У канцы алеі паказалася панна Феліцыя.
– Што ж, хадзем, пане Юльяне? – звярнулася яна да Ахоцкага.
– Хадзем. І пан Вакульскі з намі.
– А! – здзівілася паненка.
– Пані супраць? – запытаўся Вакульскі.
– Наадварот, але… я думала, што пану будзе больш прыемна ў таварыстве пані Вансоўскае.
– Панна Феліцыя! – закрычаў Ахоцкі. – Толькі прашу не практыкавацца ў з’едлівасці, пані на гэта не здольная.
Абражаная панна пайшла наперад у бок сажалкі, панове – за ёю. Яны вудзілі да пятай вечара, хоць і прыпякала, бо дзень быў гарачы. Ахоцкі злавіў двухдзюймовага печкура, а панна Феліцыя падрала карункі на рукаве. У выніку гэтага ўсчалася паміж імі спрэчка пра тое, што маладыя панны не маюць уяўлення, як трэба трымаць вуду, а паны не могуць і хвіліны пасядзець моўчкі.
Памірыў іх толькі званок, які клікаў на абед.
Пасля абеду барон пайшоў у свой пакой (у гэты час ён заўсёды хварэў на мігрэнь), а рэшта таварыства мела намер сабрацца ў паркавай альтанцы, дзе звычайна частаваліся садавінаю.
Вакульскі прыйшоў туды праз паўгадзіны. Ён думаў, што будзе першы, але заспеў там ужо ўсіх паняў, якім Старскі нешта даводзіў. Ён усеўся на бярозавым фатэлі і з нуднаю мінай, пастукваючы дубчыкам па наску чаравіка, прамаўляў:
– Калі ў гісторыі адыгралі нейкую ролю шлюбы, дык не тыя, што заключаліся па ўпадабанні, але тыя, што па разліку. Ці ведалі б мы сёння пра Ядвігу ці пра Марыю Ляшчынскую, каб тыя пані не наважыліся на разумны выбар? Якая доля чакала Стэфана Баторы або Напалеона І, каб яны не ажаніліся з уплывовымі кабетамі? Шлюб занадта важны акт, каб, уступаючы ў яго, можна было кіравацца толькі сэрцам. Гэта не паэтычны саюз дзвюх душ, гэта важная падзея для мноства асоб і ўплыў на шматлікія справы. Калі сёння я ажанюся з пакаёўкаю, нават з гувернанткаю, дык заўтра я буду страчаны для свае сферы. Ніхто не будзе пытацца, якой тэмпературы былі мае пачуцці. Але – якія я маю даходы на ўтрыманне дому, і каго я прывёў у сям’ю.
– Адна справа палітычныя шлюбы, а іншая – шлюб дзеля грошай з чалавекам, якога не кахаеш, – адказала старшынёва і пачала барабаніць пальцамі па стале. – Гэта гвалт над святымі пачуццямі.
– Ах, каханая бабуля, – уздыхнуў Старскі, – добра казаць пра свабоду пачуццяў, калі маеш дваццаць тысяч рублёў у год. “Подлыя грошы, брыдкія грошы!” – крычаць усе. Але чаму ж усе, пачынаючы ад парабка і сканчаючы міністрам, знявольваюць сябе абавязкам працы? За што шахцёр і марак рызыкуюць жыццём? Вядома, за гэтыя подлыя грошы, бо подлыя грошы даюць свабоду, хоць пару гадзін у дзень, хоць пару месяцаў у год, хоць некалькі гадоў у жыцці. Усе мы крывадушна пагарджаем грашыма, але кожны з нас ведае, што гэта грунт, на якім вырастае асабістая свабода, навука, мастацтва, нават – ідэальнае каханне. Дзе ж, зрэшты, нарадзілася каханне рыцараў і трубадураў? Дакладна не паміж шаўцамі ды кавалямі, і нават не паміж дактарамі ды адвакатамі. Узгадавалі яго класы заможныя, якія стварылі кабету з далікатнаю скураю і белаю ручкаю, якія далі мужчыну, у якога было досыць часу на абагаўленне кабеты.
Сярод нас тут, зрэшты, ёсць прадстаўнік людзей дзеяння, пан Вакульскі, ён, як кажа сама бабуля, не аднойчы прадэманстраваў свой гераізм. Што цягнула яго ў небяспеку?.. Вядома, грошы, якія ў ягоных руках сталі сёння сілаю…
Стала ціха, усе пані скіравалі позіркі на Вакульскага. А той пасля невялікае паўзы адказаў:
– Так, мае пан рацыю, я здабыў свой капітал падчас цяжкіх выпрабаванняў, але ці ведае пан, навошта я яго здабываў?..
– Прашу прабачэння, – перапыніў яго Старскі, – я не раблю пану закідаў, я лічу гэта пахвальным прыкладам усім. Адкуль жа пан ведае, ці чалавек, які жэніцца або выходзіць замуж з-за грошай, не мае адначасова і высакародных мэтаў? Мае бацькі, падобна, пабраліся ад чыстага кахання, аднак жыццё іх не было шчаслівым, а пра мяне – плод іх пачуццяў – дык няма чаго і казаць… Тым часам, мая шаноўная бабуля, прысутная тут, выйшла замуж не па схільнасці, і сёння яна дабраславенне для ўсяго наваколля. Нават больш, – дадаў ён, цалуючы старшынёвай руку, – бо яна выпраўляе памылкі маіх бацькоў, якія гэтак былі занятыя каханнем, што забыліся і на маёнтак, і на мяне…