– Дзень добры! – выгукнуў барон, паціскаючы Вакульскаму руку зусім па-прыяцельску. – Пане гаспадар, гарбату для пана… Добрае надвор’е, праўда? Якраз праехацца на конях. А тут жартачкі!
– Што здарылася?
– Мусім чакаць коней, – пачаў тлумачыць барон. – Добра, што а другой ночы я паслаў дэпешу пра прыезд пана. Раней я пасылаў дэпешу з Варшавы, але начальнік кажа, што ён памыліўся і замовіў коней на заўтра. На шчасце, я тэлеграфаваў яшчэ і сёння з дарогі. А трэцяй паслалі адсюль эстафету, а шостай старшынёва атрымала тэлеграму, а восьмай, самае позняе, выслалі коней. Пачакаем яшчэ з гадзінку, пан можа агледзець наваколле. Вельмі прыгожая, пане, мясцовасць.
Пасля снядання яны выйшлі на перон. Наваколле адсюль выглядала плоскім і амаль бязлесым. Там-сям відаць былі купы дрэваў, а сярод іх – мураваныя будынкі.
– Гэта двары? – запытаўся Вакульскі.
– Так… Шмат шляхты жыве ў гэтым баку. Зямля выдатная. Расце лубін, канюшына.
– Не бачу вёскі, – заўважыў Вакульскі.
– Бо гэта дваровая зямля, а пан ведае прыслоўе: на дваровым полі шмат стагоў, а на сялянскім – шмат людзей.
– Я чуў, – раптам сказаў Вакульскі, – што ў старшынёвай збіраецца многа гасцей.
– Ах, пане! – выгукнуў барон. – Калі ўдалая нядзеля, дык нібы на балі ў Рэсурсе. З’язджаецца некалькі дзясяткаў чалавек. І сёння павінны мы заспець кампанію сталых гасцей. Ну, перадусім бавіцца там мая нарачоная. Далей – пані Вансоўская, прыгожанькая ўдоўка гадоў трыццаці, вельмі заможная. Здаецца мне, што круціцца вакол яе Старскі. Ведае пан Старскага?.. Непрыемная фігура, нахабнік… Мне дзіўна, як кабеце з гэткім розумам і густам, як пані Вансоўская, можа падабацца таварыства падобнай легкадумнай асобы.
– Хто ж яшчэ? – запытаўся Вакульскі.
– Яшчэ Фэля Яноцкая, стрыечная сястра маёй пані, вельмі мілае дзіця, мае гадоў васямнаццаць. Ну, яшчэ Ахоцкі…
– Ахоцкі там?.. Што ж ён робіць?
– Калі я ад’язджаў, дык ён цэлымі днямі вудзіў рыбу. Але густ у яго пераменлівы, дык я не ўпэўнены, ці не ўбачу цяпер яго ў якасці паляўнічага… Але які гэта шляхетны малады чалавек, які адукаваны!.. Ну і заслугі ўжо мае, зрабіў некалькі вынаходніцтваў.
– Так, гэта незвычайны чалавек, – згадзіўся Вакульскі. – Хто ж яшчэ бавіцца ў старшынёвай?..
– З пастаянных гасцей – гэта ўсе, але вельмі часта прыязджае на колькі дзён, а то і на тыдзень, пан Ленцкі з дачкою. У яе надзвычай далікатная натура, – працягваў барон. – Мае шмат рэдкіх якасцяў. Пан ведае? Шчаслівы той, каму яна аддасць руку і сэрца! Якая, пане, прыгажосць, які розум! Насамрэч, вартая пашаны, як сапраўдная багіня… Не знаходзіць пан?
Вакульскі разглядаў наваколле і не здольны быў нічога адказаць. На шчасце, у гэты момант выбег са станцыі слуга і паведаміў барону, што прыехала каляска.
– Цудоўна! – выгукнуў барон і даў яму некалькі злотых. – Занясі, каханы, нашы рэчы. Едзем, пане… Праз дзве гадзіны пабачыць пан маю нарачоную…
XXV. ВЯСКОВЫЯ ЗАБАВЫ
З чвэрць гадзіны спатрэбілася, каб скласці рэчы ў каляску. Вакульскі з баронам, нарэшце, селі, фурман у пясочнага колеру ліўрэі стрэліў бізуном у паветры, і пара сытых шэрых коней рушыла размеранай рыссю.
– О, рэкамендую пану пані Вансоўскую, – казаў барон. – Брыльянт, а не кабета, і якая арыгінальная!.. І не думае другі раз выходзіць замуж, хоць і падабаецца ёй, каб вакол яе было шмат кавалераў. Цяжка, пане, не захапляцца ёю, а захапленне – справа небяспечная. Вось і расквітваецца са Старскім за яго баламуцтва. Пан ведае Старскага?
– Бачыў яго раз…
– Свецкі чалавек, але непрыемны, – казаў барон, – антыпатыя маёй нарачонай. Ён гэтак дзейнічае ёй на нервы, што ў бядачкі псуецца настрой у ягоным таварыстве. Нічога дзіўнага, бо гэта абсалютна супрацьлеглыя натуры: яна сур’ёзная, а ён легкадумны, яна пачцівая, нават сентыментальная, а ён цынік.
Вакульскі, слухаючы гаворку барона, разглядаў наваколле, якое паволі змянялася. Праз паўгадзіны дарогі ад станцыі на даляглядзе паказаліся лясы, бліжэй – узгоркі, дарога вілася паміж імі, узбягала на вяршыні або спадала ў дол.
На адным з гэткіх узвышшаў фурман павярнуўся, паказаў бізуном наперад і сказаў:
– О, панства едзе брычкаю…
– Дзе? Хто? – загукаў барон ледзь не на козлы ўзбіваючыся. – А так! Гэта яны… Жоўтая брычка і гняды чацвярык… Цікава, хто там едзе? Няхай бы пан зірнуў…
– Здаецца, бачу нешта пунсовае, – адказаў Вакульскі.