Выбрать главу

Пад стрэлы бізуна, якія гэтым разам удаліся Ахоцкаму, брычка па мармуровым мосце пад’ехала да палаца, толькі адным колам зачапіўшы траўнік. Падарожныя вылезлі. Ахоцкі, аднак, не аддаў лейцы, а яшчэ павёў экіпаж у стайню.

– Каб пан не забыўся, што а першай сняданне! – крыкнула яму ўслед панна Феліцыя.

Да барона падышоў стары слуга ў чорным сурдуце.

– Ясна пані зараз у спіжарні, – сказаў ён. – Можа, панове будуць мець ласку – да сябе.

І ён правёў іх да правае афіцыны, дзе паказаў Вакульскаму вялікі пакой, адчыненыя вокны якога выходзілі ў парк. Праз момант убег хлопец у ліўрэйнай куртцы, прынёс вады і пачаў распакоўваць валізкі.

Вакульскі вызірнуў у акно. Перад ім быў траўнік, аздоблены групкамі старых ядлоўцаў і ліп, за якімі віднеліся далёкія лясістыя пагоркі. Пад акном рос куст бэзу, а ў ім было гняздо, у якое заляталі вараб’і. Цёплы вераснёўскі вецер трапляў у пакой і прыносіў з сабою няўлоўны водар.

Госць глядзеў на аблокі, якія нібы чапляліся за верхавіны дрэваў, на струмені святла, якое прабіваліся скрозь цёмныя ядлоўцы, і было яму добра. Ён не думаў пра панну Ізабэлу. Яе вобраз, які спапяляў яму душу, развеяўся на тле простых чараў прыроды, боль сэрца суняўся і першы раз з даўняга часу пасяліўся там спакой ды цішыня.

Аднак ён прыгадаў, што ў адведзінах, дык хутка пачаў апранацца, і ледзьве паспеў скончыць, як далікатна пастукаліся ў дзверы. Увайшоў стары слуга.

– Ясная пані просіць да стала.

Вакульскі пайшоў за ім… Мінуў калідор і праз момант апынуўся ў вялікім сталовым пакоі, сцены якога да паловы былі абабітыя панэлямі з цёмнага дрэва. Панна Феліцыя размаўляла каля акна з Ахоцкім, а пры стале паміж пані Вансоўскаю і баронам у фатэлі з высокаю спінкаю сядзела старшынёва.

Убачыўшы свайго госця, яна паднялася і зрабіла некалькі крокаў да яго.

– Вітаю цябе, пане Станіславе, – сказала яна, – і дзякую, што ты прыслухаўся да мае просьбы.

А калі Вакульскі нахіліўся да яе рукі, яна пацалавала яго ў лоб, што зрабіла ўражанне на прысутных.

– Сядай жа вось тут, каля Казі. А ты, прашу цябе, не забывайся на яго.

– Пан Вакульскі заслужыў, – адказала ўдоўка. – Каб не яго пільнасць, пан Ахоцкі пераламаў бы нам косці.

– Што, зноў?..

– Ён не ўмее правіць нават параю коней, а рвецца – чацверыком. Па мне, дык лепш бы ён цэлымі днямі рыбу вудзіў.

– Божа, якое шчасце, што я не збіраюся ажаніцца з гэтаю кабеткаю, – уздыхнуў Ахоцкі, сардэчна вітаючы Вакульскага.

– О, пане, пане!.. Як ужо прапаноўвацца ў якасці мужа, дык заставайся лепш фурманам, – закрычала Вансоўская.

– Гэтыя вечна сварацца! – са смехам прамовіла старшынёва.

Увайшла панна Эвеліна Яноцкая, а праз пару хвілін пасля яе – з другіх дзвярэй – Старскі.

Яны павіталіся са старшынёвай, якая адказала ім зычліва, але паважна.

Падалі сняданне.

– У нас, пане Станіславе, – казала старшынёва, – гэтакі звычай, што збіраемся мы ўсе разам толькі да стала. А так кожны робіць, што хоча. Раю табе, калі баішся засумаваць, трымацца Казі Вансоўскае.

– Я адразу бяру ў няволю пана Вакульскага, – адказала ўдоўка.

– Вох, – уздыхнула старшынёва і кінула позірк на госця.

Панна Феліцыя пачырванела, невядома ўжо які раз за сёння, і загадала Ахоцкаму, каб той наліў ёй віна.

– Не, не… прашу вады, – паправілася яна.

Ахоцкі выканаў яе просьбу, ківаючы галавою і разводзячы рукі.

Пасля снядання, цягам якога панна Эвеліна размаўляла толькі з баронам, а Старскі заляцаўся да чарнавокае ўдавы, госці развіталіся з гаспадыняю і разышліся. Ахоцкі пайшоў на гарышча палаца, дзе ў адмысловым пакойчыку наладзіў метэаралагічную абсерваторыю. Барон з нарачонаю выбраліся ў парк, а старшынёва затрымала Вакульскага.

– Скажы мне, – спытала яна, – бо першае ўражанне бывае самае дакладнае, як табе падабаецца пані Вансоўская?

– Выглядае на разумную і вясёлую кабетку.

– Маеш рацыю. А барон?

– Я мала яго ведаю. Ён стары чалавек.

– О, стары, вельмі стары, – уздыхнула старшынёва, – але хочацца яму ажаніцца. А што скажаш пра яго нарачоную?

– Я зусім яе не ведаю, хоць мне і дзіўна, што яна ўпадабала барона, які, зрэшты, можа быць вельмі вартым чалавекам.

– Так, гэта дзіўная дзяўчына, – казала старшынёва. – І скажу табе, што я пачынаю губляць прыхільнасць да яе. У яе замужжа я не ўмешваюся, паколькі усе панны ёй зайздросцяць, а вакол сцвярджаюць, што яна робіць цудоўную партыю. Але тое, што яна мела атрымаць пасля мае смерці, пяройдзе да іншых. Таму, хто мае сотні тысяч барона, не трэба маіх дваццаці тысяч.

У голасе старой чулася раздражненне.