Ён захадзіў па пакоі і пачаў лічыць: “Гейст адзін, я другі, Ахоцкі трэці… Яшчэ дваіх знойдзем. І за чатыры або пяць гадоў зрабілі б мы тыя восем тысяч вопытаў, неабходныя для адкрыцця металу, лягчэйшага за паветра. Ну а тады?.. Што станецца з цяперашнім светам, калі з’явіцца першая лятальная машына без крылаў, без складаных механізмаў, а трывалая, як жалезны карабель?”
Яму здавалася, што вулічны шум за яго вокнамі ўзмацняецца і ахоплівае ўвесь Парыж, усю Францыю і Еўропу. І што галасы людзей зліваюцца ў адзін моцны вокліч: “Слава… Слава… Слава!..”
“З глузду з’ехаў?” – прамармытаў ён.
Ён хутка расшпіліў камізэльку, выцягнуў з-пад кашулі залаты медальён і адчыніў яго. Кавалачак металу, падобны да бронзы і лёгкі, як пух, быў на месцы. Гейст не падманваў яго, дарога да вялікага адкрыцця была разнасцежаная.
“Застаюся! – ціха прамовіў ён. – Ні Бог, ні людзі не прабачаць мне, калі я занядбаю падобны шанец”.
Ужо апусціўся змрок. Вакульскі запаліў газавую лямпу над сталом, дастаў паперу, пяро і пачаў пісаць:
“Мой Ігнацы! Хачу пагаварыць з табою пра вельмі важныя справы, а як у Варшаву я ўжо не вярнуся, дык прашу цябе, каб ты тэрмінова…”
Раптам ён кінуў пяро, нейкая трывога ахапіла яго ад тых слоў, якія ён напісаў: “у Варшаву я ўжо не вярнуся…”
“Чаму ж мне не вярнуцца?..” – ціха запытаўся ён.
“А навошта?.. Можа, каб ізноў спаткаць панну Ізабэлу, зноў страціць энергію?..”
“Мусіш, нарэшце, скончыць з гэтаю дуратою…”
Ён хадзіў і думаў:
“Вось дзве дарогі: адна вядзе да неверагодных рэформаў чалавецтва, а другая – да таго, каб выклікаць сімпатыю ў кабеты і нават, дапусцім, дамагчыся яе. Што выбраць?”
Бо гэта ж факт, што кожны новы і важны матэрыял, кожная новая сіла – гэта чарговы паверх цывілізацыі. Бронза стварыла цывілізацыю класічную, жалеза – сярэднявечча, порах скончыў сярэднявечча, а каменны вугаль пачаў дзевятнаццатае стагоддзе. Чаго тут вагацца? Металы Гейста дадуць пачатак гэткай цывілізацыі, пра якую нельга было і марыць. І хто ведае, ці яны наўпрост не палепшаць чалавечую пароду…
А з другога боку, што ж я маю?.. Кабету, якая ў прысутнасці гэткіх, як я, нуварышаў не пасаромелася б мыцца. Хто я ў яе вачах побач з тымі фарсунамі, якім пустыя размовы, пахвальбы, кампліменты – галоўны сэнс жыцця? Што гэты натоўп, уключна з ёю самою, сказаў бы, каб убачыў Гейста ў рыззі ды ягоныя вялікія адкрыцці? Яны гэткія цёмныя, што нават не здзівіліся б.
Дапусцім, я з ёю ажаніўся б, нарэшце, і што тады?.. Адразу ж у салон нуварыша ўбіліся б усе яўныя і таемныя ахвотнікі да амурных спраў, розныя кузіны, ды немаведама хто яшчэ! І зноў мусіў бы я рабіць выгляд, што не заўважаю іх позіркаў, мусіў бы прыкідвацца глухім, каб не чуць іх кампліментаў, далікатна ўхіляцца ад даверлівых размоў з імі. Пра што?.. Пра маю ганьбу і бязмозгасць?..
Праз год гэткага жыцця я, можа, прынізіўся б да таго, што стаў бы раўнаваць да падобных індывідаў…
Ах, ці не лепш кінуць сэрца галоднаму сабаку, чым аддаць яго кабеце, якая нават не здагадваецца, якая розніца паміж імі і мною.
Баста!..”
Ён ізноў сеў да стала і пачаў пісаць ліст Гейсту. Раптам спыніўся:
– Што ж я раблю? – прамовіў ён уголас. – Збіраюся даць абяцанне, а не ўладкаваў свае справы…
“Як змяніўся час! – думаў ён. – Даўней гэткі Гейст быў бы сімвалам шатана, з якім змагаецца за чалавечую душу анёл у выглядзе кабеты. А цяпер… як разабрацца: хто шатан, а хто анёл?..”
У гэты момант пастукаліся ў дзверы. Увайшоў гарсон і падаў Вакульскаму вялікі канверт.
“З Варшавы, – прашаптаў ён. – Ад Жэцкага?.. Шле мне ўсяго толькі другі ліст… Ах, ад старшынёвай!.. Можа, яна паведамляе мне пра шлюб панны Ізабэлы?..”
Ён разарваў канверт, але на момант затрымаўся з чытаннем. Сэрца ў яго калацілася.
“Усё адно!” – прамармытаў ён і пачаў чытаць:
“Мой каханы пане Станіславе! Добра ты бавішся, відаць, а падобна, нават у Парыжы, калі забыўся на сваіх сяброў. Магіла нябожчыка дзядзькі твайго па-ранейшаму чакае абяцанага каменя, і я хацела б параіцца з табою пра цукроўню, пабудаваць якую ўгаворваюць мяне на старасці гадоў. Пасаромейся, пане Станіславе, а перадусім пашкадуй, што не бачыш, як румянее твар панны Бэлы, якая цяпер у мяне і загарэлася, нібы кветка маку, пачуўшы, што я пішу табе. Каханае дзіцятка! Яна жыве ў цёткі па суседстве і часта мяне наведвае. Я здагадваюся, што ты ўчыніў ёй нейкую вялікую прыкрасць, дык не цягні з прабачэннямі і як мага хутчэй прыязджай да мяне. Бэла пабудзе тут яшчэ некалькі дзён, і ў мяне, можа, атрымаецца ўгаварыць яе прабачыць табе…”