:

– А кабета, пане Пальмеры, можа магнетызаваць чалавека?

– Не толькі кабета, а нават дрэва, клямка, вада, ну, словам, усё, чаму гіпнатызёр надасць уладу. Я магу сваіх медыумаў магнетызаваць, бадай, шпількаю. Кажу ім, я ў гэту шпільку пераліваю свой флюід, і заснеш, пан, як толькі на яе зірнеш. Дык яшчэ лягчэй мог бы я пераказаць сваю ўладу нейкай кабеце. Абы, вядома, гіпнатызаваная асоба была медыумам.

– І тады я прывязаўся б да тае кабеты, як медыум пана да шуфліка на вугаль?.. – спытаў Вакульскі.

– Самым звычайным чынам, – адказаў Пальмеры, пазіраючы на гадзіннік. Вакульскі пайшоў ад яго і, бадзяючыся па вуліцах, думаў: