Выбрать главу

Вакульскі рэзка падняўся ад стала, адчыніў акно і, стоячы пры ім, другі раз прачытаў ліст старшынёвай. Вочы ў яго гарэлі, на твары з’явіліся чырвоныя плямы.

Ён пазваніў раз, другі, трэці… Нарэшце, сам выбег на калідор, гукаючы:

– Гарсон! Гэй, гарсон!..

– Служу пану…

– Рахунак.

– Які?..

– Поўны разлік за апошнія пяць дзён… Поўны! Не разумееш?..

– Зараз? – здзівіўся гарсон.

– Неадкладна і… каляску на Паўночны вакзал… Неадкладна!

XXIV. ШЧАСЛІВЫ ЧАЛАВЕК У КАХАННІ

Вярнуўшыся з Парыжу, Вакульскі знайшоў у Варшаве другі ліст ад старшынёвай.

Старая настойліва запрашала яго як мага хутчэй прыехаць і пабыць у яе пару тыдняў.

“Не думай, пане Станіславе, – заканчвала яна свой ліст, – што я запрашаю цябе з-за тваіх поспехаў, каб пахваліцца знаёмствам з табою. Гэта здараецца, але не са мною. Я хачу толькі, каб ты адпачыў ад свае цяжкае працы, а можа, і пабавіўся ў маім доме, дзе, апроч гаспадыні, старое і нуднае, знойдзеш яшчэ таварыства маладых і прыгожых кабет”.

“Што мне да тых маладых і прыгожых кабет!” – прамармытаў Вакульскі. Але ў наступны момант яму стала цікава, пра якія гэта поспехі піша старшынёва? Няўжо нават у правінцыі ўжо ведалі пра ягоны заробак, хоць сам ён нікому пра гэта не казаў?

Словы старшынёвай, аднак, перасталі яго дзівіць, калі ён похапкам прагледзеў рахункі. З дня яго ад’езду ў Парыж гандлёвыя абароты крамы выраслі і раслі з тыдня на тыдзень. У справу з ім увайшло мноства новых купцоў, а адмовіўся толькі адзін, які напісаў пры гэтым рэзкі ліст, што ў яго не арсенал, а звычайная крама з тканінамі, дык ён не бачыць сэнсу падтрымліваць стасункі з фірмаю ягамосця Вакульскага, з якім да Новага года цалкам разлічыцца. Таваразварот быў такі вялікі, што пан Ігнацы пад уласную адказнасць арандаваў новы склад, наняў восьмага крамніка і двух экспедытараў.

Калі Вакульскі скончыў праглядаць кнігі (ён узяўся за іх адразу, прыехаўшы з вакзала, бо Жэцкі пра гэта дужа прасіў), пан Ігнацы адчыніў жалезную касу і з урачыстаю мінаю дастаў адтуль ліст Сузіна.

– Навошта такія цырымоніі? – зарагатаў Вакульскі.

– Карэспандэнцыю ад Сузіна неабходна захоўваць асабліва пільна, – са значэннем адказаў Жэцкі.

Вакульскі паціснуў плячыма і прачытаў ліст. Сузін прапаноўваў яму на зіму новую справу, амаль гэткую ж прыбытковую, як і парыжская.

– Што скажаш? – запытаўся ён у пана Ігнацы пасля таго, як пераказаў яму змест ліста.

– Мой Стаху, – адказаў крамнік, хаваючы вочы, – я гэтак табе давяраю, што каб ты нават горад спаліў, я не сумняваўся б, што зрабіў ты гэта з высакароднаю мэтаю.

– Ты невылечны рамантык, стары! – уздыхнуў Вакульскі і спыніў размову, бо зразумеў, што Ігнацы зноў падазрае яго ў нейкіх палітычных хітрыках.

Не адзін Жэцкі гэтак думаў. Як толькі Вакульскі прыйшоў дадому, ён знайшоў цэлы стос візітовак і лістоў. За час адсутнасці наведала яго не менш за сотню асоб уплывовых, тытулаваных, заможных, паловы якіх ён да гэтага не ведаў… Яшчэ цікавейшымі былі лісты. Гэта былі просьбы пра дапамогу або пратэкцыю да ўладаў цывільных і вайсковых, а таксама ананімкі, дзе пераважна лаяліся на яго… Адзін называў яго здраднікам, іншы – лёкаем, які гэтак прызвычаіўся прыслужваць у Гопфера, што цяпер добраахвотна апранае на сябе ліўрэю арыстакратыі, і нават больш, чым арыстакратыі. Іншы ананім папікаў яго апекаю над распуснаю кабетаю, іншы даносіў, што пані Стаўская – какетка і авантурыстка, а Жэцкі – ашуканец, які абкрадае яго з кватэрнаю платаю ў нованабытым доме і дзеліцца з адміністратарам, нейкім Вірскім.

“Відаць, нямала плётак кружыць пра мяне!..” – падумаў ён, пазіраючы на стос паперы.

На вуліцы таксама, наколькі паспеў заўважыць, ён быў аб’ектам агульнае зацікаўленасці. Шмат хто кланяўся яму, часам зусім незнаёмыя паказвалі на яго, былі, аднак, і такія, хто з відавочнай пагардаю адварочваўся ад яго. Сярод іх прыкмеціў ён двух знаёмых яшчэ з Іркуцка, і гэта яго прыкра закранула.

“Што гэта? – падумаў ён. – З глузду яны паз’язджалі, ці што?..”

На другі дзень свайго знаходжання ў Варшаве ён адпісаў Сузіну, што прымае прапанову і ў палове кастрычніка прыедзе ў Маскву. А познім вечарам ён паехаў да старшынёвай, маёнтак якой знаходзіўся за некалькі міль ад новапабудаванае чыгункі.

На вакзале ён заўважыў, што і тут ягоная асоба робіць уражанне. Сам начальнік станцыі прадставіўся яму і загадаў даць асобнае купэ. А кандуктар, які праводзіў яго да вагона, сказаў, што гэта менавіта ён збіраўся даць яму выгоднае месца, дзе можна спаць, працаваць або размаўляць без перашкод.