Выбрать главу

“Што да Гейста, дык я амаль упэўнены, што ён не выклікаў у мяне ілюзій з дапамогаю магнетызму. На гэта не хапіла б яму часу. Але што да яе, няма пэўнасці, ці не зачаравала яна мяне гэткім чынам. Часу было дастаткова, але… хто ж зрабіў мяне медыумам?”

Чым больш ён параўноўваў сваё каханне да панны Ізабэлы з пачуццямі большасці мужчын да большасці кабет, тым больш ненатуральным яно здавалася. Бо як можна закахацца ў некага з першага позірку? Альбо як можна шалець за кабетаю, якую бачыш раз на некалькі месяцаў і толькі дзеля таго, каб пераканацца: яна і думаць не думае пра цябе?

“Ну вось, – прамармытаў ён, – рэдкія сустрэчы якраз і зрабілі з яе ідэал. Хто ведае, ці не расчараваўся б я канчаткова, каб пазнаёміўся з ёю бліжэй?”

Дзіўна было, што ад Гейста няма ніякіх вестак.

“Няўжо вучоны хімік узяў трыста франкаў, каб і на вочы мне не паказвацца…” – падумаў ён.

Але яму стала сорамна ад сваіх падазрэнняў.

“Можа, ён хворы?”

Ён узяў фіякр і паехаў па адрасе далёка за гарадскія валы, у ваколіцу Шарантон.

На названай вуліцы фіякр спыніўся перад каменным парканам, за якім віднелася верхняя частка вокнаў і дах.

Вакульскі выйшаў з каляскі і наблізіўся да жалезнае брамкі, пры якой вісеў малаток. Пасля некалькіх удараў брамка нечакана адчынілася, і Вакульскі ўвайшоў на дзядзінец.

Дом быў двухпавярховы і вельмі занядбаны, пра гэта сведчыла цвіль на сценах і павыбіваныя там-сям шыбы ў вокнах. Пасярэдзіне знаходзіліся дзверы, да якіх трэба было падымацца па досыць зруйнаваных прыступках.

Веснічкі глуха стукнулі і замкнуліся, але швейцара, які яе адчыняў, не было відаць, дык Вакульскі спыніўся пасярод дзядзінца. Ён быў здзіўлены і заклапочаны. У гэты момант у акне другога паверха з’явілася нейкая галава ў чырвонай шапцы, і знаёмы голас паклікаў:

– Гэта вы, пане Сюзэн? Добры дзень!

Галава знікла, але адчыненая фортка даводзіла, што гэта была не ілюзія. Нарэшце, праз некалькі хвілін з рыпеннем адчыніліся дзверы, у іх стаяў Гейст. На ім былі падраныя блакітныя порткі, на нагах – драўляныя сандалі, а на плячах – брудны фланелевы каптан.

– Можаш мяне павіншаваць, пане Сюзэн! – сказаў Гейст. – Я прадаў свой выбуховы матэрыял англа-амерыканскай кампаніі ды, здаецца, някепска. Сто пяцьдзясят тысяч франкаў гатоўкі, апроч таго, дваццаць пяць сантымаў з кожнага прададзенага кілаграма.

– Ну, калі так, закіне пан, хіба, свае металы, – з усмешкаю прамовіў Вакульскі.

Гейст зірнуў на яго з паблажліваю пагардаю.

– Гэта, – адказаў ён, – змяніла маё становішча настолькі, што некалькі гадоў мне не трэба ўжо шукаць заможнага супольніка. А што да металаў, якраз я працую над імі, зірні…

Ён адчыніў дзверы налева ад увахода. Перад Вакульскім была вялікая квадратная зала, вельмі халодная. Пасярэдзіне стаяў аграмадны цыліндр, падобны да кадкі, яе стальныя сценкі мелі з локаць таўшчыні і былі ў чатырох месцах сцягнутыя тоўстымі абручамі. Да вечка былі прымацаваныя нейкія апараты. Адзін быў падобны да клапана бяспекі, з-пад якога час ад часу вырывалася воблачка пары і хутка разыходзілася ў паветры, а другі нагадваў манометр, стрэлка якога вагалася.

– Паравы кацёл?.. – спытаў Вакульскі. – Навошта такія тоўстыя сценкі?

– Дакраніся, – прапанаваў Гейст.

Вакульскі дакрануўся і сыкнуў ад болю. На пальцах выскачылі пухіры, але не ад гарачыні, а ад холаду… Кадка была страшэнна халодная, што адчувалася, зрэшты, нават у зале.

– Шэсцьсот атмасфер унутранага ціску, – дадаў Гейст, не зважаючы на апёк Вакульскага, які аж здрыгануўся, калі пачуў гэту лічбу.

– Вулкан, – ціха прамовіў ён.

– Таму я і падгаворваў цябе працаваць у мяне, – адказаў Гейст. – Як бачыш, тут лёгка можа здарыцца аварыя… Хадзем наверх…

– Пан пакіне кацёл без нагляду? – спытаў Вакульскі.

– О, падчас гэтай рабоы не патрэбная нянька, усё робіцца само і нечаканасцяў не будзе.

Наверсе яны апынуліся ў вялікім пакоі з чатырма вокнамі. З мэблі там былі пераважна сталы, застаўленыя рэтортамі, рознымі ёмістасцямі з трубкамі са шкла, парцаляны і нават з волава ды медзі. На падлозе пад сталамі і ў кутках ляжала некалькі артылерыйскіх снарадаў, некаторыя з іх былі з трэшчынамі. Пад вокнамі стаялі невялікія каменныя або медзяныя ночвы, напоўненыя каляровымі вадкасцямі. Уздоўж аднае сцяны цягнулася лава або тапчан, а на ім – вялізная электрычная батарэя.

Вакульскі агледзеўся і каля самых дзвярэй заўважыў жалезную шафу, умураваную ў сцяну, ложак, накрыты дзіраваю коўдраю, з якой вылазіла брудная вата, а пад акном – столік з паперамі і фатэль перад ім, абабіты скураю – парэпанаю і выцертаю.