У гэты момант Вакульскі выскачыў. Коні лейцавыя з’ехалі на сярэдзіну дарогі, дышлавыя пайшлі за імі, і брычка моцна нахілілася налева. Вакульскі падпёр яе, і коні, ужо схопленыя фурманам, спыніліся.
– Я ж казала, што гэтая пачвара нас выверне! – закрычала ўдава. – Што гэта такое, пане Старскі?!
Вакульскі азірнуўся на брычку, і на момант перад ім паўстала такая карціна: панна Феліцыя клалася ад рогату, Старскі ўпаў тварам на калені прыгожае ўдоўкі, барон трос за карак фурмана, а яго нарачоная, збялелая ад страху, адною рукою ўхапілася за козлы, а другою – упілася ў плячо Старскаму.
У імгненне вока брычка выраўнялася, і ўсё прыйшло ў норму. Толькі панна Феліцыя не магла супакоіцца ад рогату.
– Я не разумею, Фэля, як можна смяяцца ў гэткую хвіліну, – азвалася нарачоная.
– Чаму ж мне не смяяцца?.. Што кепскага магло зрабіцца?.. З намі ж едзе пан Вакульскі… – казала паненка.
Але яна схамянулася і пачырванела яшчэ больш. Спачатку яна схавала твар у далоні, а потым кінула на Вакульскага позірк, які мусіў азначаць, што яна моцна абражаная.
– Што да мяне, дык я гатовы замовіць некалькі падобных выпадкаў, – азваўся Старскі, выразна пазіраючы на ўдоўку.
– З умоваю, што мне не будуць пагражаць доказы панскае чуласці. Фэля, перасядзь на маё месца, – прамовіла ўдава і паморшчылася, усаджваючыся насупраць Вакульскага.
– Але ж пані сама сёння сказала, што ўдовам усё можна.
– Але ўдовы не ўсё дазваляюць. Не, пане Старскі, пан мусіць адвыкнуць ад сваіх японскіх звычак.
– Гэткія норавы па ўсім свеце, – адказаў Старскі.
– У кожным разе, не ў той палове свету, дзе мне ўсё звыкла, – з грымасаю адрэзала ўдоўка, пазіраючы на дарогу.
У брычцы стала ціха. Задаволены барон варушыў сваімі сіваватымі вусікамі, а яго нарачоная яшчэ больш пасмутнела. Панна Феліцыя, якая заняла месца побач з Вакульскім, амаль адвярнулася ад свайго суседа, час ад часу кідаючы на яго праз плячо фанабэрыстыя і пакрыўджаныя позіркі. Але за што? Гэта яму было невядома.
– Пан добра ездзіць конна? – спытала ў Вакульскага пані Вансоўская.
– Чаму пані так вырашыла?
– Ах, Божа, адразу “чаму”? Спачатку няхай пан адкажа на маё пытанне.
– Не асабліва добра, але езджу.
– Пан якраз мусіць добра ездзіць, бо адразу здагадаўся, куды завернуць коні ў руках гэткага майстра, як пан Юльян. Будзем ездзіць разам… Пане Ахоцкі, з сённяшняга дня я даю пану адпачынак ад прагулак.
– Я гэтым вельмі ўсцешаны, – адказаў Ахоцкі.
– Які прыгожы адказ дамам! – закрычала панна Феліцыя.
– Лепш я адкажу, чым буду адбываць з імі прагулкі. Калі мы апошні раз ездзілі з пані Вансоўскай, за дзве гадзіны я шэсць разоў злазіў з каня, а спакою не меў і пяці хвілін. Няхай зараз пан Вакульскі паспрабуе.
– Фэля, скажы гэтаму чалавеку, што я з ім не размаўляю, – азвалася ўдоўка, паказваючы на Ахоцкага.
– Чалавек, чалавек!.. – загукала Феліцыя. – Гэтая пані з вамі не размаўляе… Гэтая пані кажа, што пан няветлівы.
– А што, ужо засумавала пані па людзях з добрымі манерамі, – азваўся Старскі. – Няхай пані паспрабуе, можа, я і згаджуся прабачыць.
– Даўно пан прыехаў з Парыжа? – запыталася ўдоўка ў Вакульскага.
– Заўтра будзе тыдзень.
– А я ўжо не бачыла яго чатыры месяцы. Любімы горад.
– Заславак!.. – гукнуў Ахоцкі і махнуў бізуном, каб гучна стрэліць, аднак яму гэта не ўдалося, бо не надта ўдала пушчаны назад бізун зачапіўся за парасоны дам і капелюшы паноў.
– Не, панства, – закрычала ўдоўка, – калі хочаце, каб я ездзіла з вамі, дык звяжыце гэтага чалавека. Ён проста небяспечны.
На брычцы зноў стала шумна, бо Ахоцкі меў абаронцу ў асобе панны Феліцыі, якая сцвярджала, што як на пачаткоўца, ён добра правіць, што ў самых спраўных фурманаў здараюцца хібы.
– Мая Фельця, – адказала ўдоўка, – ты ў тым узросце, што ў цябе фурман добры, абы меў прыгожыя вочы.
– Сёння, нарэшце, у мяне будзе апетыт… – казаў барон сваёй нарачонай, але заўважыў, што гаворыць гучна, дык пачаў зноў шаптацца з ёю.
Яны ўжо знаходзіліся на тэрыторыі, якая належала старшынёвай, і Вакульскі разглядаў паселішча. На досыць высокім, хоць і пакатым узгорку стаяў двухпавярховы палац, які меў два, таксама двухпавярховыя, крылы. За ім зелянелі старыя дрэвы парку, перад ім рассцілалася нібы лугавіна з пратаптанымі сцежкамі, сям-там аздобленая клумбаю, статуяй або альтанкай. Пад узгоркам блішчала шырокае люстэрка вады, відавочна, сажалкі, на якой гайдаліся лодкі і лебедзі.
Светла-жоўты палац з белымі калонамі на тле зеляніны выглядаў прыгожа і весела. Справа і злева ад яго відаць былі мураваныя гаспадарскія пабудовы.