– А, гэта пані Вансоўская. Цікава, ці там мая нарачоная?.. – дадаў барон цішэй.
– Там некалькі пань, – сказаў Вакульскі, думаючы ў гэты момант пра панну Ізабэлу.
“Калі яна едзе з імі, гэта добры знак,” – падумаў ён.
Экіпажы хутка збліжаліся. З брычкі чулася шчоўканне бізуна, воклічы, там махалі хусткамі, а з каляскі ўсё мацней высоўваўся барон і ажно дрыжаў ад узрушанасці.
Каляска спынілася, але брычка з разгону праляцела далей, як бура рогату і воклічаў, ды затрымалася праз некалькі крокаў.
Відавочна, там пра нешта шумна радзіліся і нешта прыдумлялі. Кампанія вылезла, а брычка праехала крыху далей.
– Добры дзень, пане Вакульскі! – закрычаў нехта з козлаў, махаючы доўгім бізуном.
Вакульскі пазнаў Ахоцкага.
Барон подбегам кінуўся да кампаніі. Насустрач яму выйшла дама ў белай накідцы з белам карункавым парасонам і павольна накіравалася да яго, выставіўшы наперад руку, з якой ападаў шырокі рукаў. Барон здалёк зняў капялюш і, калі падышоў да нарачонае, амаль схаваўся тварам у яе рукаў. Пасля выбуху чуласці – якім кароткім ён быў для яго, такім доўгім здаўся для іншых – барон раптам апрытомнеў і прамовіў:
– Дазволь, пані, я прадстаўлю пана Вакульскага, майго найлепшага прыяцеля… Ён нейкі час пабудзе тут, дык я адразу ж абавязваю яго ў маю адсутнасць займаць маё месца пры пані…
Ён зноў некалькі раз пацалаваў руку ў глыбіні рукава, адкуль і да Вакульскага працягнулася прыгожанькая ручка. Вакульскі паціснуў яе і адчуў стрыманы адказ. Ён зірнуў на даму ў белай накідцы і ўбачыў бяскроўны твар з вялікімі вачыма, у якіх заўважны быў сум і страх.
“Цікавая нарачоная!” – падумаў ён.
– Пан Вакульскі!.. – прадставіў яго барон двум паням і мужчыне, якія набліжаліся да іх. – Пан Старскі, – дадаў ён.
– Ужо меў прыемнасць… – азваўся Старскі, прыпадымаючы капялюш.
– І я, – адказаў Вакульскі.
– Як жа мы цяпер пасядзем? – запытаўся барон, бо пад’язджала брычка.
– Паехалі ўсе разам, – закрычала маладая бландзінка, якая была, як здагадаўся Вакульскі, паннаю Феліцыяй Яноцкаю.
– Бо ў нашай калясцы ўсяго два месцы… – соладка заўважыў барон.
– Я разумею, але нічога не атрымаецца, – азвалася прыгожым кантральта дама ў пунсовай сукенцы. – Нарачоныя паедуць з намі, а ў каляску няхай сядаюць, калі хочуць, пан Ахоцкі з панам Старскім.
– Чаму я? – закрычаў з козлаў Ахоцкі.
– Або я? – дадаў Старскі.
– Бо пан Ахоцкі кепскі фурман, а пан Старскі нязносны, – адказала рашучая ўдоўка.
Вакульскі заўважыў, што гэтая дама мае пышныя каштанавыя валасы і чорныя вочы, а твар яе вясёлы і энергічны.
– Ужо пані дае мне адстаўку! – камічна ўздыхнуў Старскі.
– Пан ведае, што я заўсёды даю адстаўку кавалерам, якія мяне нудзяць. Ну, але сядайма, панства. Нарачоныя наперад. Фэля – побач з Эвелінкаю.
– О, не, – запратэставала бландзінка. – Я сяду апошняя, бо бабуля не дазваляе мне сядаць разам з нарачонымі.
Барон хутчэй галантна, чым спраўна, падсадзіў нарачоную і сам сеў насупраць яе. Потым удоўка заняла месца побач з баронам, Старскі – побач з нарачонаю, а панна Феліцыя – побач са Старскім.
– Просім, – паклікала ўдоўка Вакульскага, падбіраючы фалды свае пунсовае сукенкі, якая заняла палову лаўкі.
Вакульскі сеў насупраць панны Феліцыі і заўважыў, што дзяўчо пазірае на яго з захапленнем і чырванее.
– Ці не маглі б мы прасіць пана Ахоцкага, каб ён лейцы аддаў фурману? – запыталася ўдоўка.
– Мая пані! Чаму ж пані вечна ганьбіць мяне! – абурыўся Ахоцкі. – Менавіта я буду правіць.
– Дык даю слова гонару, што адлупцую пана, калі пан нас выверне.
– Гэта мы яшчэ пабачым, – адказаў Ахоцкі.
– Чулі, панства, гэты чалавек мне пагражае! – закрычала ўдоўка. – Ці няма тут каго, хто б за мяне заступіўся?
– Я за пані адпомшчу, – паабяцаў Старскі на досыць паганай пальшчызне. – Перасядзем удваіх у каляску.
Прыгожая ўдоўка паціснула плячыма, барон зноў цалаваў ручкі сваёй нарачонай, якая ціха размаўляла з ім і ўсміхалася, але выраз смутку і страху не пакідаў яе твару.
У той час, калі Старскі перакідваўся жартамі з удоўкаю, а панна Феліцыя чырванела, Вакульскі разглядаў нарачоную. Яна заўважыла гэта, адказала яму ганарлівым позіркам і раптам ад бязмежнага смутку перайшла да дзіцячае весялосці. Сама паднесла барону руку для новага пацалунку і нават выпадкова кранула яго ножкаю. Яе закаханы быў гэткі ўзрушаны, што аж збялеў, а вусны яго пасінелі.
– Але ж пан нават уяўлення не мае, як трэба правіць! – крыкнула ўдава, якая працягнула раптам свой парасон, каб выцяць ім Ахоцкага.